Блаславёны сайдынг і алтарык для Лукашэнкі

Новае падарожжа “Свабоды” — у Порплішча на Докшыччыне. Эфір 4 сьнежня 2008 году.


Мястэчка Порплішча дорыць падарожніку клясычны беларускі краявід. Два драўляныя храмы, якія пазіраюць адзін на аднаго сваімі вокнамі. Яны вельмі падобныя. Вось толькі праваслаўны храм, Праабражэньня Гасподняга, быў пабудаваны як уніяцкі ажно ў 1627-м годзе. А касьцёл Маці Божай Каралевы — у 30-х гадах 20-га стагодзьдзя. І сёлета былая ўніяцкая сьвятыня спазнала кардынальнае абнаўленьне. Купал зьзяе новай бляхай, а падмуркі абкладзеныя сылікатнай цэглай. Такая перабудова паслужыла прычынай скандалу, рэха якога выйшла далёка за межы раёну. Дзякуючы газэце “Вольнае Глыбокае”. З настаяцелем храма мне пагутарыць не пашчасьціла. Сваю крыўду на журналістаў мне выклала пэнсіянэрка Кацярына Краско, былая выкладчыца хіміі і адна з ініцыятарак перабудовы.


Кацярына: “Зрабілі рамонт у нашай царкве мы самі. Усе людзі зьбіралі сродкі. Падмурак развальваўся. Хадзілі па хатах, па рынку, у арганізацыі заходзілі. Хадзілі, зьбіралі па вёсках, па іншых цэрквах. Часта цярпелі зьнявагі. А нас цяпер настолькі зьняважылі…”

Карэспандэнт: “А чым зьняважылі?”

Кацярына: “Усё рушылася. Царква б гэтая завалілася. Купал пайшоў убок. Нахіліўся ўжо. Званіца таксама. І таму рашылі людзі самі рамантаваць. Бацюшка пайшоў нам насустрач. Быў ініцыятарам гэтага. Купілі сылікатную цэглу. Ну, і гэты падмурак замацавалі. Купал валіўся. Выклікалі архітэктара, эпіскапа. Усё было з блаславеньня Божага. З разумнымі людзьмі параіліся. Але ж знайшліся такія людзі, што сказалі — помнік архітэктуры ісканфузілі. Мы ж не ісканфузілі. Мы яго ўтрымалі. Толькі што пакрылі сайдынгам сам купал. Ну нічога ж крымінальнага тут не рабілі”.

***

Я даўно марыў знайсьці чалавека, які б рашыўся адваяваць ва ўлады зямлю сваіх бацькоў, адабраную за Саветамі. У Порплішчы мне нарэшце пашанцавала. 76-гадовы Пётар Грыцкевіч, высокі моцны селянін, напачатку 70-х зьехаў зь Беларусі ў Латвію. З-за рэлігійных перакананьняў. Пётар — хрысьціянін-баптыст. У суседняй краіне вернікаў менш уціскалі. Але з пачаткам перабудовы беларус вяртаецца на радзіму, бярэ ў арэнду на 99 гадоў бацькоўскую зямлю, будуе вялікі хутар і становіцца пасьпяховым фэрмэрам.



Пётар: “У мяне было ўсё. І камбайн, і прычэпная. Трактар „Беларусь“ застаўся, як конь, дровы прывезьці. У нас адразу пайшла справа. Але, калі памяняліся правіцелі, нас пачалі прыціскаць. Каб мы ня выскачылі па ўраджайнасьці вышэй за калгасы. Прадукцыю я вязу, здаю ў зернекамбінат — грошы не пералічаюць. Калгасам, саўгасам пералічаюць, нам — затрымка.
Калі памяняліся правіцелі, нас пачалі прыціскаць. Каб мы ня выскачылі па ўраджайнасьці вышэй за калгасы.
І вось такім шляхам яны нас прыдушылі. Гэта спэцыяльна. Я пасьля гаварыў зь некаторымі з улады. Гэта была праграма такая, каб ня даць нам выскачыць вышэй па ўраджайнасьці. Маўляў, гэтая сыстэма сябе не апраўдвае, фэрмэрская. А вось калгасы і саўгасы!”

Карэспандэнт: “І чаго яны гэтым дабіліся?”

Пётр: “Нічога”.

Карэспандэнт: “Фэрмэраў дабілі. А калгасы паднялі?”

Пётр: “Нічога. Адна туга глядзець на гэта ўсё”.

Карэспандэнт: “Вы не шкадуеце, што пераехалі на бацькаўшчыну? Улічваючы тое, як бацькаўшчына вас сустрэла? Я маю на ўвазе тыя палкі ў колы?”

Пётр: “Я калі ўяжджаў, я ня думаў, што сюды вярнуся. Таму што было настроена ўсё супраць. І КДБ. Але калі гэтая перастройка прыйшла, прынялі і аказалі нават дапамогу ва ўсім. Гэта ўсё, што тут, зроблена сваімі рукамі”.

Карэспандэнт: “Такіх бы гаспадароў ды болей”.

