У калядны ды навагодні вечар у некаторых сем’ях ня будзе сьвята — прамінулы год назаўсёды забраў ад іх блізкіх людзей.
Яшчэ ня зьвялі кветкі на магілах, яшчэ сьвежыя раны на душах сваякоў і сяброў. Горкія думы не дадаюць жаданьня ўпрыгожваць ялінкі ды адкаркоўваць сьвяточныя напоі. Мы смуткуем разам з тымі, чые блізкія адыйшлі незваротна, і яшчэ раз узгадваем некаторыя імёны з доўгага, на вялікі жаль, сьпісу стратаў году. Хай гэта будзе агульным вянком памяці па ўсіх нашых родных і дарагіх, хто спачыў у 2008-м.
Пачатак году прынёс жалобную вестку пра аднаго з найактыўнейшых дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі — у Таронта ня стала Кастуся Акулы. Няўтомны арганізатар жыцьця Згуртаваньня беларусаў Канады, таленавіты пісьменьнік і мэцэнат шматлікіх культурніцкіх праектаў на радзіме пакінуў гэты сьвет 29 студзеня. Яму ішоў 83-ці год.
Узгадвае апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан, які сябраваў з Кастусём Акулам больш за шэсьцьдзесят гадоў.
“Мы пазнаёміліся ў 44-м годзе і да канца засталіся сябрамі. Як беларус ён быў непахісны, у яго не было ніякага кампрамісу ніколі на пункце беларускасьці. Пайшоў з жыцьця сапраўды выдатны чалавек і нам вельмі дарагі і прыяцель, і вялікі беларус”.
Кастусь Акула нарадзіўся 16 лістапада 1925 году ў вёсцы Верацеі, што паблізу станцыі Каралеўшчына на Віцебшчыне. Да вайны пасьпеў павучыцца ў польскай базавай і савецкай сярэдняй школах, а ў вайну — у Віленскай беларускай гімназіі і ў Менскай школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны. Зь якою і адступіў на Захад. Ад жніўня 44-га і да канца вайны ваяваў з фашыстамі — спачатку разам з францускімі партызанамі, а потым у брытанскім войску ў Італіі. За што атрымаў ангельскі “Мэдаль за вайну” і ордэн “Зорка Італіі”.
Гэты свой шлях ён паклаў у аснову раманаў, апавяданьняў, п’есаў, вершаў, фэльетонаў, якія выходзілі на Захадзе ў эміграцыйнай пэрыёдыцы і ад 1962 году — асобнымі кнігамі. Некаторыя зь іх зрэдчас траплялі і на радзіму. Мастацтвазнаўца і грамадзкая дзяячка Валянціна Трыгубовіч пазнаёмілася з творчасьцю Кастуся Акулы ў 80-х, а на пачатку 90-х — і з самім аўтарам, які двойчы наведваў радзіму.
“Калі ён прыяжджаў у Беларусь, ён вельмі любіў тут слухаць нашых сьпевакоў. Вольга Цярэшчанка была адной зь ягоных улюбёных выканаўцаў. Ён быў у захапленьні ад яе выкананьня, ад яе манеры, ад таго, пра што яна сьпявае. Ну, і вядома, што ён падтрымліваў іншых музыкаў таксама. Ён вельмі прыхільна ставіўся да людзей, якія ў самых неспрыяльных умовах выдавалі штосьці такое небанальнае. Да апошніх сваіх дзён вельмі перажываў за тое, што адбываецца ў Беларусі, і чым мог, імкнуўся дапамагаць”.
19 ліпеня жалобная вестка прыйшла зь Лёндану — там памёр адзін з ініцыятараў стварэньня і актыўных сяброў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Мікола Сенька. Яму ішоў 85-ты год.
Гасьцінны дом Міколы Сенькі на Penn Road у Лёндане ведалі многія беларусы, якія бывалі ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Распавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:
“Мікола Сенька быў для мяне тым прадстаўніком беларускай дыяспары, зь якім, нягледзячы на рэдкія сустрэчы і на вялікую розьніцу ў гадах і жыцьцёвым досьведзе, у мяне адразу склаліся амаль сяброўскія стасункі. Гэтаму паспрыяў наш вядомы пісьменьнік Кастусь Акула, які пазнаёміў мяне са сваім былым таварышам па зброі, разам зь якім вучыўся ў школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны, потым перайшоў на бок францускіх партызанаў, ваяваў з нацыстамі на Апэнінах.
Сенька, дарэчы, быў добра знаёмы з героем беларускага паваеннага супраціву Янкам Філістовічам.
Спадар Мікола быў сярод тых, хто наладжваў жыцьцё нашых эмігрантаў у Вялікай Брытаніі. Яго добра ведалі на беларускай высьпе ў лёнданскім раёне Фінчлі, там, дзе месьціцца бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны, а таксама беларуская ўніяцкая царква сьвятых Пятра і Паўла”.
