На кірмашах Віцебшчыны сёньня адбываецца масавае падаражэньне тавараў: прадпрымальнікі кажуць, што інакш пасьля дэвальвацыі рубля яны ня змогуць выплочваць падаткі, якія суадносяцца з курсам эўра. А некаторыя з рынкавых гандляроў пэўныя, што цяпер найбольш прыбытковым бізнэсам стане ня ўвоз, а вываз тавараў зь Беларусі.
Многія прадпрымальнікі віцебскіх кірмашоў ад самае раніцы мянялі цэньнікі на таварах. Кошты на імпарт вырасьлі проста на вачох у пакупнікоў: да прыкладу, італьянскія сумкі ў гандлёвым цэнтры “Эўропа” каштуюць ужо ня 80, а 110 тысяч. А самыя танныя расейскія калготкі на Смаленскім кірмашы, якімі гандлюе спадарыня Тацяна, падаражэлі ў сярэднім на 1,5 тысячы рублёў.
“Мінімум на тысячу трэба падвысіць кошт кожнай пары, інакш нічога не заробіш. Але дакладна я яшчэ не лічыла, калі шчыра — проста ў жаху была ад гэтага абвалу. Цяпер жа падвысіцца і падатак, бо ён прывязаны да эўра, і гандлёвы каэфіцыент падвысілі, так што падаткі будуць унушальныя. Таму ўсе кажуць, што трэба зачыніць працоўныя месцы і зрабіць пераразьлік. Ну, прэзыдэнт жа сказаў, што з задавальненьнем пацісьне руку апошняму прадпрымальніку”, — разважае гандлярка Тацяна.
Прадпрымальнікі, якія завозяць на Віцебшчыну тавары з Расеі ды іншых краін, кажуць, што наступствам дэвальвацыі рубля стане зьмяншэньне пакупніцкай здольнасьці. Людзей змусяць адмаўляцца ад даражэйшых імпартных тавараў і прадуктаў на карысьць айчынных.
Але на памежнай са Смаленскай вобласьцю Віцебшчыне наяўнасьць таньнейшых у параўнаньні з расейскімі тавараў можа зноў адрадзіць “кантрабандны бізнэс” — масавы вываз прадуктаў харчаваньня за бліжэйшую ўсходнюю мяжу.
У сярэдзіне 1990-х гадоў гандаль беларускімі малочнымі ды мяснымі прадуктамі проста каля Смаленскага чыгуначнага вакзалу быў зьявай звычайнай. І пасьля дэвальвацыі беларускага рубля такі прыватны бізнэс можа набыць нашмат большы размах.
Віцебская прадпрымальніца спадарыня Тацяна некалі й сама вазіла прадукты на продаж у Смаленск. Цяпер яна не выключае, што да гэтага занятку давядзецца вярнуцца — але калі тутэйшая міліцыя ня будзе дужа актыўна змагацца з “кантрабандыстамі”:
“Мне здаецца, на мытні машыны будуць правяраць і ў цягніках паставяць нарады міліцыі, каб абшукваць вялікія сумкі. “Пакажыце, што везяце!” Мае сэнс везьці тое, што ў Расеі купяць — да прыкладу, нашы малочныя прадукты. А вось абутак — ён і ў нас дарагі — у Расеі не прадасі, мне так здаецца!”
Начальнік аддзелу грамадзкіх сувязяў управы МУС Віцебскага аблвыканкаму Андрэй Семяніхін кажа, што яму нічога не вядома пра нейкія захады супраць верагоднага масавага вывазу беларускіх тавараў у Расею:
“Я не ўпаўнаважаны даваць такія камэнтары, таму мне цяжка нешта вам сказаць. Я пра гэта нічога ня ведаю”.
Аднак гэткім словам патэнцыйныя саматужныя камэрсанты веры надта не даюць: кажуць, што і пра дэвальвацыю рубля, і пра тое, што давядзецца шукаць “кантрабандных” шляхоў выжываньня, іх ніхто таксама загадзя не папярэджваў.