Сьледзтва выставіла абвінавачаньне былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру, ён знаходзіцца пад вартай, паведамляе “Інтэрфакс”. Сьнегіру пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
У Генэральнай пракуратуры паведамілі, што Сьнегіру вылучана абвінавачаньне па артыкуле 424 Крымінальнага Кодэксу (злоўжываньні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі), да яго прымененая меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
Частка 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць вызначаныя пасады.
13 лістапада на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, кіраўнік дзяржавы заявіў, што Міхаіл Сьнягір незаконна набыў кватэру ў элітным доме па цане, значна ніжэйшай за яе кошт у паўмільёна даляраў. Роля намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава зьвялася да таго, што ён нібыта ведаў пра справы абласнога пракурора і ўсяляк яму спрыяў.
Між тым Анатоль Зубоўскі, старшыня праўленьня швэдзка-беларускай кампаніі, якая валодала спрэчнай кватэрай, даслаў на tut.by ліст, у якім сьцьвярджае, што Міхаіл Сьнягір цалкам разьлічыўся зь фірмай і заплаціў за кватэру 250 тысяч даляраў. Што ж тычыцца нібыта пакрыўджанага сп.Сідаровіча, які арандаваў гэтую кватэру, то старшыня праўленьня ўпэўнены, што менавіта ён адыграў нэгатыўную ролю ў гэтай справе.
У генэральнай пракуратуры Беларусі не паведамляюць падрабязнасьцяў крымінальнай справы.
Паводле неафіцыйных зьвестак, справу Сьнегіра — Купрыянава расьсьледуе брыгада ў складзе 32 сьледчых. Найбольш увагі яны надаюць загараднаму дому, які былы пракурор вобласьці нібыта будаваў на імя падстаўной асобы, даючы ёй грошы. Сьледчыя грунтуюцца на зьвестках, атрыманых супрацоўнікамі КДБ, якія сачылі за Сьнегіром і ягонымі сваякамі. Паводле гэтых дадзеных, былы пракурор і ягоныя сваякі нібыта наведвалі загарадны дом з мэтай кантролю за будоўляй.