Марш прадпрымальнікаў: з рэгіёнаў — на Бангалор

У сёньняшняй акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску ўдзельнічалі і дэлегацыі з рэгіёнаў. Некаторым зь іх давялося дабірацца ў сталіцу нават празь міліцэйскія кардоны.

У Сьветлагорску раніцай міліцыя ня выпусьціла ў Менск два аўтобусы, замоўленыя прадпрымальнікамі. Пра гэта паведаміў старшыня каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў краіны Анатоль Зьмітровіч:


Міліцыянты запалохалі вадзіцеляў,
каб тыя ня везьлі прадпрымальнікаў у Менск

Анатоль Зьмітровіч: “Аўтобус ня выехаў ні адзін, ні другі, бо ДАІ забараніла выяжджаць. Міліцыянты запалохалі вадзіцеляў, якія зьбіраліся везьці прадпрымальнікаў на марш.
Мы хадзілі натоўпам у міліцыю, высьвятлялі, што да чаго. Але ніхто нас ня выслухаў
Мы хадзілі натоўпам у міліцыю, высьвятлялі, што да чаго. Але ніхто нас ня выслухаў.

Тым ня менш прадпрымальнікі знайшлі выйсьце. Усе, хто зьбіраўся, выправіліся ў Менск. І я таксама“.

Нягледзячы на спыненьні ў дарозе, на марш у Менск дабраліся прадпрымальнікі зь Берасьцейшчыны, Віцебску, Полацку і Наваполацку, Мазыра, Слуцку, Барысава.


“Гэта праблемы 200 тысяч прадпрымальнікаў”

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў: “Гэта праблема не адной арганізацыі. Гэта праблема 200 тысяч прадпрымальнікаў. Адпаведна, трэба змагацца за справу разам. І варта не аддзяляць праблемы эканомікі ад палітыкі. Усе мы цудоўна разумеем, што цяперашні ўрад Беларусі не выконвае свае абавязкі ў дачыненьні да прадпрымальнікаў”.

На шэсьці ў Менску прадпрымальнікі з рэгіёнаў ішлі пад лёзунгамі “Свабоду прадпрымальніцтву!”, “Працу!”

Прадпрымальніца з Давыдаўскага рынку ў Гомелі Ірына Коваль: “Я цяпер у перадынфарктным стане: я ўдава, адна гадую дзяцей. Куды я пайду з рынку? Мне пяцьдзясят гадоў, мяне ўжо нікуды ня возьмуць. Мы нічога ня просім у дзяржавы — ні капейкі, ні бальнічнага лістка. Мы ёй плацім падаткі. Мы нават давалі працоўныя месцы іншым”.


“Няхай Лукашэнка дасьць нам новыя працоўныя месцы!”

Многія дробныя гандляры лічаць так: калі ўлады вырашылі зьліквідаваць дробных гандляроў на рынках, то няхай спачатку забясьпечаць іх працоўнымі месцамі на прадпрыемствах.
Няхай Лукашэнка дасьць нам працоўныя месцы. І мы кінем гэты хлеб і пойдзем працаваць на заводы.


Гомельская прадпрымальніца: “Няхай Лукашэнка дасьць нам працоўныя месцы. І мы кінем гэты хлеб і пойдзем працаваць на заводы”.

Сёньня ў Магілёве прадпрымальнікі, якія ня трапілі на пратэст у Менску, зьбіралася на рынку ў мікрараёне Саломенка. Гэты рынак улады зьбіраюцца ліквідаваць, а на ягоным месцы збудаваць спарткомплекс. Гандляры — супраць гэтага і зьбіраліся правесьці мясцовы рэфэрэндум. Чыноўнікі адмовілі і ў гэтым.

“Нашы магілёўскія чыноўнікі папросту не прыслухоўваюцца да думкі народу. Да думкі тых людзей, якія плацяць ім заробкі і ўтрымліваюць іх. Таму я лічу, што гэта вялізная непавага да людзей”, — гэтак пракамэнтаваў рашэньне гарвыканкаму жыхар мікрараёну, былы кандыдат у дэпутаты Ігар Каваленка.


Пад сваім пратэстам прадпрымальнікі сабралі 6 тысяч подпісаў

Супраць зносу рынку прадпрымальнікі сабралі шэсьць тысяч подпісаў жыхароў мікрараёну.

Сёньня прадпрымальнікі наведалі памочніка прэзыдэнта, галоўнага інспэктара па Магілёўскай вобласьці Генадзя Лаўранкова. Чыноўнік выслухаў меркаваньні гандляроў і даў свой адказ.

“Ён сказаў, што ёсьць фінансаваньне пад спарткомплекс і мы павінны пераехаць. Але мы будзем пераяжджаць толькі тады, калі будзе падрыхтаваная пляцоўка на сто працэнтаў”, — заявіла адна з прадпрымальніц.


Мілінкевіч: “Мы мусім працаваць з прадпрымальнікамі”

Па выніках акцый пратэсту прадпрымальнікаў лідэр стваранага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заявіў:

“Я лічу, што палітыкі павінны быць актыўнымі, таму што вырашаецца лёс вялікай групы людзей — людзей актыўных, прадпрымальных. Звычайна ў грамадзтве гэта людзі вельмі каштоўныя. Мы ня можам стаяць збоку й казаць: “Вырашайце самі свае праблемы”.

Я сам хадзіў у Менску ва Ўруччы па рынку, сустракаўся зь людзьмі. Мы распаўсюджвалі бюлетэні, тлумачылі сытуацыю й заклікалі людзей удзельнічаць у сёньняшняй мірнай, дазволенай акцыі. Бо калі самому не бараніць сябе, то ніхто цябе таксама бараніць ня будзе”.