Квартплата даражэе: няплатнікаў будзе больш

Са студзеня ў Беларусі новыя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. У сярэднім кватэрная плата павялічылася для кожнай сям’і на 21 тысячу рублёў, рост — амаль 15 адсоткаў.
Як вядома, адной з умоваў прадастаўленьня крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, зьяўляецца патрабаваньне, каб насельніцтва аплочвала максымальную частку камунальных плацяжоў. Гэта зручна й самім уладам, у якіх сёньня фінансавыя праблемы. З ростам квартплаты, аднак, непазьбежна павялічыцца запазычанасьць з боку той часткі насельніцтва, якая даўно ня плаціць за жытло.

Былы дэпутат Гарадзенскага гарадзкога савету Сяргей Кузьмянок робіць спробы стварыць у сваім мікрараёне камітэт самакіраваньня жыхароў. Адна з мэтаў — каб людзі маглі ўплываць на работу камунальных службаў і на якасьць паслугаў.

Кузьмянок: “На мой погляд, тут ня толькі патрабаваньні Эўразьвязу ці іншых краінаў наконт ста адсоткаў кватэрнай платы важныя, сто адсоткаў мы й цяпер можам плаціць, але паслугі камунальныя павінны быць прыватныя. Тады і штаты будуць скарачацца, і таньней усё будзе. Калі зьвярнуцца, напрыклад, да службы энэргетыкі, то ў параўнаньні з 1985 годам штат павялічыўся амаль у два разы, а нагрузкі засталіся тыя ж, дык аб чым можна размаўляць? Прычым працоўны пэрсанал застаўся той жа, а кіраўніцтва амаль удвая павялічылася. А ўсіх іх карміць трэба”.

Сяргей Кузьмянок цікавіўся разьвіцьцём камунальных службаў у суседніх краінах.

Кузьмянок: “Раней нас палохалі Захадам, але я сустракаўся неаднойчы з кіраўнікамі прадпрыемстваў менавіта камунальных паслугаў, якія сталі прыватнымі, і паслугі сталі таньнейшыя, і якасьць стала лепшай. Гэта і Літва, і Польшча, і Чэхія”.

Праўда, спадар Кузьмянок зазначае, што агулам камунальныя плацяжы там каштуюць нямала, але й заробкі высокія ў людзей. А ў Беларусі нават цяперашняя кватэрная плата забірае значную частку заробку. На Гарадзеншчыне тысячы сем’яў зусім адмаўляюцца плаціць за жытло, многія рэальна ня маюць на гэта грошай. У Гарадзенскай абласной управе жыльлёва-камунальнай гаспадаркі мне паведамілі наступнае:

Спадарыня: “Увогуле запазычанасьць пратэрмінаваная зьніжаецца, у нас дзейнічае сыстэма мераў. Яна зьнізілася ў параўнаньні з 1 студзеня 2008 году на 422 мільёны рублёў, хаця летась быў рост цэнаў на камунальныя плацяжы”.

Колькі людзей у вобласьці ня плацяць за кватэру?

Спадарыня: “У нас была колькасьць асабістых рахункаў з пратэрмінаванай задоўжанасьцю 14844, а цяпер 14232 засталіся. А па суме атрымліваецца 3 мільярды 26 мільёнаў запазычанасьць”.

Такім чынам, камунальныя службы не атрымалі ад насельніцтва Гарадзенскай вобласьці больш за тры мільярды рублёў. Паколькі кватэрная плата зноўку падаражэла, запазычанасьць з боку неплацельшчыкаў павялічыцца, пагаджаюцца камунальнікі. Якім чынам ім удалося летась прымусіць больш за шэсьцьсот сем’яў пагасіць задоўжанасьць?

Спадарыня: “Высылаюцца папярэджаньні аб адключэньні камунальных паслугаў, за 11 месяцаў 2008 году іх выслана 20572. Адключаны 2004 карыстальнікі. Пададзена іскавых заяваў у суд — 4036, каб спагнаць задоўжанасьць”.

Самая крайняя мера — высяленьне неплацельшчыкаў. 11 чалавек у вобласьці выселілі з кватэраў у меншае памяшканьне, а яшчэ 10 выселілі з жытла ўвогуле.