Як адзначаюць Каляды вядомыя беларусы

25 сьнежня рыма-каталікі, грэка-каталікі, пратэстанты адзначаюць адно з самых галоўных сьвятаў — Каляды.



Прафэсар Станіслаў Шушкевіч у касьцёл у гэты дзень ня ходзіць, Каляды для яго — чыста сямейнае сьвята:

Станіслаў Шушкевіч
“У нас сёньня вігілійны вечар па ўсіх канонах правядзеньня Калядаў. З абрусам, сенам пад абрусам, з квасам, які з рыбіных галоў звараны, з кісялём, з аплаткамі — усё будзе так, як я памятаю з самага дзяцінства. Гэта традыцыя нашай сям’і. Каляды прывучыла сьвяткаваць мая бабка Франя, фанатычная каталічка, пасьля гэтую традыцыю пераняла мая маці, а калі маці памерла ў 1980 годзе, пераняла мая сястра. Мы да яе ідзем сёньня ўсёй сям’ёй. А заўтра — дзень розных сустрэч, да нас будуць прыходзіць родныя і знаёмыя.

У 1942 годзе, калі маці мая была ў канцэнтрацыйным лягеры, тады бабка недзе набыла дзьве шэрыя булкі для нас зь сястрой. Гэта для мяне былі самыя памятныя Каляды...”

Гарадзенская літаратарка Данута Бічэль сёлета будзе адзначаць Каляды вельмі сьціпла. У яе смутак:

Данута Бічэль
“Нядаўна памерла Ніна Мацяш. Адчуваю сябе вінаватай, што мала ўдзяляла ёй увагі і часу... У нас вельмі малая сям’я: я і сын. У нас вельмі мала сіл, таму мы адзначаем не традыцыйна сьвята, а молімся, колькі маем сілы. Калі хопіць у мяне сёньня сілы, я пайду на пастэрку, а калі не — памалюся Богу і пайду заўтра на тры гадзіны на беларускую імшу. Зробім, канечне, імшу, у нас ёсьць аплаткі пасьвечаныя. Але ніякіх сямі страваў, ніякіх дванаццаці я ніколі не рабіла. А прыгатую я рыбку, нешта з грыбамі — ці блінцы, ці вушкі”.

Заслужаны артыст Беларусі, кіраўнік “Беларускай капэлы” Віктар Скорабагатаў — шчыры вернік. Каляды для яго — самае галоўнае сьвята:

Віктар Скорабагатаў
“Як сьвяткую? Нармальна, як і ўсе каталікі. Абавязкова стол перадкалядны. Потым набажэнства, пайду на імшу ў касьцёл на Залатой горцы, я належу да гэтай парафіі. Раніцай — зноў у касьцёл. Ну, а потым ужо стол калядны, такі, які павінен быць па ўсіх калядных канонах. Трэба ж і сваіх родных павіншаваць, і гасьцей прыняць — усё належным чынам”.