Дынько: Хочам зачапіць новых чытачоў

Госьць Начной Свабоды -- шэф-рэдактар тыднёвіка "Наша Ніва" Андрэй Дынько.

Валер Каліноўскі: Перш чым мы пачнём гутарку, я хачу некалькі словаў сказаць нашым слухачам. Хачу ім нагадаць, што адноўленая паштовая падпіска на незалежныя газэты “Наша Ніва” і “Народная воля” на наступны год. Яе можна аформіць да 24 сьнежня. Падпісныя індэксы газэт -- 63125 (Наша Ніва) і 63222 (Народная воля). Завітайце на пошту яшчэ да Калядаў! А разам з гэтым хачу павіншаваць нашага госьця шэф-рэдактара Нашай Нівы Андрэя Дынька з гэтай падзеяй.

Андрэй Дынько: Праца нялёгкая цяпер. Было цяжка без распаўсюду, цяжка было напачатку і з распаўсюдам. Столькі дадатковых папераў, дзесяткі гадзінаў патрацілі толькі на перамовы і афармленьне дамоваў.

Каліноўскі: Колькі каштуе падпіска на вашу газэту на год?

Дынько: Падпіска на "Нашу Ніву" праз "Белпошту" каштуе 12 тысячаў на месяц, 72 тысячы на паўгода. На год цяпер падпіску не прымаюць. У часы крызысу, відаць, не рашаюцца.

Каліноўскі: Патлумачце толькі, вам спэцыяльна прадоўжылі падпіску да самых Калядаў?

63125 -- падпісны індэкс "Нашай Нівы", і яны мусяць абавязкова па кампутары яго знайсьці
Дынько:
Гэта канечне не для нас. Нам такой ласкі ніколі асобна ня будзе. Гэта звычайна пошта дае пару дзён дадатковых для тых людзей, якія ўсё адкладаюць на апошні дзень.

Каліноўскі: Калі ў іншых быў маратон, то ў вас будзе спрынт...

Андрэй Дынько
Дынько:
Яно так і ёсьць. Мы вядзем падпіску толькі тры тыдні, і "Наша Ніва" запісаная на апошняй старонцы ад рукі. У некаторых поштах і ня ведаюць, што яшчэ газэты дадалі ў падпіску. Нагадаю, 63125 -- падпісны індэкс "Нашай Нівы", і яны мусяць абавязкова па кампутары яго знайсьці.

Каліноўскі: Вы разьлічваеце на некалькі тысячаў падпісчыкаў за гэты час?

Дынько:
Будзем рэалістамі. Улічваючы тое, што большасьць сталых падпісчыкаў застануцца падпісвацца праз нашу ўласную сыстэму распаўсюду. Яны за тры гады прывыклі, яна зарэкамэндавала сябе як надзейная. І таньнейшая, і нам выгаднейшая, таму мы ў нашай газэце заклікаем заставацца тут і быць падрыхтаванымі да нечаканасьцяў.

Каліноўскі: Некалькі гадоў запар ў дамафон маёй менскай кватэры раз на тыдзень званілі і казалі два словы “Наша ніва”. Такім чынам я карыстаўся паслугамі альтэрнатыўнай падпіскі на “Нашу ніву”, зробленай рукамі рэдакцыі. Выглядае, што і буду карыстацца надалей...


Дынько: Вы, Валер, жывая выява новай салідарнасьці, якая нарадзілася ў беларускім грамадзтве. Такія людзі, як вы, гэта важныя людзі для нашай краіны.

Каліноўскі: Каму б вы хацелі асабліва падзякаваць за працу па альтэрнатыўным распаўсюдзе “Нашай Нівы”?

Дынько: Нашая краіна даўно трымаецца на пэнсіянэрах. Так і сыстэма падпіскі "нашаніўскай" перадусім трымаецца на адданых пэнсіянэрах.

Каліноўскі: Зараз вы можаце прадаваць газэту ў шапіках “Белсаюздруку”, распаўсюджваць па пошце, такім чынам у вас зьявіліся дадатковыя магчымасьці зрабіць так бы мовіць рэ-старт. Якія амбітныя мэты вы сабе ставіце?

Дынько: Хочам зачапіць новых чытачоў, хочам зачапіць іх зьместам нашай газэты. Прычым, ведаеце, хочацца зачапіць проста зараз, бо ведаем, што можа зноў нейк ў любы момант продаж праз шапікі "Белсаюздруку" забараніць. І таму было памкненьне зрабіць нешта неверагодна новае. Ня ведаю, наколькі гэта атрымліваецца.

Валер Каліноўскі
Каліноўскі:
Некаторыя вам рэкамэндуюць стаць больш аналітычным, рэфлексіўным выданьнем, таму што тыднёвік апрыёры будзе спазьняцца з інфармацыяй?

Дынько: Людзям перадусім патрэбная інфармацыя, самая розная інфармацыя. Напрыклад, нам у свой час людзі пісалі, што няма нідзе тэлепраграмы Белсату. Пакуль было паўпадпольнае існаваньне, мы не наважваліся друкаваць, а зараз вырашылі паспрабаваць атрымліваем надзвычай станоўчыя водгукі. Людзі тэлефануюць, дзякуюць за зручнасьць. Аказваецца, што і інфармацыя такога кшталту патрэбная. Што да аналітычнасьці і інфармацыйнасьці, была такая хвароба ў беларускай інтэлігенцыі, займалася летуценьнем , добра, каб было гэта, добра, каб тое... А насамрэч магчымасьцяў у нас, пакуль мы ў такім стане, калі выходзім з падпольля і пакуль у краіне дыктатура, то магчымасьці абмежаваныя. Маем кола аўтараў, якое маем, і пішуць яны тое, што хочуць пісаць.

Каліноўскі: Ёсьць нейкія асаблівыя пляны разьвіцьця інтэрнэт-сайту “Нашай Нівы”?

Дынько: Інтэрнэт-сайт -- гэта іншы сьвет, там дзейнічаюць іншыя правілы. Трэба даваць інфармацыю чым хутчэй, чым больш. Людзі самі пасьля разьбіраюцца, што і як. Людзям, якія трапляюць пасьля традыцыйнага газэтаў на сайт, часам гэты плюралізм думак незразумелы. На гэтым тыдні была вялікая дыскусія на сайце. Мы перадрукавалі з аднаго з інтэрнэт-дзёньнікаў апавяданьне хлопца з Барысаўскага раёну пра падлеткавыя бойкі, і напісана яно такой барысаўскай мовай. Чалавек паспрабаваў перадаць стан сьвядомасьці гэтых падлеткаў, школьнікаў барысаўскіх, ужываючы тую мову, якой яны карыстаюцца. Там і мат ужываецца, і сам стыль іхняга мысьленьня. Яны лічаць бойкі ня толькі нармальнай справай, але і справай гонару, а на сайце гэта выклікала захапленьне адных чытачоў і абурэньне другіх. І зараз мы думаем, ці варта гэта надрукаваць у газэце.


Андрэй Дынько - шэф-рэдактар тыднёвіка "Наша Ніва", заснавальнік часопісу "Arche". Нарадзіўся ў 1974 у Берасьці. Пачынаў творчую дзейнасьць як перакладчык, публіцыст. Быў выкладчыкам Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (1997—2000). З 1999 году -- рэдактар газэты "Наша Ніва", у 2000 годзе зьмяніў Сяргея Дубаўца на пасадзе галоўнага рэдактара гэтай. У 2002—2004 гадах быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтру. У 2003 годзе Вацлаў Гавэл уручыў яму прэмію за Грамадзянскія заслугі імя Ганны Эленбоген. Перакладае з ангельскай, італьянскай, польскай, францускай, украінскай моваў. Жанаты, мае сына Якуба і дачку Ўсьціньню.



Каліноўскі: Вяртаньне “Нашай нівы” ў шапікі адзначылася пераходам газэты з клясычнага на школьны правапіс? Вяртаньне падпіскі нічым не адзначыце?

