Слонімскіх прадпрымальнікаў увялі ў зман, нібы ў сувязі з адменай указу № 285 акцыя ў Менску не адбудзецца. А гарадзенскія прафсаюзьнікі ўпэўненыя, што ўказ абавязкова адменяць.
Прадпрымальнікі Слоніма не паехалі сёньня ў Менск на акцыю, бо нехта на рынку ім сказаў, што ўказ № 285 нібыта ўжо адменены.
Са слоў актывіста Віктара Марчыка напачатку прадпрымальнікі пачулі выступ намесьніка міністра эканоміка спадара Тура, а пазьней ужо на рынку ўсе ўпэўнена пачалі казаць, што ўказ нібыта адмянілі, а значыцца, не адбудзецца й акцыя ў Менску.
Віктар Марчык сёньня зьвязаўся праз тэлефон з арганізатарамі акцыі ў Менску, і высьветлілася, што ніхто ўказ № 285 не адмяняў.
Спадар Марчык перакананы, што калі пасьля Новага году гэты ўказ не адменяць, то людзі пачнуць страйкаваць, бо ня маюць шанцаў працаваць далей у такіх умовах.
Валянцін Бранцэвіч, кіраўнік Гарадзенскага абласнога прафсаюзу “Садружнасьць”, у склад якога ўваходзяць індывідуальныя прадпрымальнікі з розных рынкаў вобласьці, тлумачыць, чаму яны не бяруць удзелу ў менскай акцыі:
“Мы наагул за перамоўны працэс. Дзякуючы нашым высілкам, а не каго іншага, пытаньне практычна вырашана. Пакуль указ не адмянілі, але я ўжо дакладна ведаю, што кіраўніку дзяржавы рэкамэндавалі яго адмяніць і працягнуць работу прадпрымальнікаў на наступны год такім чынам, як яны гэта робяць сёлета”.