За гады незалежнасьці Беларусі Мікола Сенька некалькі разоў прыяжджаў на Бацькаўшчыну — на родную Стаўпеччыну, удзельнічаў у першым і другім зьездах беларусаў сьвету, якія праходзілі ў Менску ў 90-х гадох. Ён заўсёды лічыў сваім абавязкам падтрымку беларускіх арганізацыяў і асяродкаў, быў сталым падпісчыкам газэтаў “Наша Ніва” і “Наша слова”.
Беларускае вольнае слова да апошніх дзён свайго жыцьця падтрымліваў і літаратар, журналіст Аляксандар Дракахруст. Яго ня стала 14 лістапада.
Аляксандар Дракахруст, народжаны ў Маскве ў 1923 годзе ў сям’і вайскоўца, зь Беларусьсю паяднаны літаральна крывёй. Ягонага бацьку, калі той служыў у Беларускай ваеннай акрузе, у 1937 годзе расстралялі як ворага народу. Праз чвэрць стагодзьдзя вайсковы журналіст і расейскі паэт Аляксандар Дракахруст сустрэнецца на Далёкім Усходзе з групай беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Валянцін Тарас. Тая сустрэча перарасьце ў сяброўства і пакліча расейскага літаратара ў Менск. Валянцін Тарас працягвае.
“Ён быў абсалютна крышталёва сумленны чалавек, чалавек зь ясна акрэсьленай пазыцыяй — грамадзянскай, чалавечай, вельмі гуманістычнай. Ён быў харошы паэт. Зусім нядаўна выйшла яго кніжка ўспамінаў, другая кніжка — “Што было, тое было”. Кніжка найцікавейшая... “
З-пад пяра Аляксандра Дракахруста выйшлі пераклады на расейскую мову вершаў Рыгора Барадуліна, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Грачанікава, Сьцяпана Гаўрусёва і многіх іншых беларускіх паэтаў. Ён прырос да беларускай літаратуры і заўсёды быў на баку тых, хто адстойваў яе правы.
Непапраўнай стратай для беларускай культуры стаў адыход у вечнасьць Генадзя Кісялёва. Гэта здарылася 14 лістапада.
Дасьледаваньне духоўнай спадчыны беларусаў зрабіла ўраджэнца расейскага гораду Каломны, выпускніка Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытуту адданым Беларусі навукоўцам. З 1971 году Генадзь Кісялёў працаваў у Інстытуце літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Захапленьне беларускай мінуўшчынай зблізіла яго з многімі беларускімі пісьменьнікамі і найперш з Уладзімерам Караткевічам, які скарыстоўваў у сваіх раманах навуковыя адкрыцьці спадара Кісялёва.
Гаворыць доктар філялёгіі Міхась Тычына:
“Заслугі яго надзвычайныя ў беларускай навуцы, дый наагул у літаратуры і ў нацыянальнай культуры. Тут яго месца незаменнае, бо такога надзвычайнага архівіста, шукальніка проста другога няма і ці будзе... Ён — такі беларус, што дай Божа быць іншым беларусам!”
Засталіся мы і без Валянціна Рабцэвіча — доктара гістарычных навук, прафэсара катэдры археалёгіі і спэцыяльных дысцыплін гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту, аднаго са стваральнікаў беларускай школы нумізматыкі, якога ня стала 29 траўня.
Ягонымі высілкамі быў створаны нумізматычны кабінэт у БДУ. Аснову гэтага кабінэту склалі асабістыя калекцыі Рабцэвіча. Гэты кабінэт — унікальны для Беларусі музэй.
Прафэсар Рабцэвіч ня толькі дасьледаваў і прапагандаваў беларускую гістарычную спадчыну, але і бараніў яе. Гаворыць кандыдат гістарычных навук, былы студэнт Валянціна Рабцэвіча Алег Трусаў:
“Гэта быў навуковец, вядомы ва ўсім сьвеце. І заўжды ён займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю. Дарэчы, яму ўдалося перашкодзіць прадаць жулікам у Расею славуты пас Вітаўта. Ён шмат змагаўся за тое, каб пакінуць гэтую каштоўнасьць у Беларусі, і цяпер гэта — адзін з самых унікальных экспанатаў нашага Нацыянальнага музэю гісторыі і культуры. Рабцэвіч быў такім чалавекам, які вельмі перажываў за нашу спадчыну і шмат зрабіў, каб нашы манэты не раскрадаліся і каб скарбы былі дзяржаўным здабыткам. У апошнія дні свайго жыцьця ён рыхтаваў да друку працу яшчэ аднаго нашага славутага навукоўца, рэпрэсаванага ў трыццатыя гады, — Міколы Шчакаціхіна. Таму можна сказаць, што са сьмерцю Валянціна Рабцэвіча мы страцілі ўнікальнага спэцыяліста і патрыёта Беларусі”.