Нават у нас у рэдакцыі мы падзяліліся -- палову на тых, хто за той правапіс, а хто за другі. Ня хочацца, каб беларусы дзяліліся
Дынько:
Частка чытачоў хацела б заставацца пры клясычным правапісе, другая раіла як мага хутчэй пераходзіць на правапіс афіцыйны дзеля таго, што бачыць у гэтым патэнцыял для пашырэньня аўдыторыі, і мы пайшлі на гэты крок, каб пазмагацца за іншага чытача, таго чытача, якому чытаць клясычны правапісам цяжкавата, які ўтварае сабой псыхалягічны бар'ер. Нават у нас у рэдакцыі мы падзяліліся -- палову на тых, хто за той правапіс, а хто за другі. Ня хочацца, каб беларусы дзяліліся.

Каліноўскі: Пераход “Нашай нівы” на афіцыйны правапіс выклікаў шырокія дыскусіі, у тым ліку і на форумах сайту Свабоды. Вы Андрэй, уступалі некалькі разоў у гэтую дыскусію. Хваля нібыта сышла. Які вынік, што засталося так бы мовіць на дне? Падсумуйце, спадар Дынько?



Дынько: Тое, што мяне прыемна ўразіла, што большая частка чытачоў абсалютна большая частка, вельмі разважліва ставіцца да гэтага пытаньня. Людзі ўжо не мысьляць катэгорыямі, што "я хачу так", або "я буду толькі так, а не іначай, інакш ня буду ў гэтым удзельнічаць”. Пераважае падыход грамадзкага інтарэсу. Людзі, якія выказваліся ў дыскусіях, яны разважаюць, што такі падыход найбольш адпавядае інтарэсам Беларусі. Аргумэнтацыя бывае розная, але гэтая аргумэнтацыя вельмі прыемная. А значыць, наша праца не ішла намарна, а што людзі ў Беларусі пачалі думаць катэгорыямі нацыянальных інтарэсаў.

Якая ў вас аўдыторыя цудоўная -- настаўнікі, прафэсары, дырэктары чытаюць "Нашу Ніву!", слухаюць Радыё Свабода
Каліноўскі:
Давайце Андрэй, мы зараз арганізуем такі бліц. “Наша Ніва” паступіла ў шапікі ў розных гарадах Беларусі, газэту раскупілі. Мы знайшлі некалькіх чытачоў у розных рэгіёнах, якія пачыталі “Нашу Ніву” ў колеры і на наркамаўцы і папрасілі іх ацаніць, так бы мовіць, новы фармат і зьмест выданьня. Такім чынам мы дамо вашым чытачам па чарзе слова, а вы будзеце ім адказваць па 30 сэкундаў.

Уладзімер Зянько, дырэктар выдавецтва “Паляшук” з Пінску – сталы чытач і прыхільнік “Нашай Нівы”:

“Тое, што зьмяніўся дызайн, і газэта стала каляровай, мне прыйшлося да спадобы. Газэта падабаецца. У мяне заўвагаў няма. Якія пажаданьні? Больш пісаць пра правінцыйныя гарады. Тое, што газэта перайшла на наркамаўку, я вельмі абураны, і шчыра кажучы, яшчэ думаю, буду падпісвацца на наступны год ці не. Але хутчэй за ўсё канечне падпішуся. Але я абураны”.

Дынько: Даю ідэю людзям з рэгіёнаў, давайце пачнем, скарыстаемся з гэтага пэрыяду адлігай, лібэралізацыяй, важна як яе назваць, і будзем выдаваць рэгіянальныя дадаткі да газэты "Наша Ніва" . Гэтая патрэба даўно насьпела, і яна цікавая асабліва ў тых гарадах, дзе газэт мала выдаецца. Зьвяртаецеся ў рэдакцыю, мы гатовыя са свайго боку дапамагаць у арганізацыі такіх дадаткаў.

Валерыя Сом, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Полацку, раней заўсёды выпісвала тыднёвік, кожны дзень чытае сайт “нашай Нівы”.

