Праз БССР — да Вялікага Княства Літоўскага?

Герб БССР на “Браме Менску” на Прывакзальнай плошчы

Кіраўніцтва Беларусі выяўляе настальгічныя пачуцьці па часах Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Напярэдадні ў канцэртнай залі “Мінск” пад старшынствам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея адбыўся ўрачысты сход з нагоды 90-годзьдзя ўтварэньня БССР. Падчас пасяджэньня было заяўлена: на пачатку 1919 году быў закладзены падмурак, на якім грунтоўна стаіць сучасная Рэспубліка Беларусь. Нагадаем, што БССР была абвешчаная 1 студзеня 1919 году ў Смаленску.

У звароце да ўдзельнікаў пасяджэньня з нагоды 90-гадовага юбілею БССР Аляксандар Лукашэнка адзначыў: “Абвяшчэньне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дазволіла кансалідаваць нацыю, разьвіць сваю самабытную культуру”. Па словах Лукашэнкі, выбітныя посьпехі ў прамысловасьці і аграрнай сфэры, разьвіцьцё навукі і культуры, правядзеньне міралюбівай палітыкі, дасягнутыя ў пэрыяд існаваньня БССР, “былі і застаюцца надзейнай базай для забесьпячэньня рэальнага сувэрэнітэту беларускай дзяржавы”.

Гісторык Валянцін Мазец у такім пільным звароце да часоў абвяшчэньня БССР бачыць станоўчы момант. На яго думку, такім чынам у беларускага кіраўніцтва ўсё больш акрэсьліваецца тэндэнцыя на цікавасьць да гісторыі беларускай дзяржавы. І тое, што акцэнт робіцца найперш на савецкую мінуўшчыну, паводле экспэрта, не азначае, што наступным разам улады не пачнуць капаць глыбейшыя гістарычныя пласты. У якасьці прыкладу Валянцін Мазец прыводзіць выпадак з уласнага досьведу: у сакавіку, напярэдадні 90-годзьдзя ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ён чытаў лекцыю на тэму ўтварэньня БНР перад актывам БРСМ. Яшчэ год таму пра такі інтарэс немагчыма было нават падумаць:

“Пачакайце, ня ўсё адразу. Усё робіцца паступова. Пазыцыі вяртаюцца крок за крокам. Увогуле да гэтага году хто-небудзь мог прадбачыць, што выйдуць навукоўцы і ва ўрадавай газэце „Советская Белоруссія“ будуць публічна абмяркоўваць праблему БНР? А потым без купюраў (я проста сам вычытваў свой тэкст) будзе надрукаваная гэтая дыскусія ў прэзыдэнцкай газэце? Яшчэ зусім нядаўна такое нельга было нават уявіць. Таму якраз назіраецца вельмі станоўчая тэндэнцыя, і гэта трэба адзначыць. Справа ў тым, што крызіс усё абвастрае. Ня толькі эканамічныя адчуваньні, але і маральна-пачуцьцёвыя. Магчыма, адсюль і гэтая настальгія па сваім мінулым. Спачатку яна сягае на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Але потым яна будзе ісьці далей, глыбей, пашырацца. Гэта абсалютна заканамерны працэс. І вяртаньне гістарычнай памяці — гэта лягічная зьява”.

Да юбілею абвяшчэньня БССР беларускія тэлеканалы падрыхтавалі шэраг дакумэнтальных фільмаў. У прыватнасьці, “Сталічнае тэлебачаньне” паказала стужку “Гісторыя БССР”, а ОНТ — “Зваротны адлік”. З заявамі на гэты конт выступілі многія афіцыйныя чыноўнікі. У прыватнасьці, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка падзею 90-гадовай даўнасьці паводле важнасьці параўнаў з абвяшчэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі. Па словах Андрэйчанкі, першая спроба абвясьціць незалежнасьць Беларусі 25 сакавіка 1918 году пацярпела няўдачу перадусім з-за таго, што фактычна ўлада на тэрыторыі краіны тады належала нямецкім акупантам.

Як лічыць сьпікер парлямэнту, па сутнасьці абвяшчэньне ў Смаленску часовым рабоча-сялянскім урадам Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь перасьледавала тыя ж мэты, што і ў выпадку з БНР — рэалізаваць імкненьні беларусаў да нацыянальнай самастойнасьці.

Як кажа гісторык Валянцін Мазец, само па сабе жаданьне дзяржавы нарэшце павярнуцца да гістарычнай мінуўшчыны — няхай сабе і праз зварот да савецкай гісторыі — мае станоўчы эфэкт:

“Улічваючы тое, што кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Макей ня толькі свой даклад чытаў, але, калі адрываўся ад паперкі, на добрай беларускай асобна рабіў камэнтары, то ў мяне такое адчуваньне, што ў адміністрацыі прэзыдэнта устойлівыя тэндэнцыі на зварот да ўмацаваньня дзяржаўнасьці. Як прафэсійны гісторык я адсочваю ўсе тыя тэндэнцыі, якія адбываліся. Прынамсі яшчэ год таму, калі рыхтавалі канфэрэнцыю да юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі, то тэндэнцыі былі зусім іншыя. А вось калі зьмянілася кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта, то і памянялася карэнным чынам тэндэнцыя”.



Напярэдадні новага 1919 года ў тагачасным беларускім Смаленску сабраліся прадстаўнікі партыйных арганізацый. Па выніках зьезду было прынятае рашэньне аб абвяшчэньні былой Заходняй камуны самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусь. Гэты зьезд афіцыйная гісторыя лічыць кропкай адліку ў фармаваньні беларускай дзяржаўнасьці.