Унікальным спэцыялістам і патрыётам Беларусі быў і Віктар Сікора — аграном з Шаркаўшчынскага раёну, адзін з кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Паставах, кіраўнік Пастаўскае філіі Беларускай незалежніцкай партыі, камандзір партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне, вязень сталінскіх гулагаў. Яго ня стала на макаўцы лета.
Да апошніх дзён Віктар Сікора даглядаў пасаджаны ягоным бацькам, славутым на ўвесь былы СССР сэлекцыянэрам Іванам Сікорам сад у вёсцы Малыя Алашкі.
Дарэчы, як прыгадвае старэйшая сястра Лідзія, бацькава слава садавода-сэлекцыянэра дапамагла Віктару Сікору выжыць у зьняволеньні.
“Памятаю, Віктар распавядаў, вярнуўшыся зь лягеру, што як быў бацькаў юбілей і пра яго напісала газэта “Правда”, то начальнік лягера ў Віктара папытаўся, ці знаёмы яму гэты чалавек — Іван Паўлавіч Сікора. Віктар адказаў, што гэта ягоны бацька. І тады Віктара перавялі з працаў у капальнях золата і лесанарыхтовак працаваць у лазьню”.
Пасьля вызваленьня і вяртаньня на радзіму Віктар Сікора сустрэўся і пасябраваў на ўсё жыцьцё з настаўніцай, а цяпер кіраўнічкай культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах Адай Райчонак. Разам яны стварылі ў Малых Алашках музэй Івана Сікоры і даглядалі ягоны сад.
“Мы яго лічылі нашым старэйшым сябрам. І справа ў нас адна — змагаемся за беларушчыну. І ён змагаўся да апошняга. У яго такія лірычныя вершы засталіся... Забяру іх у свой музэй...”
Захаваньню прыгажосьці роднай зямлі і душаў яе жыхароў прысьвяціў сваё, на жаль, нядоўгае жыцьцё Сяргей Качаноўскі. Знаны эколяг і шараговы змагар за родную мову й культуру пайшоў з жыцьця 28 сакавіка. Яму было толькі пяцьдзясят чатыры гады.
Сястра Натальля перакананая, што ён невыпадкова захапіўся экалягічным рухам. Маючы чырвоны дыплём выпускніка Беларускага політэхнічнага інстытуту (цяпер Беларуская політэхнічная акадэмія) і бліскуча абароненую ў Маскве кандыдацкую дысэртацыю, стаўшы дацэнтам сваёй alma mater, ён не зрабіў вялікае навуковае кар’еры толькі таму, што кожны свой крок вымяраў прынцыпамі маральнай чысьціні.
“Ён, на жаль, ня стаў ні загадчыкам катэдры, ні кім іншым. Проста ён ня мог не адгукнуцца на ідэі Адраджэньня. Калі пачалася перабудова, ён са сваім сябрам, таксама выкладчыкам, сталі змагацца супраць інстытуцкага парткаму, яшчэ калі быў Савецкі Саюз. А потым, калі ўжо пачалося нацыянальнае адраджэньне, ён вельмі актыўна браў у гэтым удзел”.
Карэнны мянчук, тэхнар, Сяргей Качаноўскі верыў у сілу роднае мовы. Свой прадмет “Інжынэрная графіка будаўнічых праектаў” ён выкладаў па-беларуску.
Калі ў Беларусі адчыніўся Фонд Сораса, Сяргей Качаноўскі стаў актыўна супрацоўнічаць у яго культурніцкіх і навуковых праграмах, а потым — у экалягічных. Ён дапамагаў нашаму “зялёнаму” сэктару ўздымацца, ладзіць нейкія адмысловыя выданьні. Асабліва шмат дапамагаў школам, перадаваў ім бясплатна экалягічную літаратуру, вучыў моладзь любіць кожную травінку і кожную жамярынку, безь якіх радзіма губляе свой вясёлкавы бляск.
Прыгажосьць радзімы і яе людзей пакінуў нашчадкам на сваіх творах Уладзімер Крук, якога ня стала 30 ліпеня. Зь ягоным імем зьвязаная ўся гісторыя беларускай культуры другой паловы дваццатага стагодзьдзя, якую ён адлюстраваў на тысячах унікальных фотаздымкаў.
