Дэвальвацыя беларускага рубля, якая адбылася ў першыя дні новага году, прыкметна адбілася на гандлёвым абароце ў крамах і на рынках Гарадзеншчыны. Людзі спяшаюцца пазбавіцца ад абясцэненых рублёў.
У Горадні гандлёвы бум адчуваўся як у крамах, так і на рынках. Намесьніца дарэктара гандлёвага дому “Нёман” Натальля Дадаян:
“Нягледзячы на тое, што былі выходныя дні, гандаль вёўся вельмі актыўна: добра прадавалася бытавая тэхніка, радыёапаратура, ды ўсё... і тавары лёгкай прамысловасьці, адзеньне. Вельмі актыўны гандаль, нягледзячы на сьвяточныя дні”.
У Лідзе прадавец крамы “Гарызонт”, дзе можна набыць бытавую тэхніку й апаратуру, ахарактарызаваў гэтыя дні як ажыятажныя:
“Куплялася ўсё: тэлевізары, лядоўні, пралькі, кухонныя камбайны, мясарубкі, усё-ўсё. Гэта выклікала ажыятаж у насельніцтва. Мы далі палову месячнага гандлёвага абароту за тры дні”.
Прадавачка крамы “Гарызонт” з Наваградку на пытаньне — ці вырас попыт на тавары ў іх краме на пачатку году.
Спадарыня: “Пакуль не”.
Карэспандэнт: “А ў выходныя шмат людзей наведвалася ў краму?”
Спадарыня: “Ды не, ня шмат, як звычайна”.
У Слоніме спадар, які гандлюе бытавой тэхнікай на рынку, таксама ўсплёску гандлю не заўважыў.
Спадар: “Людзі толькі ўсе крычаць, што даляр падняўся. А які можа быць ажыятаж, калі ў людзей грошай няма?”
У мэблевай краме ў Горадні загадчыца задаволена кажа, што продажы павялічыліся.
Спадарыня: “Досыць нашмат, адсоткаў на 70”.
Карэспандэнт: “А што найлепей прадаецца?”
Спадарыня: “У асноўным мяккая мэбля, тое, што дарагое, у што можна ўкласьці грошы й што яшчэ засталося па старых коштах”.
Карэспандэнт: “А новыя цэны хутка зьявяцца?”
Спадарыня: “У асноўным на ўсю прадукцыю ўжо ёсьць”.
Карэспандэнт: “І нашмат яны вырасьлі?”
Спадарыня: “У асноўным на 20%”.