Дзяржаўная камісія для выбару месца пад будаўніцтва атамнай электрастанцыі абвясьціла: першая беларуская АЭС будзе ўзводзіцца ў Астравецкім раёне на Гарадзеншчыне.
Такое рашэньне прынятае на падставе вывучэньня трох пляцовак — ужо згаданай Астравецкай, а таксама Краснапалянскай і Кукшынаўскай у Магілёўскай вобласьці. Яшчэ адна пляцоўка на Віцебшчыне была забракаваная раней. Чым кіраваліся дзяржаўныя экспэрты, даючы дазвол на будаўніцтва АЭС у непасрэднай блізкасьці ад запаведнай экасыстэмы і побач зь межамі Эўразьвязу?
Паводле ацэнак спэцыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук, будаўніцтва АЭС у Беларусі дазволіць эканоміць каля 1 мільярду даляраў штогод на набыцьці прыроднага газу. У аснове гэтага разьліку — меркаваныя кошты на газ у далёкай пэрспэктыве. Увогуле разглядаюцца некалькі асноўных перавагаў атамнай энэргетыкі ў параўнаньні зь іншымі. Апроч эканоміі сродкаў, гэта адмова ад прыроднага газу ў аб’ёмах блізу 3 мільярдаў кубамэтраў штогод, зьніжэньне выдаткаў на вытворчасьць электраэнэргіі і скарачэньне выкідаў парніковых газаў на 10—12 мільёнаў тон на год.
Аднак выбар пляцоўкі на карысьць Астравеччыны шмат кім успрыняты ў штыкі. Участак паміж вёскамі Гоза і Міхалішкі, адрозна ад пляцовак у Магілёўскай вобласьці, знаходзіцца ў густанаселенай мясцовасьці: да Астраўца — 18 кілямэтраў, да Менску — 130, да літоўскай мяжы — 20. Зусім побач з пляцоўкаю — багатая экасыстэма: да ракі Віліі — 6 кілямэтраў, да Сарачанскіх азёраў — 14, да Сьвіры — 19, да Нарачы — 40. Аднак дырэктар навукова-дасьледчага інстытуту ядзерных праблемаў, прафэсар Уладзімер Барышэўскі засьцярог апанэнтаў не падзяляе:
Калі станцыя разьмяшчаецца ў Горадні, а там побач Літва і Горадня, ...дык гэта ж увогуле супэр!
“Я адношуся да тых людзей, якія ўсё ж паважаюць прафэсіяналізм. На жаль, “зялёныя” ў многіх выпадках кіруюцца эмоцыямі. Увогуле гэтае рашэньне вельмі правільнае. Калі станцыя разьмяшчаецца ў Горадні, а там побач Літва і Горадня, то я тады нагадаю: былі перамовы, падчас якіх Літва з намі дамаўлялася, каб частку электраэнэргіі ад нас атрымліваць. Бо першае, што ўвогуле прыходзіць у галаву: калі пабудаваць станцыю і пасьля частку энэргіі прадаваць Літве і Польшчы, дык гэта ж увогуле супэр! Якая ўвогуле розьніца, калі ў пэрспэктыве прыбалтыйскую станцыю сумесна пабудуюць Літва, Латвія, Эстонія і Польшча? І адно аднаму не супярэчыць, на гэта трэба глядзець. Для шматвэктарнай палітыкі краіны гэта якраз яшчэ важней”.
Палітычнае рашэньне будаваць у Беларусі ўласную АЭС было ўхваленае 15 студзеня 2008 году на пасяджэньні Савету бясьпекі пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі. Плянуецца ўвесьці два блёкі АЭС агульнай магутнасьцю 1 тысяча мэгават кожны. Першы блёк мяркуецца здаць у 2016 годзе, другі — у 2018-м. Паводле розных ацэнак, будоўля будзе каштаваць ад 5 да 10 мільярдаў даляраў.
Навуковец, доктар мэдычных навук Юрый Бандажэўскі адным зь першых у Беларусі давёў прычынна-выніковую сувязь паміж узьдзеяньнем дробных доз радыяцыі на арганізм чалавека і ўзьнікненьнем сур’ёзных захворваньняў. Свой арышт у 1999 годзе ён зьвязвае з крытыкай на адрас уладаў за бязьдзейнасьць у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасьля амністыі ў 2005 годзе зьехаў у Францыю, а сёлета асеў у Літве:
“Любая станцыя не па сілах нашай краіне. Ня толькі складана будаваць, але немагчыма з гледзішча любых прынцыпаў. І няважна, дзе яна будзе збудаваная — у Астраўцы ці ў Магілёўскай вобласьці. Усё дрэнна з пазыцыі шмат якіх аспэктаў. Сёньня не пра станцыю думаць трэба. Пляцоўку выбралі, але шмат трэба зрабіць, каб запусьціць станцыю, знайсьці сродкі. Яшчэ ёсьць час для пошуку канструктыўных рашэньняў на ўзроўні эўрапейскай супольнасьці — з улікам, што Беларусь нібыта жадае нейкім чынам браць удзел у справах Эўропы. Таму ня трэба сьпяшацца, а неабходна дабівацца аптымальнага рашэньня, для насельніцтва краіны перш за ўсё. Мяркую, што яшчэ ёсьць магчымасьць нешта рабіць, а ня проста канстатаваць: пляцоўку выбралі — і ўжо рукі можна апускаць. Трэба працаваць у гэтым кірунку”.
Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка перакананы: для Беларусі ня мае істотнага значэньня месца дысьлякацыі АЭС. Так, ад чарнобыльскага рэактара да Магілёўскай вобласьці, якая найбольш пацярпела ад выбуху, 240 кілямэтраў. Ад любой пляцоўкі адлічыць 240 кілямэтраў — ужо палова Беларусі. Да таго ж урану, асноўнага паліва для станцыі, у сьвеце ўсё меней. І празь нейкі час сыравіна можа стаць настолькі дэфіцытнай, што проста бессэнсоўна будаваць АЭС:
“Што тычыцца месца, дык яно, натуральна, далёка ня лепшае. Але справа ў тым, што АЭС наагул не патрэбная Беларусі. Разумныя людзі ўжо даўно кінулі б гэтую авантуру і не важдаліся б зь ёй. Гэта проста нейкая маніякальная ўпартасьць. Вялікія пытаньні з палівам. Урану няма і ня будзе. Нездарма зараз Расея сама шукае сыравіну ў Таджыкістане, зьбіраюцца там шмат што будаваць. Таму сама ідэя проста неразумная. Патрэбы няма ў станцыі ніякай. Тут разглядаць трэба зусім іншыя моманты: прыкладам, у нас вытворчасьць у параўнаньні з 1990-мі скарацілася на 30 зь лішкам працэнтаў, а электраэнэргіі мы трацім амаль удвая больш у параўнаньні з тым пэрыядам”.
Паводле разьлікаў, агучаных намесьнікам міністра энэргетыкі Міхаілам Міхадзюком, да 2020 году кошт на прыродны газ будзе ў 12 разоў большы, чым на ядзернае паліва. На яго думку, уздаражэньне газу будзе значна больш адбівацца на сабекошце электраэнэргіі, чым уздаражэньне ўрану.