Цяпер самы час купляць беларускія тавары

З дэвальвацыяй беларускага рубля на рынках і ў крамах пачаўся рост цэнаў на самыя розныя тавары. За яго дынамікай на рынках Горадні сачыў карэспандэнт Свабоды.
На гарадзенскім рынку “Цэнтральны” адразу кідаецца ў вочы, што вырасьлі кошты на мандарыны, апэльсіны ды іншыя цытрусавыя. Цана вырасла на тысячу, а дзе-нідзе і на паўтары.

Рост коштаў, як пакупнікі, так і гандляры адназначна зьвязваюць з дэвальвацыяй беларускага рубля.

Прадпрымальнік Андрэй зьвяртае маю ўвагу, што цэны падскочылі ня толькі на цытрусавыя, але амаль на ўсе харчовыя тавары, якія імпартуюцца з-за мяжы.

Андрэй: “Гэта яшчэ гарбата, кава, кансэрвы. Да новага году я купляў тушонку за 6 тысяч, а зараз ужо за сем. Кошт макаронаў трошкі падвысіўся, пячэньня й г.д”.

Праўда, спадар дадае, што кожны з гандляроў спрабуе па-свойму падвышаць кошты, каб ня страціць пакупніка. Зь яго слоў, калі ў аднаго кошты падскочылі ўжо на 20%, то ў іншага толькі на 5-10%.

Другі прадпрымальнік, Анатоль, гаворачы пра цэны на прамысловыя тавары, зьвяртае ўвагу, што рост цэнаў адбыўся, але менш значны, чым на прадуктовыя тавары.

Анатоль: “Тыя, хто гандлюе прамысловымі таварамі, нават імпартнымі, коштаў амаль не падымаюць, працягваюць працаваць на маленькай маржы. Гандляры тонка адчуваюць, што з павялічэньнем коштаў попыт можа зусім зьнізіцца”.

Падсумоўваючы сытуацыю з ростам цэнаў, былы лідэр прадпрымальніцкага руху на рынку Валер Леванеўскі кажа, што рост цэнаў цяпер, як на імпартныя так і на айчынныя тавары, адбыўся толькі ў прыватнага бізнэса, паколькі ён здольны хутка рэагаваць на дэвальвацыю рубля.

Што ж датычыць дзяржаўных крамаў, то Леванеўскі кажа, што там адрэагуюць на гэта не раней, як з завозам новага тавару. Але ён лічыць, што гэта зручны час і для дзяржаўнага гандлю, паколькі людзі па старых цэнах падчысьцяць склады з заляжалым таварам.

Леванеўскі: “Я б сказаў так: сёньня час набываць беларускія тавары доўгатэрміновага карыстаньня, хто хоча такія набыць. Справа ў тым, што празь некалькі тыдняў кошты на іх вырастуць на 20-30%”.

Мяне цікавіць, што будзе адбывацца з цэнамі ў далейшым. Прадпрымальнік Андрэй кажа, што людзі адчуюць падвышэньне коштаў, калі гандляры пачнуць завозіць новыя партыі тавараў.

Андрэй: “Вось глядзіце: да прыкладу 30 даляраў было 66 тысяч. Цяпер па курсу 2700 ужо 81 тысяча, дадайце падатак. Гэта ўжо кошт аднае рэчы вырасьце больш як на 20 тысяч, альбо на 10 даляраў”.