Сёньня – пра лепшыя, на погляд спадара Арлова, прэзэнтацыі ды іншыя літаратурныя імпрэзы.А напрыканцы тыдня прагучыць перадача на тэму замовы нашага грамадзкага рэдактара – “Цуд на Каляды”.
"2008-мы быў адметны таксама пошукамі новых формаў кантактаў літаратараў паміж сабой і з чытачамі. Здаецца, пачынаюць адыходзіць у мінулае літпрэзэнтацыі, што складаюцца з адных удалых ці ня вельмі выступаў аўтараў ды іхніх калегаў.
У прамінулым годзе адбылося некалькі прэзэнтацыяў, якія сталіся падзеямі ня толькі літаратурнага жыцьця, але і ўсёй культурнай панарамы краіны.
Здаралася, што на гэтых імпрэзах вялікія залі (калі іх удавалася атрымаць) маглі зьмясьціць меншую частку ахвочых туды патрапіць. Адразу згадваецца прэзэнтацыя “Бэрлібраў” Андрэя Хадановіча і перакладной кнігі “Мэрсэдэс-Бэнц” Паўла Гюле з удзелам аўтара.
Гэта былі сапраўдныя спэктаклі з удалымі сцэнарамі, добрай рэжысурай… Побач зь літаратарамі на сцэне знаходзіліся акторы й музыкі, мастацтва якіх у суладнасьці стварала глыбокія і яскравыя па сваім зьмесьце відовішчы.
Дзякуючы каардынатару праекту Аляксандры Макавік і кіраўніку Швэдзкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі Стэфану Эрыксану (які, дарэчы, перакладае зь беларускай) далёка за межы шараговай прэзэнтацыі выйшла імпрэза з нагоды выхаду кнігі Астрыд Ліндгрэн “Піпі Доўгаяпанчоха”, на якую прыехала дачка пісьменьніцы – Карын і самая знакамітая ў сьвеце дасьледчыца творчасьці Ліндгрэн Ула Лундквіст.
Асаблівай гаворкі заслугоўвае паэтычны слэм ў межах праведзенага ў Менску міжнароднага літаратурнага фэсту “Парадак словаў”.
2008-мы быў і годам плённых вандровак па краіне супрацоўнікаў і аўтараў часопісаў “Архэ” і “Дзеяслова”. Нашыя літаратары пасьпяхова прэзэнтавалі свае кнігі за мяжой: Барыс Пятровіч у Швэцыі, Марыйка Мартысевіч ва Ўкраіне… Беспрэцэдэнтным атрымалася вялікае літаратурнае падарожжа па Польшчы Ўладзімера Някляева. Лявона Баршчэўскага, а таксама перакладчыка Адама Паморскага, да якіх прыбіўся і я. Мы прэзэнтавалі польскамоўную анталёгію беларускай паэзіі ў Варшаве, Беластоку, Ольштыне, Познані, Уроцлаве і Гданьску.
Нашыя літаратары ў 2008-м бралі ўдзел і нярэдка рабіліся ляўрэатамі вялікіх міжнародных фэстаў у Славеніі, Нямеччыне, Польшчы, Украіне, Летуве, Расеі…Андрэй Хадановіч дабраўся ажно да Калюмбіі, дзе выступаў перад тысячнымі аўдыторыямі, а Ўладзімер Някляеў нядаўна тое самае рабіў у Казахстане.
Мяркую, што дзякуючы найперш маладзейшай генерацыі новы год падаруе нам ня толькі новыя таленавітыя творы, але й новую якасьць літаратурных імпрэзаў".
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ён яшчэ праходзіць рэабілітацыю пасьля складанай апэрацыі на сэрцы, аднак пагадзіўся цягам тыдня падсумаваць у ранішніх этэрах выніку году ў літаратуры і мастацтве. Сёньня – пра лепшыя, на погляд спадара Арлова, прэзэнтацыі ды іншыя літаратурныя імпрэзы.А напрыканцы тыдня прагучыць перадача на тэму замову нашага грамадзкага рэдактара – “Цуд на Каляды”.