Сёньня Міністэрства юстыцыі Беларусі перадало афіцыйнае пасьведчаньне аб рэгістрацыі “Руху “За свабоду” яго заяўнікам.
Пра гэта “Свабодзе” паведаміў намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч. Ён адзначыў, што рух зарэгістравалі толькі з чацьвёртай спробы.
Першы свой устаноўчы сход рух правёў яшчэ ў траўні 2007 году. Апошняе, чацьвёртае па ліку, рашэньне аб стварэньні грамадзкай арганізацыі было прынятае 23 кастрычніка сёлета ў Магілёве на ўстаноўчай канфэрэнцыі пры ўдзеле больш як 70 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Канфэрэнцыя зацьвердзіла статут і сфармавала кіроўчыя органы аб’яднаньня. Старшынём абраны Аляксандар Мілінкевіч. Яго намесьнікамі сталі Віктар Карняенка і Юрась Губарэвіч.
У інтэрвію “Свабодзе” Юрась Губарэвіч адзначыў:
“Атрымалася зарэгістравацца толькі з чацьвёртай спробы. Але, на маю думку, нічога дзіўнага ў самім факце рэгістрацыі няма. Таму што зь юрыдычнага пункту гледжаньня тыя дакумэнты, якія мы падалі на рэгістрацыю, былі бездакорныя.
На нашу думку, такая ж сытуацыя была і ў тры мінулыя разы. Але сёньняшняя рэгістрацыя сьведчыць пра пэўныя зьмены ў стаўленьні рэжыму да грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
Вельмі б хацелася, каб факт рэгістрацыі “Руху “За свабоду” ня стаў выключэньнем з агульных правілаў нерэгістрацыі. І каб рэгістрацыю атрымалі ў найбліжэйшы час незалежныя і дэмакратычныя арганізацыі, якія правялі свае ўстаноўчыя сходы і падалі адпаведныя дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі".