Падсьвільле: вінзавод, лясгас, чыгунка

Мястэчка Падсьвільле ўзьнікла ў 1924 годзе, дзякуючы блізкасьці да савецкай мяжы. Гэтае месца польскі ўрад выбраў як найлепшае, каб будаваць кашары для польскага Корпуса аховы памежжа. Ад колішніх польскіх кашараў, зрэшты, як і ад гарнізоннага касьцёла, нічога не засталося. Але, што цікава, дух тых кашараў нікуды не падзеўся. І хоць тут пабудаваны новы касьцёл, Падсьвільлю яўна не стае сваёй уласнай старасьветчыны. На чыю ролю ніколі ня зможа прэтэндаваць савецкая шэрая забудова.

Зрэшты, калі паблукаць па гразкіх падсьвільскіх вулках, можна натрапіць на вельмі цікавыя дамы. Як, напрыклад, дом былога настаўніка Мар’яна Місевіча. Над высокім гаражом тут прымацаваная вялікая, яшчэ за часамі Шушкевіча зробленая, “Пагоня”.



Карэспандэнт: “Ваш дом зьвяртае на сябе ўвагу адразу. Гістарычным гербам, які прымацаваны на франтоне. Якая рэакцыя вашых суседзяў?”

Мар’ян: “Па-мойму абыякавая. У мяне ў Перадолах на летніку сьцяг лунае. Там таксама “Пагоня”, і ніякай рэакцыі няма. Яны ўсе ведаюць, які я ёсьць. Нарадзіўся я вольным і вольным памру. Пад сьцягам бел-чырвона-белым і гербам “Пагоня”.

Карэспандэнт: “Зараз вы, Мар’ян, на пэнсіі…”

Мар’ян: “На пэнсіі. Але працую як прадпрымальнік. Можа, ужо хутка даб’юць нас.
Трэба ўсіх пэнсіянэраў зрабіць прадпрымальнікамі
Тады ўжо буду адпачываць. Я ўсю сваю пэнсію аддаю за права працаваць. Я атрымліваю каля чатырох соцень, і я іх аддаю, каб мець права работаць. Наша дзяржава гэта не разумее. Трэба ўсіх пэнсіянэраў зрабіць прадпрымальнікамі, абкласьці іх падаткамі, і ўсё, яны будуць аддаваць пэнсію. І ніякіх клопатаў ня будзе. Я — прыкладам ёсьць”.

Спадар Мар’ян — мужчына высокі, моцны з афіцэрскай выпраўкай. На ягоных шырокіх грудзях у камуфляжы значок у выглядзе нацыянальнага сьцяга выглядае як баявая адзнака. Ён гандлюе запчасткамі для легкавікоў. Езьдзіць па навакольных рынках трох раёнаў. І не заўважыць такога гандляра немагчыма.



Мар’ян: “На маім працоўным месцы ёсьць рэкляма. Так і напісана — “Запчасткі”. Уверсе “Пагоня”. У некаторых раёнах да гэтага ставяцца абыякава і не зважаюць. А вось у Докшыцкім раёне спачатку ўчастковы прыходзіў. Але мы зь ім паразумеліся. Я кажу: “Гэта мой сымбаль”. І ён адчапіўся. Мы сваё працоўнае месца павінны афішаваць. Гэта значыць — я індывідуальны прадпрымальнік, пасьведчаньне такое, а напрыканцы ў мяне прыпіска. “Жыве Беларусь”. Калі ёсьць якія заўвагі — “Дык што? Ты хочаш, каб яна здохла?” І ўсе спакойна…”

Карэспандэнт: “І ўсё ж такі. “Пагоня”, нацыянальная сымболіка, яны больш дапамагаюць у бізнэсе ці замінаюць? Яны служаць нейкім дадатковым чыньнікам, каб у вас зьяўлялася свая кліентура?”

Мар’ян: “У пэўнай меры гэта ёсьць. Праўда, матэрыяльных каштоўнасьцяў я ад гэтага ня маю. Напрыклад, сваім аднадумцам я таньней прадаю. Таму што гэта нашы людзі. Вялікая частка людзей увогуле абыякавая. І ня так многа ёсьць артадоксаў. Але ў мяне такая ўнушальная фігура, што…”

Карэспандэнт: “Уступаць у спрэчку — трэба падумаць”.

Мар’ян: “Так. Таму я разыходжуся палюбоўна. Базар, рынак — гэта ёсьць мая аўдыторыя. Дзе я магу бяз санкцыяў гаварыць. Ва ўсіх іншых выпадках ты павінен мець дазвол. І ёсьць магчымасьць троху… Мае ідэі патрабуюць матэрыяльных укладаньняў, уліваньняў”.

Мар’ян Місевіч калісьці вадзіў сваіх гадаванцаў у турыстычныя паходы. Зараз ён будуе сваю турыстычную сядзібу. Калі будзеце летам на Глыбоччыне, шукайце вёску Перадолы. Дзе вы знойдзеце стол, ложак і, галоўнае, добрую бяседу.

Яўген Самсонаў, мясцовы краязнаўца і журналіст, які ласкава склаў мне кампанію, кажа, што раней Падсьвільле не было такім дэпрэсіўным месцам, як сёньня.

