Лідэра "Моладзі БНФ" Франака Вячорку затрымалі, адвезьлі ў ваенкамат і ўручылі позву на прызыўную камісію. Вайскоўцы назвалі яго “заклічнікам”, бо ў слоўніку знайшлі пераклад слова “призыв” — “заклік”.
Франак пасьпеў патэлефанаваць па мабільным тэлефоне сваім паплечнікам і сказаў, што яго цягнуць у машыну. Пасьля гэтага міліцыянты адабралі ў яго мабільнік.
Паводле Франака Вячоркі, яго затрымалі супрацоўнікі службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі, яны прывезьлі Франака ў ваенкамат і патрабавалі ад капітана Быкава, супрацоўніка ваенкамата, каб той уручыў Франаку позву на прызыўную камісію.
Франак запатрабаваў, каб позву яму ўручылі на беларускай мове. Спачатку вайскоўцы й супрацоўнікі службы бясьпекі казалі пра “дзьвюхмоўе”, але пасьля таго як Франак назваў адпаведныя артыкулы закону аб мовах пайшлі раіцца з кіраўніцтвам.
Нарэшце, вайскоўцы напісалі позву Франаку Вячорку на беларускай мове, скарыстаўшыся слоўнікам. У выніку ў першым сказе напісана: “Заклічніку Франаку Вячорку трэба зьявіцца 22 сьнежня ў ваенкамат а 10-й раніцы”.
Франак Вячорка расказаў, што вайскоўцы назвалі яго “заклічнікам”, бо ў слоўніку знайшлі пераклад слова “призыв” — “заклік”.
Вячорка сказаў, што заўтра яго хочуць пакласьці ў рэспубліканскі вайсковы шпіталь. Гэта пры тым, што ён мае адтэрміноўку ад службы ў войску яшчэ на 3 месяцы.