Як адбілася раптоўная дэвальвацыя беларускага рубля на гандлі?
Менскі ЦУМ, сэкцыя электратавараў. Тут стаіць чарга, як напярэдадні Новага году, калі ўсе куплялі падарункі. З чым зьвязаны ажыятаж? Тлумачыць прадавец:
“Мяркую, гэта з-за таго, што паднялі курс даляра. Неверагодны наплыў пакупнікоў”.
Пытаюся ў чаргі, ці зьвязаныя іх пакупкі зь сёньняшняй дэвальвацыяй. Кажа пакупнік Анатоль:
“Вядома, паўплывала. Беларускія рублі трэба тэрмінова збагрыць, а што зь імі рабіць? Гэта ж паперкі, а шмат рэчаў трэба набыць. На рынках гандляры ўжо пералічылі кошты, хутка тое ж будзе і ў крамах”.
Раніцай Анатоль ужо наведаў аўтамабільны рынак. Купіў масла для сваёй машыны, але ўжо ў паўтара раза даражэй, чым летась. Паводле Анатоля, гандляры паднялі кошты і на запчасткі. Мой суразмоўца мяркуе, што хутка падымуцца кошты і ў дзяржаўных крамах, таму ён, не адкладаючы, пайшоў атаварвацца ў ЦУМ.
Іду ў яшчэ адзін флягман дзяржаўнага гандлю — ГУМ. У аддзеле ГУМа на вуліцы Леніна, дзе гандлююць замежнай вопраткай, прадавачка кажа: цэньнікаў не мянялі, бо не было загаду. Але і пакупнікоў тут амаль няма. А вось у аддзеле, дзе прадаюць тэлевізары, не праціснуцца, як на ўваходзе ў мэтро. Толькі што прадалі “Panasonic” з плазьменным экранам больш як за 2 мільёны. Прадавец кажа пра кошты:
“На гэтую сэкунду кошты тыя ж самыя. Але зразумела, што калі прыйдзе новая партыя тавару, то падвысяць. За дзякуй ніхто завозіць ня будзе і прадаваць за дзякуй ня будзе”.
Распытваю ў пакупнікоў ГУМа, як яны ставяцца да дэвальвацыі:
“Гэта нармальная зьява. Відаць, яна зьвязаная з падзеямі ў сусьветнай эканоміцы. Але дэвальвацыя, безумоўна, адаб’ецца і на маім гаманцы, бо калі ўзрасьце даляр, дык і ўсе кошты падымуцца. Але ж сказалі, што і заробкі падымуцца. Гэта таксама ёсьць”.
Пэнсіянэрка Натальля Сяргееўна пра дэвальвацыю даведалася сёньня раніцай. Жанчына заклапочаная. Пэнсія ў яе — 400 тысяч, і Натальля Сяргееўна ня верыць, што падвышэньне пэнсіі кампэнсуе падвышэньне коштаў.
“Ня веру. У нас усё абяцаюць, а лепш не становіцца. Вы ведаеце, як мы жывем самі. Што казаць. А зараз яшчэ горш стане: вось яшчэ падымуць камунальную плату...”
А што рабілася ў крамах на ўскраінах сталіцы? У мікрараёне Сухарава ва ўнівэрсаме “Максымус” камэрцыйныя крамы да заўтра зачыненыя, а харчамі гандлююць па ўчорашніх коштах. “Новых паступленьняў імпарту не было, і кошты мы не зьмянялі. Калі загадаюць, тады заменім”, — патлумачыла супрацоўніца “Максымуса”.