Завод — на канікулы, дырэктар — у губэрнатары

Ля ліфтавага заводу — нязвыкла пустая аўтастаянка

Магілёўскі абласны савет дэпутатаў сёньня зацьвердзіў прапанаваную Аляксандрам Лукашэнкам кандыдатуру Пятра Рудніка на пасаду старшыні абласнога выканаўчага камітэту. На сэсіі аблсавету прысутнічаў і сам Лукашэнка. Тым часам завод ліфтавага машынабудаваньня, якім кіраваў пяць гадоў Руднік, да пятага студзеня прыпыніў сваю працу. Пра гэта паведамілі яго работнікі. Асноўныя пакупнікі завадзкой прадукцыі, расейцы, значна зьменшылі аб’ёмы яе закупаў.

Работнікі кажуць, што ў вымушаным адпачынку яны ад 29 студзеня:

“Нам сказалі напісаць тры дні сваім коштам: 29, 30 і 31-га. Такім чынам мы да пятага чысла, гэтак мовіць, на канікулах. А далей невядома, што будзе. Нам не гаварылі”, — паведаміў адзін з работнікаў заводу.

Паводле яго, перад адпачынкам у рабочым асяродзьдзі адчувалася нэрвознасьць менавіта з-за адсутнасьці канкрэтнай інфармацыі пра тое, як будзе працаваць завод ва ўмовах фінансавага крызісу.

“Пра крызіс жа ўсе ведаюць. Розныя чуткі ходзяць. З усіх бакоў ідзе інфармацыя, што паўсюдна праблемы. Натуральна, што і ў нас неспакойна”.

Як удалося высьветліць, завадзкі канвэер прыпынілі празь зьмяншэньне аб’ёмаў закупаў прадукцыі — ліфтаў. Акрамя таго, пакупнікі не разьлічваюцца ў час за пастаўленую ўжо ім прадукцыю. Кажуць, што нестае сродкаў. Асноўны рынак збыту магілёўскіх ліфтаў — Расея. Акрамя Расеі, ліфты пастаўляюцца ва Ўкраіну, Казахстан, Малдову й некаторыя краіны Эўразьвязу.

У лістападзе кіраўніцтва заводу запэўнівала, што завод ня будзе мець праблемаў праз сусьветны фінансавы крызіс:

“Ёсьць такая прыкмета, калі канвэер рухаецца, то завод працуе. Зборачныя цэхі працуюць на сто працэнтаў. То бок на сёньня валізка замоваў сфармаваная па лістападзе на 850 ліфтаў, а па сьнежні на 800 ліфтаў”, — запэўніваў прадстаўнік адміністрацыі заводу.

За якую колькасьць ліфтаў пакупнікі не разьлічыліся — высьветліць не ўдалося. У найгоршым выпадку, кажуць на заводзе, яго прадукцыя будзе запатрабаванай на ўнутраным рынку. Цяпер ажыцьцяўляюць праграму па замене састарэлых мадэляў ліфтаў у жыльлёвым фондзе Беларусі.

29 студзеня, у першы дзень вымушанага прастою завода, Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго кіраўніка Пятра Рудніка на пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму. Учора, паводле афіцыйнай інфармацыі, Рудніка ў новай якасьці прадставілі работнікам абласной выканаўчай улады. Пра гэтую падзею адны зь першых даведаліся дзеці, якія прыйшлі на навагоднюю імпрэзу:

“Паўгадзіны таму нам быў прадстаўлены новы губэрнатар вобласьці Руднік Пётар Міхайлавіч. Давайце мы яму паапладзіруем. Я яму перадам вашыя аплядысмэнты. Гэта яму аванс”, — паведаміў дзецям старшыня магілёўскага аблсавету Уладзімер Панцюхоў.

Апошні дзень 2008 году запомніцца магілёўцам ня толькі зацьвярджэньнем аблсаветам Пятра Рудніка на пасадзе старшыні аблвыканкаму, але й нязвыклым для гораду транспартным заторам, выкліканым прыездам Аляксандра Лукашэнкі. Чарга аўтамабіляў расьцягнулася недзе на тры кілямэтры — ад плошчы Леніна да ліфтавага заводу.

Візыт Лукашэнкі ў Магілёў выклікаў небывалы для гораду затор. Ягоны хвост расьцягнуўся прыкладна на тры кілямэтры, да самага Ліфтавага заводу. На далялядзе — заводзкая вежа для выпрабаваньня ліфтоў.