Яўген: “Быў тут росквіт у Падсьвільлі. Асабліва гэта адчувалася, калі квітнела ПМК. Тут шмат будавалася, людзі жылі надзеяй на лепшае. Была вера ў лепшае. А цяпер усё ідзе ў заняпад. Цяжка знайсьці працу. Пэрспэктывы вялікай у Падсьвільля няма. Слабыя пэрспэктывы, і моладзь намагаецца адсюль зьехаць”.

Карэспандэнт: “Асноўныя пункты, дзе можна зарабіць?”

Яўген: “Вінзавод, лясгас, чыгунка тут ёсьць”.

Наколькі Падсьвільскі вінны завод — прадпрыемства пасьпяховае, судзіць ня мне. Але тое, што ў межах свайго рэгіёну знакамітае, сьведчу. Сам бачыў у адным з унівэрсамаў Глыбокага паліцу, упрыгожаную шыльдай “Падсьвільскія віны”. Гучыць годна. Амаль як віны Кахеціі. Зрэшты, давайце паслухаем працаўніка вінзаводу, мажнага дзядзьку, які выходзіць з прахадной пасьля зьмены. Што прыемна, абсалютна цьвярозы і гумарны.

Міхась: “На вінзаводзе топімся. Няма грошай, няма запчастак”.

Карэспандэнт: “А чаму няма грошай? Што, народ стаў меней піць?”
Народ меней ня стаў піць. Але ў яго няма за што піць.


Міхась: “Народ меней ня стаў піць. Але ў яго няма за што піць. Паглядзіце, якая зарплата ў калгасах. А гэта ланцуговая рэакцыя”.

Карэспандэнт: “А тут выпускаюцца ў асноўным пладовыя?”

Міхась: “Толькі пладовыя. Мы калісьці рабілі вінны напой. Гэта трошкі соку, трошкі сьпірту, а тады вада і “юпі”. І пад гэта “малінка” будзе сьмярдзець малінай. Што хочаш. Адна каністра, якую можна на цэлы цягнік разьліць. Адной дваццацілітровай каністрай гэтага “юпі”. “Юпі” — гэта такі фарбавальнік ядавіты. Пара кропляў на бочку, і ён такі водар дае! Пасьля забаранілі, і зараз мы толькі пладова-ягадныя”.

Карэспандэнт: “А вы самі п’яце прадукцыю свайго заводу?”

Міхась: “Як жа яе ня піць? П’еш. Пачынаеш з гарэлкі, сканчаеш абавязкова віном”.

Карэспандэнт: “А назвы свае ёсьць, арыгінальныя?”

Міхась: “Тут столькі назваў. Яны мяняюцца. Тут, можа, з 50 назваў. Яны ўсе яблычныя. А пасьля, для таго каб зьмяніць назву, у нас жа ёсьць і вішні сокі, і журавінаў у гэтым годзе шмат нарыхтавалі, брусьніц, малінаў, чарніц. Значыць, будзе і назва мяняцца. “Водар мяты”, якія хочаш там.

Я зайшоў пасьля ў бліжэйшы гастраном і ўбачыў апошні плён падсьвільскіх вінаробаў. Называлася віно “Вкус любві”. Нягледзячы на такі дзёрзкі брэнд, я ўсё ж купляць ня стаў. Нягледзячы на адсутнасьць падступнага “юпі”.

Лічыў і буду заўжды лічыць, што галоўныя людзі на гэтай зямлі — паэты, а ніякія не чыноўнікі, военачальнікі ды іншыя сур’ёзныя людзі. Бо толькі паэты і надаюць сэнс жыцьця ўсім астатнім. Бо захоўваюць надзею на існаваньне гэтай краіны ў будучыні. З усімі яе начальнікамі.

У Падсьвільлі жыве паэтка Марыя Баравік. Да пэнсіі спадарыня Марыя працавала ў дзіцячай бібліятэцы. Вяла некалькі тэатральна-паэтычных гурткоў, у якіх дзеці з задавальненьнем, праз гульню спасьцігалі, з чаго пачынаецца радзіма.



Марыя: “Раней выступалі ў школе. А цяпер у іх няма запатрабаваньня. Ня клічуць. Я цяпер не працую. А раней вяла гурткі мастацкія, лялечны гурток. Быў у мяне тэатар дзіцячы. Сама пісала, сама рэжысіравала, самі лялькі шылі. Мы і ў Глыбокім выступалі, у Цэнтры культуры, і па школах езьдзілі. Тады было запатрабаваньне. Цяпер жа ўсё памянялася. Патрэбы гэтай няма. А калі нічога зьверху не патрабуюць, мовы ці якіх там гурткоў, дык так яно і ёсьць”.

Ёсьць у беларускіх паэтаў такая сымпатычная ўласьцівасьць. Яны заўжды застаюцца аптымістамі. І ў адносінах да мовы, на якой пішуць. І адносна краіны, дзеля якой жывуць.

Ударым па струнах, сьпявайма: “Да Волі”.
Да волі. Цярпеньне хай сэрца аголіць.
Свабода да сьлёз і да крыку ад болю.
Ты ў нетры пакут і на ўзьлёце да волі.

Свабода, нам нельга цябе запаволіць.
Бо трэба сьпяваць беларускую долю.
О, юная песьня. О, песьня старая.
Якая была і якую ствараем.

Свабода — малітва і гордая праца.
Свабода любіць і ў любові прызнацца.
І міламу сябру і роднаму краю
Такую Свабоду пяем, паўтараем…”