На сьвяточным стале — поліўка, калдуны, саладуха

“Ці сьвяткуеце вы праваслаўныя Каляды? А калі сьвяткуеце, дык як?” Адказваюць вядомых ў Беларусі асобы.

Сяргей Антончык — аўтар вядомага дакладу пра карупцыю ў атачэньні прэзыдэнта Лукашэнкі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня — кажа, што адзначае Каляды абавязкова:

Сяргей Антончык
“Дзеці зьбіраюцца ўсе. Робім куцьцю, як маці мяне вучыла, як у нас у сям’і калісьці было”.

Спадар Антончык кажа, што сёньня ў яго на стале будуць абавязковыя для Калядаў тры стравы — грыбная поліўка з бульбай у мундзірах да яе, калдуны і саладуха:

“Бульба абавязкова павінна быць у мундзірах. Ня хлеб, ня вараная бульба, а толькі ў мундзірах — яна яшчэ пышыць, калі чыгунок адчыняеш. І ідзе над сталом бульбяны водар. І калі пачынаеш есьці яе з грыбной поліўкай, то тады і пачынаеш адчуваць сябе сапраўдным беларусам.

А да гэтага трэба яшчэ дадаць калдуны з душамі — бульбяныя, а ўнутры кавалачкі сальца. І запіць усё трэба саладухай. Тушыцца выцяжка з жытняй мукою, яна паўтара дні стаіць у печы. А потым яна пачынае закісаць і выдзяляецца салодкі квас. Тады ты разумееш, што Беларусь вялікая краіна са сваёй кухняй. А гэта вельмі важна — памятаць, што елі нашы продкі, што гатавалі нашы бабулі. Няможна адчуваць сябе беларусам і есьці сёньня, напрыклад, сыбірскія пяльмені. Я гэтага не разумею“.

Лявон Баршчэўскі
Для старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага праваслаўныя Каляды — таксама сямейнае сьвята. Мой званок засьпеў яго ў Маладэчне, дзе жыве сястра спадара Баршчэўскага:

“Чытаем малітву. Пасьля садзімся за сьвяточны стол. Віно чырвонае п’ем”.

Лявон Баршчэўскі параўноўвае праваслаўныя і каталіцкія Каляды:

“У праваслаўным сьвеце гэтае сьвята менш значнае, чым у каталіцкім. Тут Вялікдзень больш значны. Але ж сёньня ёсьць магчымасьць сустрэцца са сваякамі”.

Ніна Стужынская
Кандыдат гістарычных навук, старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская кажа, што яе сям’ю сёньня запрасіла ў госьці сяброўка:

“Адчуваньня сьвята ўжо няма. У нас сям’я — 50 на 50. З боку мужа — католікі, а з майго — праваслаўныя. Мы сьвяткуем, як і ўвесь сьвет. Потым быў Новы год. Наша сям’я яго сустрэла ў Парыжы. Можа, таму зараз адчуваньня сьвята няма. Яно як інэрцыя, ужо на сходзе”.

Ніна Стужынская як гісторык лічыць, што сьвяткаваць Каляды і католікам, і праваслаўным трэба ў адзін дзень — у ноч з 24 на 25 сьнежня:

“Сьвет сьвяткуе. А потым узьнікае пытаньне: ужо ж быццам адбылося Нараджэньне Хрыстова? А зараз — што?

Калі існавала, скажам так, монарэлігійная прастора, а то і ўвогуле атэістычная, дык тады такім пытаньнем не задаваліся. А калі сьвет адкрыўся, то і пытаньняў шмат узьнікае. Я асабіста бачу тут толькі адно — калясальныя амбіцыі ярархаў“.