У чацьвер міліцыянты затрымалі лідэра “Моладзі БНФ” Франка Вячорку і адвезьлі яго ў Савецкі ваенкамат Менску. Па дарозе, зь міліцэйскай машыны, Франак паведаміў:
“Супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў прыватны дом у мястэчку Ракаў, дзе я знаходзіўся ў гасьцях. Без ордэру на вобшук яны адпіхнулі гаспадыню і затрымалі мяне паводле ордэру на затрыманьне і дастаўку мяне ў ваенкамат. Адзін зь міліцыянтаў, намесьнік начальніка Менскай гарадзкой міліцыі спадар Ачапоўскі на пытаньне, ці падпадае мястэчка Ракаў пад юрысдыкцыю менскай гарадзкой міліцыі, адказаў: маўляў, ёсьць загад і мы яго выканалі”.
Франак Вячорка патлумачыў, што дагэтуль яму не дасылалі ніякіх позваў з ваенкамату.
Нагадаем, 22 сьнежня Франка Вячорку таксама гвалтоўна затрымалі і адвезьлі ў ваенкамат. Актывіст сказаў, што абскардзіў гэтыя дзеяньні ў пракуратуры Савецкага раёну. Ён зьбіраецца абскардзіць і сёньняшнія дзеяньні міліцыянтаў, якія ўварваліся ў прыватнае жыльлё.
Франак Вячорка мае адтэрміноўку ад службы ў войску на 3 месяцы.