2,5 мільярда даляраў ад МВФ ураду пад ёлачку

Дырэктар-распарадчык Міжнароднага валютнага фонду Дамінік Строс-Кан

Місія Міжнароднага валютнага фонду й урад Беларусі дасягнулі пагадненьня пра эканамічную праграму тэрмінам на 15 месяцаў, у рамках якой Беларусі будзе вылучаны стабілізацыйны крэдыт у памеры каля 2,5 мілярда даляраў.

Як паведамляецца ў прэсавым рэлізе МВФ, з такой заявай выступіў 31 сьнежня дырэктар-распарадчык Міжнароднага валютнага фонду Дамінік Строс-Кан (Dominique Strauss-Kahn).

Ён удакладніў, што гэтае пагадненьне ня ёсьць канчатковым і мусіць быць ухвалена Радай дырэктараў МВФ, якая зьбярэцца ў студзені 2009 году.

Першы транш у памеры каля 800 мільёнаў даляраў Беларусь зможа атрымаць адразу ж па ўхваленьні праграмы Радай дырэктараў МВФ.

“Цяпер Беларусь знаходзіцца ў складанай эканамічнай сытуацыі. Эканоміка краіны расла ўражвальнымі тэмпамі цягам некалькіх гадоў, але цяпер выразна бачныя прыкметы „перагрэву“. Апроч таго, на Беларусь свой уплыў займеў і глябальны эканамічны крызіс. Таксама назіраецца пагаршэньне ўмоваў гандлю, у сталых гандлёвых партнэраў падае попыт на беларускую прадукцыю”, — сказаў сп. Строс-Кан.

Ён таксама канстатаваў праблемы з прыцягненьнем вонкавага фінансаваньня, што прывяло да зьніжэньня памеру міжнародных рэзэрваў Беларусі.

Паводле ягоных слоў, “урад Беларусі робіць цэлы шэраг захадаў па прадухіленьні скарачэньня золатавалютных рэзэрваў і аднаўленьні эканамічнай стабільнасьці, што станецца падмуркам для ўзнаўленьня эканамічнага росту”.

Праграма МВФ паспрыяе Белаурсі ў адаптацыі да зьнешніх шокаў і зробіць беларускую эканоміку менш уразьлівай, лічыць ён.

“Прапанаваныя ў рамках праграмы меры прадугледжваюць узмацненьне жорсткасьці манэтарнай і курсавай палітыкі, фіскальныя абмежаваньні, у прыватнасьці, зьніжэньне ўзроўню дзяржаўнай падтрымкі банкаў і скарачэньне заробкаў у невытворчым сэктары”, — адзначыў Строс-Кан.

“У сфэры сацыяльнай палітыкі сродкі будуць вылучацца толькі на фінансаваньне самых неабходных выдаткаў”, — падкрэсьліў ён.

Захады, якія робіць урад Беларусі, апраўдваюць выключны ўзровень доступу да рэсурсаў МВФ, што эквівалентна 420% квоты Беларусі ў МВФ, падкрэсьліў Строс-Кан і заклікаў да падтрымкі Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці.

Як паведамлялася, Беларусь вяла перамовы з МВФ пра вылучэньні стабілізацыйнага крэдыту на $2 млрд з 27 кастрычніка 2008 году.

Беларусь матывавала просьбу неабходнасьцю стварэньня “падушкі” бясьпекі для стрымліваньня пасьледкаў сусьветнага фінансавага крызісу на эканоміку й фінансавую сыстэму краіны.

Асноўнай праблемай Беларусі ў сувязі з гэтым ёсьць рост чыстага попыту на ўнутраным валютным рынку з-за ўзмацненьня дэфіцыту зьнешняга гандлю, што прыводзіць да скарачэньня золатавалютных рэзэрваў і пагрозы стабільнасьці нацыянальнай валюты. Гэтак, нягледзячы на залічэньне ў золатавалютны запас 18 лістапада мільярда даляраў расейскага стабкрэдыту, золатавалютныя запасы паводле стандартаў МВФ скараціліся за лістапад на $276,4 млн, ці на 6,8%, да $3775,4 млн у сувязі з праведзенымі Нацбанкам інтэрвэнцыямі на ўнутраным валютным рынку.



Беларусь ёсьць сябрам МФВ з 1992 году. За час супрацоўніцтва з фондам Беларусь атрымала ад МВФ у суме тры траншы крэдыту ў 1993—1995 гадах. Пасьля фонд спыніў вылучэньне крэдытаў Беларусі з-за неадпаведнасьці эканамічнай палітыкі ўраду рэкамэндацыям фонду.

Цяпер Беларусь ня мае абавязкаў па раней атрыманых крэдытах МВФ — апошні плацёж быў праведзены 1 лютага 2005 году.

Да канца лютага 2009 году Беларусь таксама чакае другі транш расейскага стабкрэдыту, яшчэ на мільярд даляраў.