Брусэль вытрымаў паўзу

Сёньня Менск наведае дырэктар Генэральнага сакратарыяту Рады Эўрапейскага Зьвязу Хельга Шміт. Яна таксама зьяўляецца дарадцай Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіера Саляны.

Менавіта яна вядзе непасрэдныя перамовы з кіраўніцтвам Беларусі аб паляпшэньні дачыненьняў з Эўрапейскім Зьвязам.

Хельга Шміт – галоўная асоба ад Брусэлю на перамовах у Менску. Яе прыезд укладаецца ў рамкі чарговага працоўнага візыту.


Спадарыня Шміт традыцыйна выслухае два бакі: уладу і апазыцыю. Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька сёньня таксама запрошаны на размову:

Я ня думаю, што яна едзе віншаваць з Новым годам і Калядамі беларускіх чыноўнікаў.
“Гэта адкладзеная паездка. Яна плянавалася раней. Але такім чынам, відаць, Менску далі зразумець, што калі зь яго боку ня будзе нейкіх, хоць маленькіх, крокаў, то высокапастаўленыя чыноўнікі з Эўропы ня будуць сюды сьпяшацца. І толькі ўзяўшы паўзу, спадарыня Шміт прыяжджае ў Менск. Я ня думаю, што яна едзе віншаваць з Новым годам і Калядамі беларускіх чыноўнікаў. Відаць, сытуацыя набліжаецца да таго, што патрэбна фармуляваць вельмі выразна і ясна парадак дня, які трэба абмяркоўваць. І які стаіць у парадку ўзаемаадносінаў Эўропы і Беларусі”.

Беларускія ўлады таксама рыхтуюцца да гэтага візыту. Прынамсі 12 сьнежня Палата прадстаўнікоў аднагалосна ратыфікавала пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўракамісіяй аб усталяваньні прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Беларусі, а таксама аб прывілеях і імунітэце для яго. Дэпутаты Палаты зрабілі гэта ўжо другі раз. Упершыню – яшчэ 17 чэрвеня, і тады пагадненьне ратыфікавалі дэпутаты папярэдняга складу. Аднак Савет Рэспублікі — таксама папярэдняга складу — вярнуў гэты дакумэнт у Палату. Таму дэпутаты вымушаныя вярнуцца да пагадненьня паўторна.

Дэпутатка Валянціна Лявоненка зь міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў патлумачыла гэта так:

“Беручы пад увагу тэндэнцыю да ўсталяваньня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі эўрапейскага рэгіёну і патрэбу ў ратыфікацыі гэтага пагадненьня, якая ўзрастае, наша камісія паўторна разгледзела гэты дакумэнт. Мы рэкамэндуем Палаце прадстаўнікоў яго прыняць”.

А на пытаньне, ці не атрымаецца так, што Савет Рэспублікі зноў вярне пагадненьне ў Палату прадстаўнікоў, спадарыня Лявоненка запэўніла калегаў:

“Да тэксту пагадненьня заўвагаў няма. Праблема была ў тым, што чальцам Савета Рэспублікі быў патрэбны час, каб удакладніць некаторыя пытаньні”.


Палітоляг Ігар Лялькоў таксама ўпэўнены, што гэтым разам верхняя палата Нацыянальанага сходу ня будзе вяртаць пагадненьне. І вось, чаму:

“Вядома, што за гэты час выйшаў указ Лукашэнкі, у якім таксама абгаворваюцца прывілеі для прадстаўніцтва Эўракамісіі і ўвогуле пэўныя льготы для сумесных праграмаў Эўразьвязу з Беларусьсю. Я думаю, што паўторная ратыфікацыя і ўпэўненасьць, што Савет Рэспублікі ня будзе вяртаць гэты дакумэнт, якраз і зьвязаная з удакладненьнем пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі”.