У любым выпадку каляровая газэта прываблівае болей, чым не каляровая "Наша ніва" заўсёды вызначалася вельмі кляснымі матэрыяламі. Яна ніякім чынам не палепшылася і не пагоршылася. Мне прыемна, што я зноўку змагу набываць яе ў шапіках і нармальна выпісваць.

Падпісваючы "Нашу Ніву" вы будзем чытаць многа матэрыялаў па гісторыі, будзеце мець парады, як дзейнічаць у часы эканамічнага крызісу. Вы будзеце бачыць твары палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. А таксама будзеце мець поўную вычарпальную інфармацыю пра ўсе падзеі нацыянальнага жыцьця
Дынько: Тое, што газэта перайшла ў колер, гэта вялікі прагрэс, гэтага ніколі ў гісторыі не было. А раз выходзяць у колеры газэты ва ўсім сьвеце, то трэба, каб беларусы былі ня горшымі за астатніх. Што да зьместу газэты, гэта вельмі моцна залежыць ад нашых тэхналягічных магчымасьцяў. У "Нашай Ніве" на ўсё пра ўсё працуе 13 чалавек (гэта і кніжкі, і сайт, і газэта). У "Народнай Волі" працуе 24 чалавекі . Давайце не будзем патрабаваць ад нашых журналісцкіх калектываў таго, каб яны рабілі адразу "Нью-Ёрк Таймс" на 120 старонках. Галоўнае, каб тое, што мы пішам, было праўдай, і каб акцэнты былі расстаўленыя правільна.

Алесь Астроўскі, прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, выказаўся даволі іранічна:

“Я чытаю мала "Нашу Ніву", толькі асобныя артыкулы. Ёсьць такая зьява -- інтэлектуальны выпяндрож, калі людзі блытаюць сваю інтэлектуальную творчасьць і толькі дзеля гэтага пачынаюць нешта пісаць і гаварыць з той драматычнай сытуацыяй, якая ёсьць у краіне. Я лічу, што нельга адрывацца ад той рэчаіснасьці, якая ёсьць. Яна вельмі трагічная, і трэба ўсе высілкі, у тым ліку талент, інтэлект, накіраваць на вырашэньне гэтых праблемаў, а не фармалізавацца і ў нейкіх формах выпендрывацца. Такія элемэнты ў "Нашай Ніве" праглядаюцца”.

Дынько: Якая ў вас аўдыторыя цудоўная -- настаўнікі, прафэсары, дырэктары чытаюць "Нашу Ніву!", слухаюць Радыё Свабода. Выпяндрож бачыце... Слова гэтае кожны разумее па-свойму.

Лекар-нэўроляг Васіль Аўраменка з Магілёву лічыць, што пра сваё вяртаньне ў шапікі і падпісны каталёг “Нашаніўцы” павінны абвесьціць больш гучна, правесьці нейкія PR-акцыі, прамацыйную кампанію:

Я -- сталы падпісчык і чытач газэты і мала заўважыў зьменаў у сувязі з выхадам у каляровым выглядзе. Нават і на правапіс не зьвярнуў увагу. Неяк чытаю першую старонку, потым далей іду. Дык вось, зьмену правапісу я заўважыў толькі на другой старонцы. Для мяне істотна нічога не зьмянілася. Мне здаецца, нармальная газэта. Можа, крышку шырэй імкнецца погляды даць, не адзін погляд, але і іншы. А гэта таксама толькі плюс.

Дынько:
Падпісваючы "Нашу Ніву" вы будзем чытаць многа матэрыялаў па гісторыі, будзеце мець парады, як дзейнічаць у часы эканамічнага крызісу. Вы будзеце бачыць твары палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. А таксама будзеце мець поўную вычарпальную інфармацыю пра ўсе падзеі нацыянальнага жыцьця -- ад канцэртаў, ад выхаду новых кніг, да праграмы беларускага каналу Белсат, да ўсіх палітычных падзеяў, якія намячаюцца ў нашай краіне, а іх будзе ў наступным годзе багата.

"Народная Воля" ў колеры, на 150 старонках і з гелікоптэрам