Пакупнікі працягваюць атакаваць менскія крамы

Каля вітрыны з электрапабытовымі таварамі ў крама “1000 дробязяў”

У крамах Менску працягваецца пакупніцкі ажыятаж. Масавы попыт на ўсе віды тавараў рэзка ўзрос ад 2 студзеня, калі стала вядома пра дэвальвацыю беларускага рубля. З гэтай прычыны бальшыня крамаў працуе без выхадных.

У сталічным ЦУМе гэтымі днямі — чэргі да касаў, вітрынаў і прымерачных кабінак. Гутару з прадавачкай аддзелу жаночага адзеньня:

Карэспандэнтка: “Ці больш стала людзей у вашым аддзеле? Што набываюць у асноўным?”

Прадавачка: “Паліто, футры. У нас тут салён футравых вырабаў, то шмат футраў набылі. Тут у нас жа такія тавары, што трэба, каб спадабалася: задаволіў колер, фасон. Але выбіраюць, дамерваюць і набываюць. Дзень на дзень не прыходзіцца: сёньня спакайней, а вось 2, 3, 4 чысла, пасьля сьвятаў, было вельмі шмат людзей”.

У чарзе да прымерачнай кабіны стаіць некалькі жанчын. Гутару з адной зь іх:

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, што набываеце вы?”

Спадарыня: “Звычайныя джынсы. А ўвогуле, я зьвярнула ўвагу, людзі вельмі набываюць тавары. Тут набываеш толькі самае неабходнае хаця б, зарабляючы грошы, а людзі, гляджу, зьмятаюць усё. Нават тыя ж лядоўні: хацела набыць — няма выбару. Пэўна, чагосьці чакаюць, чагосьці людзі баяцца”.

У аддзеле пабытовых электратавараў ЦУМу наведнікаў яшчэ больш. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: “Вы па нейкі тавар сюды прыйшлі?”

Спадар: “Хацелі пліту электрычную набыць”.

Карэспандэнтка: “Чаму зараз купляеце?”

Спадар: “Былі грошы, крыху, лішнія. Вось і вырашылі набыць”.

Карэспандэнтка: “Знайшлі?”

Спадар: “Знайшлі. Толькі вельмі дорага. Як убачылі кошты — зразумелі, што нам не па кішэні”.

Карэспандэнтка: “Вы нешта набылі?”

Сталая спадарыня: “Маленькую лядоўню, бо большай не хапіла. Грошы на сьмерць сабрала, трымала дома. Каб не прапалі, дык трэба ж іх на нешта патраціць”.

Карэспандэнтка: “Вы таксама нешта набылі, так?”

Садарыня: “Так, вы ведаеце, я набыла лядоўню. Я на іншае грошы зьбірала, але тут нейкі ажыятаж распачаўся. Таму я падумала, каб грошы не прапалі зусім, трэба набыць патрэбную рэч”.

Масавыя закупкі самых розных тавараў адбываюцца зараз ва ўсіх менскіх крамах. Вось што паведаміла адміністратарка крамы “1000 дробязяў”:

Адміністратарка: “У краме купляюць усё, літаральна ўсё — ад рондляў да лыжак-відэльцаў, усё. Усе выходныя мы перавыконваем плян”.

Карэспандэнтка: “Адчуваеце, што зараз больш людзей стала?”

Пакупнікі разьлічваюцца за набыткі
Адміністратарка:
“Больш. Мы нават у выхадныя працуем, хоць раней не працавалі”.

Карэспандэнтка: “Ну, вы задаволеныя?”

Адміністратарка: “Канечне, вельмі. Гэта ж нашыя грошыкі”.

Аднак ня ўсе людзі гэтымі днямі паддаліся на спакусу збыць астатнія беларускія рублі. Вось што сказаў адзін з наведнікаў крамы:

Спадар: “Ну, што можна набываць: дзьве лядоўні ў хаце трымаць ці тры пральныя машыны?”

Карэспандэнтка: “Тады што вы думаеце пра гэты ажыятаж?”

Спадар: “Вам па праўдзе сказаць? Па-першае, у людзей ёсьць грошы. А па-другое, наш урад павінен крыху па-іншаму такія рэчы праводзіць. Шокавая тэрапія — гэта не для нас”.