У 1951 годзе ён прыйшоў працаваць у газэту “Літаратура і мастацтва” шафёрам. Возячы карэспандэнтаў па Беларусі, пачаў і сам фатаграфаваць. І паступова стаў сапраўдным фотамайстрам. Распавядае былы рэдактар тыднёвіка “ЛіМ” Мікола Гіль:
“Цяжка пераацаніць тое, што ён зрабіў за пяцьдзясят гадоў работы ў “ЛіМе”. Ён выканаў працу цэлага інстытуту. Ён зафіксаваў літаральна ўсе падзеі літаратурна-мастацкага жыцьця Беларусі за добрыя паўсотні гадоў — музычнага, літаратурнага, музэйнага, мастацкага. Ён не прапусьціў ніводнае выставы, ніводнае літаратурнае сустрэчы, ніводнага пленуму ці зьезду творчых саюзаў, і ўсё гэта старанна фіксаваў на плёнку. У выніку архіў Крука — гэта проста неацэнны скарб для сёньняшніх і будучых гісторыкаў нашай літаратуры, мастацтва, культуры ўвогуле. І ня толькі для гісторыкаў, а для ўсіх, хто дбае пра наша мастацтва, пра нашу літаратуру, культуру”.
19 лістапада са Слоніма прыйшла вестка пра яшчэ адну цяжкую страту — там на 78-м годзе памёр Алег Лойка.
На кнігах Алега Лойкі вучылася некалькі пакаленьняў беларускіх студэнтаў. Калі ўзяць яго іпастась як вучонага,то ён адзін стварыў гісторыю беларускай літаратуры да пачатку дваццатага стагодзьдзя, зрабіў тое, што звычайна робіць цэлы калі не інстытут, то аддзел інстытуту літаратуры. Яго нікім не замяніць, кажуць калегі і студэнты. Многія зь ягоных выхаванцаў сталі вядомымі ў краіне літаратарамі і дасьледчыкамі, у тым ліку і творчае спадчыны свайго настаўніка. Працягвае паэт і кнігаскладальнік Міхась Скобла.
“У 2003 годзе Алег Антонавіч выдаў апошнюю прыжыцьцёвую кнігу. І так ужо сталася, што яна мела парадкавы нумар 100. Роўна сто кніг выдаў паэт, навуковец, перакладчык, выкладчык, прафэсар Алег Лойка. Асабліва хацелася б адзначыць яго двухтомную анталёгію польскай паэзіі “Ад Буга да Віслы”, куды ўвайшлі вершы ста васьмідзесяці паэтаў. З такім размахам у нас яшчэ ніхто не перакладаў. Я схіляю галаву перад стакніжжам Алега Лойкі. Гэта велізарная праца. Яна была пад сілу толькі чалавеку, які не шкадаваў сябе, які меў заданьне неба, і ён гэтае заданьне выканаў”.
За тыдзень да Калядаў у Белаазёрску раптоўна памерла Ніна Мацяш. Разьвітацца з гэтай сьветлай і мужнай паэткай прыйшлі тысячы прыхільнікаў яе таленту і ці ня ўсе землякі. Гаворыць грамадзкі дзеяч зь Белаазёрску Юрась Губарэвіч:
“Ніна Мацяш была прызнаным аўтарытэтам у Белаазёрску. Гэта той чалавек, дзякуючы якому пра наш горад ведалі ня толькі ў Беларусі, а далёка за яе межамі.
Людзі ганарыліся тым, што сярод іх жыве такая знакамітая паэтка. Тыя вечарыны, якія зрэдчас ладзіліся ў гарадзкім палацы культуры, заўсёды былі перапоўненыя жыхарамі гораду. Прыходзіла моладзь, прыходзілі школьнікі, якія ведалі пра паэтку са школьных праграмаў.
Я ўзгадваю свае школьныя гады. Тады мне было цікава пазнаёміцца з гэтым знакамітым чалавекам, які жыве побач з намі.
Ужо ў больш сталым веку, калі пачаў займацца грамадзкімі дзейнасьцю, спадарыня Ніна была маральным аўтарытэтам у нашых грамадзкіх і палітычных справах. Заўсёды, калі нешта рабілі ў горадзе, мы думалі, як яна паставіцца да гэтага, як яна ацэніць нашы дзеяньні.
Вельмі шкада, што ня стала гэтага чалавека, таму што для многіх беларусаў гэта быў прамень надзеі, той сьветач, які для іх сэрцаў паказваў дарогу да Беларусі”.
Страты году — страты маленькай радзіны і вялікай Радзімы. Глыбіня болю блізкіх не залежыць ад маштабаў асобы, якая адышла на вечны спачын. Разам з вамі, дарагія нашы слухачы, мы сумуем па вашых нябожчыках. Хай будзе сьветлай ваша і наша памяць пра іх, хай будзе добра ім у нябеснай Беларусі, якую яны любілі і якую пакінулі любіць усім нам. Хай наша супольная любоў стварае прыўкрасную зямную Беларусь, да якой яны не дажылі, але дажывуць іх дзеці і ўнукі. Таму смутак наш сьвятлее і агеньчыкі сьвечак памяці ўжо трапечуць сьвяточным сьвятлом.