Пад новы год - у ваенкамат

Актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітру Хведаруку і Паўлу Кур’яновічу супрацоўнікі міліцыі ўручылі позвы ў ваенкаматы.

30 сьнежня а 7 раніцы супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па Паўла Кур’яновіча. Спачатку хлопца прывезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску, дзе папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасьць, калі той у навагоднюю ноч будзе ўдзельнічаць у якой-колечы вулічнай акцыі. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў ваенкамат на мэдычную камісію.

Павал мае адтэрміноўку да 2013 году, бо вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Але яму сказалі, што гэта ня мае ніякага значэньня.

Зьмітра Хведарука міліцыянты прывезьлі ў ваенкамат за некалькі гадзінаў да сьвяткаваньня Новага году. Яму прыгразілі службай у войску, бо ён прынёс даведку з каледжу, дзе вучыцца, у сьнежні, а ня ў верасьні.

Службай у войску пагражаюць і маладафронтаўцу Івану Шылу, выключанаму з салігорскай школы. Не атрымаўшы атэстату, ён з гэтай прычыны ня мог паступаць у ВНУ.