Аляксандар Лукашэнка сёньня прызначыў Натальлю Пяткевіч першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.
Ад лістапада 2004 году Пяткевіч была намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі. Фактычна яна замяніла на пасадзе першага намесьніка Анатоля Рубінава, сумнавядомага аўтара “школьнай рэформы” і змагара з рэлігіяй.
Натальлю Пяткевіч традыцыйна адносяць да лягеру лібэралаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Ёй даручаюцца і некаторыя далікатныя кантакты, якія не маглі да нядаўняга часу дазволіць сабе больш высокія афіцыйныя асобы. Напрыклад, Пяткевіч, сустракалася ў 2007 годзе ў адным з менскіх кафэ з намесьнікам памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэйвідам Крэймэрам, які перадаў праз яе амэрыканскае пасланьне беларускаму кіраўніцтву.
Таксама Пяткевіч не баіцца браць на сябе тлумачэньне некаторых балючых для насельніцтва крокаў, такіх як адмена льготаў.
Намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі сёньня прызначаны Мікалай Снапкоў, які дагэтуль займаў пасаду намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму.
Сяргей Алейнік прызначаны намесьнікам міністра замежных справаў з захаваньнем функцыяў Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла пры Сьвятым Прастоле.
Намесьнікам Гэнеральнага пракурора прызначаны Сяргей Мышкавец, які быў дагэтуль начальнікам управы па нагляду за выкананьнем заканадаўства. Ён замяніў на гэтай пасадзе Мікалая Купрыянава, які быў звольнены ў вынікі карупцыйнай “справы Сьнягіра”.
Нагадаем, што ў выніку скандалу вакол атрыманьня зямлі пад пабудову катэджаў у дачным таварыстве “Крынічны” паблізу вадасховішча былі зьнятыя з пасадаў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Шчурко, намесьнік Віктар Філістовіч. Сёньня новым намесьнікам міністра прызначаны начальнік упраўленьня ідэалёгіі МУС Анатоль Курылец.