У Клецку на Божае Нараджэньне ўрачыста адкрыты касьцёл Сьвятой Тройцы. Сёньня тут працягваюцца ўрачыстыя набажэнствы. Правіць сьвятую імшу ксёндз Эрвін Вячорак.
Касьцёл Сьвятой Тройцы пабудаваны ў гатычным стылі, на ўзор першага клецкага касьцёла, які паўстаў яшчэ ў XVI стагодзьдзі. Новы храм узьведзены за чатыры апошнія гады на найвышэйшым месцы ў цэнтры былога мястэчка. Цяпер ён — галоўная архітэктурная дамінанта Клецку.
Сьвятыня мае сучаснае ўбранства, вокны ўпрыгожаны мазаікай, а пад вострым верхам усталяваны звон, які быў схаваны каталікамі ў Другую ўсясьветную вайну, а знойдзены ў 1980-я.
З інвэнтарных “Апісаньняў стану плябаніі Клецкай у губэрні Менскай” вядома, што першы мураваны касьцёл “закладзены каля 1450 г. коштам Андрэя Маствіловіча, абывацеля наваградзкага”.
У канцы 1550-х новы ўладальнік мястэчка Мікалай Радзівіл Чорны, прыхільнік рэфармацыйнага руху, адабраў храм у каталікоў і перарабіў яго пад кальвінскі збор. Тут у 1560—1562 гг. служыў магістрам вядомы беларускі асьветнік і рэфарматар Сымон Будны.
У 1950-я гады савецкія ўлады разабралі касьцёл на цэглу для гаспадарчых патрэб.