У Музэі сучаснага мастацтва сёньня адчыняецца выстава “Дарога дадому”. Усе карціны, прадстаўленыя ў экспазыцыі, ствараліся паводле ўражаньняў ад родных мясьцін Васіля Быкава.
Больш як два дзясяткі аўтараў былі ўдзельнікамі пленэру, які ў жніўні 2008 году праходзіў на малой радзіме Васіля Быкава — у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну і ў яе ваколіцах. Плёнам іхнае працы сталіся больш за 50 партрэтаў, краявідаў і графічных твораў, якія цягам двух тыдняў змогуць паглядзець жыхары Віцебску.
Такія пленэры ладзяцца на Вушаччыне ўжо трэці год запар. Апошнім разам мастакі ня толькі выказалі жаданьне сабрацца ў быкаўскіх мясьцінах, але й зрабілі гэта за ўласныя грошы, без аніякай староньняй фінансавай падтрымкі.
Каардынаваў арганізацыю пленэру грамадзкі Цэнтар Язэпа Драздовіча, якім шмат гадоў кіруе колішняя вясковая настаўніца, заснавальніца мастацкай галерэі ў мястэчку Германавічы пад Шаркоўшчынай Ада Райчонак, гераіня дакумэнтальнай стужкі Ўладзімера Коласа “Галерэя Ады”. Летась гэты фільм атрымаў шэраг прэстыжных прэмій.