Андрэй Тур: “Прадпрымальнікі мяне ня так зразумелі…”

Ці будзе мець плён сёньняшні марш індывідуальных прадпрымальнікаў? Ці зьвернуць увагу адказныя дзяржаўныя чыноўнікі на праблемы прадстаўнікоў малога бізнэсу?
Прадпрымальнікі заяўляюць: працаваць ва ўмовах, падрыхтаваных для іх Міністэрствам эканомікі, немагчыма. Ад 1 студзеня 2009 году прадукцыя, якая набываецца за мяжой, павінна праходзіць па афіцыйных дакумэнтах з сэртыфікацыяй, выплатай мытных збораў і падатку на дададзеную вартасьць, а таксама суправаджацца поўнай бухгальтарскай дакумэнтацыяй на тавар. Да таго ж навацыям папярэднічалі іншыя абмежавальныя захады — ад 1 студзеня 2008 году індывідуальныя прадпрымальнікі ня могуць мець найманых работнікаў, акрамя блізкіх сваякоў.

Падчас папераджальнага страйку 10 сьнежня ў СМІ было распаўсюджана выказваньне намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, які заявіў: ведамства мае намер хадайнічаць перад Саветам міністраў, каб адтэрмінаваць да 1 студзеня 2010 году палажэньне, якое абурыла прадпрымальнікаў. Аднак лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка напярэдадні сёньняшняй акцыі заклікаў калегаў стрымана ставіцца да гэтай інфармацыі. Сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода Андрэй Тур пацьвердзіў, што ягоныя словы грамадзкасьць “крыху ня так зразумела”. Для пачатку цікаўлюся — як ён сам ставіцца да маршу прадпрымальнікаў?

“Ну, так, яны атрымалі дазвол на мітынг. І калі няма чым займацца ў гэты пэрыяд часу, то няхай ходзяць...”
Андрэй Тур: "СМІ вас няправільна паінфармавалі..."


Карэспандэнт: “А што тычыцца агучанай вамі ініцыятывы зьвярнуцца з прапановай да Савету міністраў — ці ёсьць ужо нейкая яснасьць?”

“Сродкі масавай інфармацыі вас няправільна паінфармавалі. Таму што гэта быў проста адзін з варыянтаў. А насамрэч варыянтаў вельмі шмат. Таму ўрэшце ўсе хацелі напісаць толькі тое, што ўсе захацелі пачуць. Насамрэч схема куды больш складаная”.

У Міністэрстве эканомікі пытаньнямі малога і сярэдняга бізнэсу займаецца спэцыяльны Дэпартамэнт прадпрымальніцтва. Сувязь з дырэктарам гэтага дэпартамэнту Аляксандрам Ліхачэўскім — толькі праз прэсавую службу:

“Па-мойму, ён кудысьці сышоў. Ён мне патрэбен быў самой, спадзявалася, нейкая інфармацыя наконт гэтага ёсьць. Але не знайшла”.

Карэспандэнт: “А адносна таго, што на мінулым тыдні Тур заяўляў…”

“Я ня ведаю. Ніякай інфармацыі ў мяне наконт гэтага няма. Таму нічога не магу сказаць”.

Па выніках сёньняшняга маршу ўдзельнікі ўхвалілі рэзалюцыю, якую маюць перадаць у органы ўлады. Сярод іншага прадпрымальнікі рэкамэндавалі стварыць дзяржаўную камісію з удзелам лідэраў прадпрымальніцкіх рухаў, а таксама прызначыць упаўнаважанага ў справах прадпрымальнікаў пры прэзыдэнту. Аднак, як кажа колішні міністар эканомікі Георгій Бадзей, насамрэч тое, чаго патрабуюць прадпрымальнікі, ужо існуе:
Георгій Бадзей: "Яны прапанавалі тое, што і так ёсьць"...


“Справа ў тым, што такі інстытут амаль ёсьць — Савет па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнту. То бок насамрэч яны прапанавалі тое, што ўжо і так ёсьць”.

Карэспандэнт: “Значыць, зь імі ніхто не працуе, калі яны нават ня ведаюць пра існаваньне такіх структураў”.

“Ну, гэта ўжо іншае пытаньне. Але я нічога не магу канкрэтна сказаць, бо там ня быў і не магу рабіць нейкія высновы”.

Між тым сёньня прадпрымальнікі вырашылі рэкамэндаваць Адміністрацыі прэзыдэнта разглядзець пытаньні кампэтэнтнасьці чыноўнікаў, адказных за зьнішчэньне прадпрымальніцтва як клясы. Пры захаваньні гэтых умоваў прадпрымальнікі гарантуюць уладам падтрымку ва ўмовах крызісу: “Мы ня хочам канфрантацыі, але ў іншым выпадку ўся адказнасьць будзе ляжаць на ўрадзе”, — падсумаваў лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка.