Адчуўшы істотныя фінансавыя праблемы, чыноўнікі ў рэгіёнах імкнуцца эканоміць на ўсім. Да прыкладу, ва Ўзьдзенскім раёне на Меншчыне сельсаветы пачалі спаганяць грошы за месца на вясковых могілках.
Дэпутаты Ўзьдзенскага райсавету зацьвердзілі на сэсіі палажэньне аб спагнаньні платы за новыя магілы. Тлумачыць мясцовы чыноўнік Віктар Сабалеўскі:
“Адна рэч, калі ўчасткі займаюць для сябе муж і жонка. Ім гарантуюцца гэтыя месцы бясплатна. Але ж ёсьць выпадкі, калі займаюць на могілках месцы для брата, свата, суседа, таварышаў зь Менску. На 7—10 месцаў нават адгароджваюць.
Ва ўсіх сельсаветах ужо трэба плаціць за зямлю пад магілу
Цяпер з 10 сельскіх Саветаў у 6-ці пачынаюць ужо зьбіраць гэтыя сродкі. Плацяць тыя, хто жадае, каб яго пахавалі на вясковых могілках. Браніруюць тым самым адпаведныя месцы”.
Яшчэ ў аднаго суразмоўцы з Узды, прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Віктара Калея, цікаўлюся: як рэагуюць тутэйшыя людзі на дадатковы грашовы збор? Ён кажа:
“Калі родныя трапляюць у такую сытуацыю, то яны ж ня будуць, як той казаў, таргавацца. Гэта ж ня тое, калі выбіраеш нейкі тавар і можаш набыць яго ці адмовіцца. У дадзеным выпадку абавязкова заплацяць, бо трэба. З гэтым жа не адцягнеш на дзень альбо тыдзень. Заплаціш, як таго патрабуюць”.
Чыноўнікі не цураюцца грошай зь нябожчыкаў
Цяпер на тэрыторыі Ўзьдзенскага раёну 60 пагостаў. За два квадратныя мэтры апошняга прытулку трэба заплаціць 120 тысяч рублёў. Плянаваная агульная сума прыбытку цягам году — 18 мільёнаў. Віктар Калей лічыць, што такім чынам чыноўнікі латаюць мясцовы бюджэт ва ўмовах крызісу.
“Ведаеце, Узьдзенскі раён — датацыйны. Тутэйшае кіраўніцтва шукае хоць якіх магчымасьцяў зарабіць капейчыну. Урэшце і такіх далікатных пытаньняў не цураюцца”.