Якія наступствы эканамічнага крызісу для псыхікі?

Як адаб’юцца на псыхіцы, здароўі, звычках супрацоўнікаў згортваньне падчас крызісу вытворчасьцяў, банкруцтвы банкаў і кампаніяў? Адмоўныя тэндэнцыі ў розных галінах беларускай эканомікі адчуваюцца ўсё больш. Як ня страціць спакою ў чаканьні яшчэ горшай пэрспэктывы?
Крымінальныя хронікі суседняй Расеі ўсё часьцей разбаўляюцца выпадкамі самагубстваў пасьпяховых яшчэ нядаўна людзей.

39-гадовы дырэктар санкт-пецярбурскай фірмы “Генезис” застрэліўся з паляўнічай стрэльбы ў сваёй кватэры. Месяцам раней з вакна кватэры на 16 паверсе выкінуўся ягоны намесьнік; абодва былі заснавальнікамі буйной сеткі аптэк. Іншы маскоўскі прадпрымальнік, ня вытрымаўшы непрагназаваных праблемаў, утапіўся ў Маскве-рацэ. Цела вылавілі побач з элітным жылым комплексам “Алые паруса”. Маскоўскі топ-мэнэджар, які займаўся сыстэмамі бясьпекі, стрэліў у сябе з карабіна. Добраахвотна разьвітаўся з жыцьцём кіраўнік эксплюатацыйнай кампаніі жылога фонду Санкт-Пецярбургу: 47-гадовы бізнэсовец скочыў з балькону элітнай шасьціпавярхоўкі. На пачатку сьнежня адразу два самагубствы бізнэсоўцаў зафіксаваныя ў Новасібірску.

Пры ўсіх знайшлі перадсьмяротныя запіскі. Асноўныя матывы самагубстваў — фінансавыя праблемы ў бізнэсе і крэдыты, якія немагчыма выплачваць.

Юры Сьвірко
Хваля самагубстваў прадпрымальнікаў дакацілася і да Ўкраіны. Гаворыць кіеўскі журналіст Юры Сьвірко:

“Наступствы, натуральна, адчуваюцца. У Львове, здаецца, бізнэсовец з вакна выкінуўся. Спэцыяльна за гэтым я не сачу, але стан у людзей досыць прыгнечаны”.

Карэспандэнт: “То бок настрой аб’ектыўна пакідае жадаць лепшага?”

“Ну так. Таму што адбываюцца скарачэньні, закрываюцца фірмы, зьніжаецца попыт на розныя тавары, супрацоўнікаў звальняюць”.

Беларусы ў такія сумныя зводкі, дзякуй Богу, не імкнуцца. Магчыма, праз тое, што, адрозна ад краін-суседзяў, горшыя часы ў беларускай эканомікі яшчэ толькі наперадзе. Як мяркуюць эканамісты, крызіс будзе абвастрацца да першага кварталу 2009 году ўключна, а яго наступствы будуць адчувацца ўвесь год. У сваю чаргу, кажуць спэцыялісты, чаканьне горшага прывядзе да надзвычай высокай ступені псыхалягічных зрываў. Тыя, хто рэальна пацярпеў ад крызісу, рызыкуюць упасьці ў дэпрэсію.

Доктар псыхалягічных навук, прафэсар Ігар Фурманаў кажа, што на кожнага сытуацыя ўплывае па-свойму. Але калі бальшыня дзелавых людзей у Беларусі ўсё ж намагаюцца актыўна супрацьстаяць навале, то бюджэтнікі, па савецкай традыцыі, сядзяць і назіраюць: а чым жа ўсё скончыцца?
Бальшыня людзей будзе рэагаваць нэгатыўным станам...


“Зазвычай агульная карціна ў такіх выпадках — падвышэньне ўзроўню трывогі, дэпрэсіўнасьць, узмацненьне агрэсіі, варожасьці, іншых нэгатыўных характарыстык. Але рэч у тым, што ў пакаленьня, якое вырасла пры сацыялістычнай сыстэме, вельмі доўгі час фармавалася гэткая псыхалёгія ўтрыманцаў — тое, што называлася “ўпэўненасьцю ў заўтрашнім дні”. Але гэта палка з двума канцамі. З аднаго боку, яна дае нейкія “стабільнасьць і спакой” чалавеку, а зь іншага — пазбаўляе, а дакладней, не матывуе да выяўленьня якойсьці актыўнасьці. Маўляў, навошта, калі заўтра будзе ўсё тое ж самае. Таму, хутчэй за ўсё, бальшыня людзей, сфармаваных у той сыстэме, будзе рэагаваць нейкімі нэгатыўнымі станамі. Я думаю, вельмі малая колькасьць людзей будзе выяўляць актыўнасьць, рабіць нейкія дзеяньні, каб уратавацца”.

Міхаіл Дзернакоўскі
Дырэктар “Коўчынг-цэнтру”, псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі не падзяляе пашыранага пэсымізму адносна пэрспэктывы працяглага “буксаваньня” ва ўмовах сусьветнага крызісу. Ён кажа, што пэрыяд стагнацыі перажываецца не ўпершыню, таму арыентавацца трэба толькі на пэрспэктыву — пасьля крызісу абавязкова наступае эпоха імклівага эканамічнага росту. Аднак часовыя няўдачы бальшыня людзей нэўтралізуе аднолькава — праз бутэльку:
У такія моманты прыбытковасьць казіно павялічваецца раза ў паўтара...


“Існуе шмат стэрэатыпных спосабаў барацьбы з крызісам, якія насамрэч ня вельмі эфэктыўныя, але людзі да іх цягнуцца. Правільна думаць ня толькі пра тое, што адбываецца, але глядзець у будучыню — што будзе праз год-два? Думаць, як падняцца, як выжыць. Калі чалавек пачынае арыентавацца на доўгатэрміновую пэрспэктыву, ён разумее: гэта яшчэ не канец, шмат што чакае ў будучыні. Калі ж фіксуецца на тым, што адбылося зараз, калі ён страціў, прыкладам, вялікую суму грошай, то часьцей за ўсё людзі, з аднаго боку, прыбягаюць да алькагольных напояў, а зь іншага — ідуць у казіно. Паводле некаторых зьвестак, у такія моманты прыбытковасьць казіно павялічваецца раза ў паўтара. Але такія спосабы не дапамагаюць. Таму трэба думаць пра іншыя, больш эфэктыўныя мэтады самарэгуляцыі. Трэба прымусіць сябе будаваць зразумелыя пляны на будучыню, акрэсьліць рух да новых мэтаў, новых задачаў. Бо жыцьцё ў часе крызісу, хутчэй за ўсё, ня скончыцца. Крызіс пройдзе, і трэба будзе рухацца кудысьці далей”.

Юры Данькоў
Пасьпяховы бізнэсовец, гаспадар сеткі казіно Юры Данькоў таксама можа назваць сябе мішэньню крызісных наступстваў. Менскі клюб “Dankoff” заўсёды быў папулярны ў аматараў карпаратыўных вечарынак, аднак у новых эканамічных рэаліях дзелавым людзям не да забаваў. А ці пацьвярджае ён словы Міхаіла Дзернакоўскага пра тое, што людзі кінуліся ў казіно ратаваць фінансавае становішча?
Ніколі ў казіно не паправіш свайго матэрыяльнага стану, а наадварот, яшчэ больш “вылеціш”...

“Часткова гэта мае месца. Але, напэўна, ня так, як ён кажа. Як ён падае, то адчуваньне, што ён сам гулец. Пытаньне палягае ў іншым. Людзям, якія знаходзяцца ў стане незанятасьці, уласьціва фантазіяваць. Калі чалавек думае, што ў казіно можна пайсьці і паправіць сваё фінансавае становішча, то ў жыцьці гэта не заўсёды так. Ніколі ў казіно не паправіш свайго матэрыяльнага стану, а наадварот, яшчэ больш “вылеціш”. Гульнёвая ўстанова — такая ж форма забавы і адпачынку, як і іншыя. Нават калі ты выйграў мільён і заўтра зноў прыйшоў гуляць, то другога мільёна ня выйграеш. Гэта чыста зваротны балянс грошай, якія ёсьць. Што тычыцца самога крызісу, то, вядома, пацярпяць перадусім тыя, хто працаваў на грашах “дутых”. Багатыя кампаніі, якія раней замаўлялі і праплачвалі свае карпаратывы, замовы паздымалі. Кажуць людзям: хочаце — скідайцеся, ідзіце самі, кампанія аплаціць ня можа. Пра што гэта сьведчыць? Што гэта тыя кампаніі, якія на чымсьці мелі звышпрыбыткі, а цяпер засталіся “з носам”.

Напярэдадні калядна-навагодняга маратону сусьветны крызіс выяўляецца ўсё больш яскрава. Адчулі гэта на сабе музычныя гурты і сьпевакі, для якіх пераднавагоднія дні — пара “зялёнага сенакосу”. Аднак, як скардзяцца ў кулюарах нават папулярныя калектывы, за два тыдні да Новага году некаторыя ня маюць ніводнай вартай прапановы — хоць летась ледзьве пасьпявалі пераяжджаць з аднаго клюбу ў другі. Мусяць зьмяняць звычкі і заможныя людзі. Шмат хто карэктуе традыцыйныя выезды за мяжу і ці не ўпершыню за апошнія гады сустрэне 2009-ы ў Беларусі.

Ня час для “панскіх замашак” і ў аматараў аўтамабільнага камфорту. Так, бізнэсовец Алег Марозаў крытыкуе амэрыканскі аўтапрам, да якога ён прызвычаіўся яшчэ на пачатку 1990-х, але які нават пасьпяховым людзям ужо не па кішэні:

“Хвароба амэрыканцаў: вялікія рухавікі, вялізны круцячы момант, але такая пражэрлівасьць, што сёньня нават выхаванаму чалавеку — я не кажу багатаму ці пры дастатку — ужо шкада каністрамі выліваць у паветра бэнзін. І калі яны ў гэтым пляне не пацягнуцца за японцамі і лепшымі немцамі, то будзе праблема. Яны фактычна абвалілі рынак аўтамабіляў. Сёньня ў Эўропе гэта машыны, якія маюць самы мінімальны продаж. Ніводзін амэрыканскі брэнд не вытрымлівае канкурэнцыі. Яшчэ маглі дыхаць, калі некаторыя свае мадэлі сумесна зьбіралі з “Мэрсэдэсам”. Але цяпер “Крайсьлер” і “Мэрсэдэс” разьвяліся канчаткова, забраўшы ўсё сваё, з адпаведнымі выдаткамі па якасьці. Пасьля гэтага ў Эўропе і ў сьвеце іх рэалізацыя рэзка ўпала. Дый ня толькі амэрыканцы пасьля пяціразовага падвышэньня кошту бэнзіну пачалі лічыць грошы”.