Кожны год у сьнежні сусьветна вядомы амэрыканскі тыднёвік „Time” выбірае чалавека году. Партрэт чалавека году тыднёвік зьмяшчае на вокладцы, а ўнутры — інтэрвію зь ім. Сёлета чалавекам году стаў Барак Абама, першы чарнаскуры прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Барак Абама выйграў прэзыдэнцкія выбары 4 лістапада, здабыўшы 53 адсоткі галасоў у агульным галасаваньні; ягоны супернік, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Джон Маккейна, набраў 47 адсоткаў галасоў.
„Я думаю, што мы атрымалі моцны мандат, каб правесьці зьмены”
„Я думаю, што мы атрымалі моцны мандат, каб правесьці зьмены” — сказаў Абама у інтэрвію тыднёвіку „Time”.
Адказваючы на пытаньне тыднёвіка, якіх зьдзяйсьненьняў амэрыканцы павінны спадзявацца ад ураду пасьля двух гадоў ягонага прэзыдэнцтва, Абама назваў выхад эканоміку з найбольшага крызісу пасьля „вялікай дэпрэсіі” канца 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, стварэньне новых месцаў працы, рэформу аховы здароўя, рэформу асьветы ды запачаткаваньне пераходу эканомікі на новыя крыніцы энэргіі.
У замежнапалітычнай сфэры Абама паабяцаў цягам бліжэйшых двух гадоў зачыніць амэрыканскую турму Гуантанама на Кубе, вывесьці войскі зь Іраку, узмоцніць амэрыканскую прысутнасьць у Аўганістане ды ажывіць працу міжнародных інстытутаў, якія займаюцца глябальнымі праблемамі і пагрозамі, уключна з ацяпленьнем клімату.
„У дадатак да гэтых канкрэтных палітычных мераў, я хачу, каб праз два гады амэрыканцы маглі сказаць: „Наш урад не дасканалы; некаторыя рэчы, якія робіць Абама, дзейнічаюць на мае нэрвы. Але ведаеце што? Я адчуваю, што гэты ўрад працуе дзеля мяне. Я адчуваю, што ён адказны. Я адчуваю, што ён празрысты. Я адчуваю сябе добра паінфармаваным аб дзеяньнях ураду” — сказаў Абама тыднёвіку „Time”.