Ад сёньняшняга дня спыніла вытворчасьць акцыянэрнае таварыства “Добруская папяровая фабрыка “Герой працы”. Калектыў прадпрыемства, акрамя дзяжурных службаў, сыходзіць у адпачынак.
Распавядае адна з работніц фабрыкі:
“У водпускі ідзем. У каго які ёсьць водпуск, той ідзе. У мяне была частка адпачынку, дык я доўг забіраю. Увогуле, па-рознаму — як жадае працаўнік і што ў каго ёсьць”.
На фабрыцы цяпер працуе амаль 1200 чалавек. Нявыкарыстаны адпачынак альбо частку яго мае прыкладна траціна калектыву. Астатнія пойдуць у вымушаны адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацінаў заробку — з разьліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў.
Калядна-навагоднія вакацыі “Героя працы” распачатыя не ад добрага жыцьця. Да гэтага спрычыніўся фінансавы крызіс, які істотна паўплываў на збыт папяровай прадукцыі.
Намесьніца генэральнага дырэктара фабрыкі ў пытаньнях эканомікі Тацьцяна Цьвердакова так патлумачыла нашаму радыё сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве:
Спыняемся: няма спажыўцоў
Як стала вядома, адпачынкі й вакацыі будуць цягнуцца на папяровай фабрыцы да 12 студзеня новага году. Аднак ніхто не бярэцца цяпер прагназаваць, як зьменіцца сытуацыя да таго часу.
Папяровая фабрыка ў Добрушы заснаваная яшчэ ў 1870 годзе. Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства, якое дае асноўную частку паступленьняў у мясцовы бюджэт. Сярод прадукцыі — школьныя й агульныя сшыткі, блякноты, папера для пісьма, маляваньня й чарчэньня.
Тут асвоена тэхналёгія вырабу паперы з адкідаў вытворчасьці “тэтра-пак” і лямінаванага кардону.
Сёлета фабрыка пачала выпускаць прадукцыю з тэрмапаперы, у тым ліку паперу для факсаў, стужкі для тэрміналаў і банкаматаў.
Два гады таму 130 рабочых і спэцыялістаў “Героя працы” напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Працаўнікоў не задавальнялі ўзровень заробкаў, умовы працы, забесьпячэньне спэцвопраткай, а таксама абыякавае стаўленьне прафсаюзу да праблемаў рабочых.
Канфлікт удалося залагодзіць шэрагам саступак калектыву й абяцаньнем перайсьці на выпуск прадукцыі не з дарагой расейскай цэлюлёзы, а з айчыннай макулятуры — каб выходзіць на рынкі суседніх краінаў з прывабнымі коштамі.