Пётр: “Да чаго я і імкнуўся. Свая зямля, бацькава. Тут мне міла…”

Пётар з тых беларускіх гаспадароў, якія з кожным годам усё больш нагадваюць апошніх з магіканаў. Ён не сьпяшаецца адмаўляцца ад зямлі. Разам з жонкай спадзяецца, што з Латвіі калі-небудзь вернецца сын. І арандаваная зямля нарэшце вернецца калі-небудзь у законную ўласнасьць.

***

У адрозьненьне ад царквы, якая тут не закрывалася за саветамі, касьцёлу пашанцавала ня надта. Ксёндз Юры, малады інтэлігентны чалавек, служыць у Порплішчы нядаўна. Але пасьпеў ацаніць адданасьць веры старэйшага пакаленьня, якое ссумавалася па родным касьцёле.

Юры: “За камуністычнымі часамі з гэтага касьцёла зрабілі школу для мэханізатараў. Гэты касьцёл яны самі, сваімі сіламі, без ксяндза адрамантавалі. Самі пабудавалі хату ксяндзу. І чакалі многа гадоў, пакуль біскуп дасьць сюды ксяндза. Таму тут такія людзі адданыя. Тады іх яшчэ было болей. Усе адыходзім да вечнасьці. Да Пана. Становіцца ўсё менш і менш”.

Некалькі гадоў таму малады ксёндз патрапіў у сур’ёзную аварыю, пасьля якой быў у стане клінічнай сьмерці.

Юры: “Я спаў і прачнуўся праз два тыдні. І мне пасьля сказалі, што я ў шпіталі. І што апараты штучнага дыханьня працавалі”.

Карэспандэнт: “Вы бачылі якія тунэлі з прасьветам?”

Юры: “Не, ня бачыў. Як заснуў у машыне. Так прачнуўся толькі праз два тыдні. Рана мне яшчэ было ў тунэлі глядзець”.

Галоўная арганізатарка вяртаньня касьцёла вернікам — 70-гадовая Нарбэрта Камянецкая. Я сустракаў шмат бабуль-пэнсіянэрак, якія вельмі любяць Лукашэнку і любоў сваю гатовыя даводзіць на кожных выбарах і рэфэрэндумах. Але ўпершыню я пазнаёміўся з жанчынай, якая штодня за яго моліцца.


Нарбэрта: “Я яго так шкадую. Я шкадую яго, як сына. Бачыце, у мяне стаіць абраз, я малюся. У мяне алтарык зроблены. Я яго заўжды ўспамінаю і думаю — Божа ты мой,
У нас мір, спакой. Чаго нам болей хацець? Каб гэтак і памерці.
Божа. Дай табе, чалавечак, здароўя, вытрымкі ў тваіх… Каб ня быў Лукашэнка, мы б прапалі зусім. Усё б расьцягнулі, усё б разабралі”.

Апошнія выступленьні любімага палітыка пасялілі ў Нарбэрцінай душы сапраўдны страх за жыцьцё Аляксандра Рыгоравіча.

Нарбэрта: “Як ён выступаў і раскрыў гэту мафію. Мой ты чалавек. Машэрава ўбралі. Храні цябе Божа. Могуць зрабіць і цябе таксама. Уявіце, якіх ён крануў чыноў. А ў іх жа сувязі. І гэта цэлы ланцуг. Я думаю — Божа, мой Божа, ня дай Бог, гэта здарыцца. Я яго вельмі шкадую, як сына. Шкадую з-за таго, што ён праўдзівы, справядлівы. У нас мір, спакой. Чаго нам болей хацець? Каб гэтак і памерці”.

***

Порплішча жыве толькі зь ня самага багатага СПК. Заробак 500 тысяч рублёў лічыцца тут вельмі добрым. Аднак па тым, як мястэчка выглядае, можна падумаць, што тут жывуць ня бедна. Ідэальны асфальт, тратуар, яркія будынкі крамы, бібліятэкі, лазьні. Ёсьць нават бар. Куды я зайшоў, каб пагрэцца кубачкам гарбаты. А сустрэў за барнай стойкай былога шэф-кухара рыскага рэстарана. Проста дэжавю нейкае. Другі чалавек на дзень, які кінуў Латвію дзеля Порплішча.


Пётр: “Кватэру прадаў. Канечне, у грашах страціў. Але ж ня ўсё грашыма будзеш мераць.
Страх бярэ, як жа гэта мы жыць будзем? Калі гэткая моладзь наша? Можа, неяк з Божай дапамогай?
Ёсьць жа нешта і акрамя грошай. Нейкія думкі. Нешта ж усярэдзіне ў чалавека павінна быць”.

Карэспандэнт: “А што грэе тут, акрамя краявідаў?”

Пётр: “Тое і грэе, пэўна. Так мяне выхавалі. Сваё — яно і ёсьць сваё. Блага ці добра — сваё. Хаця, зь іншага боку, не пажыўшы на чужыне, не даведаесься, што такое радзіма”.

Былы шэф-кухар разагравае дзяжурны чабурэк і з тугой глядзіць на трасу, уяўляючы, які б можна было тут адкрыць рэстаран для кіроўцаў. Але, згадваючы Рыгу, Пётар сумуе па сапраўднай рэстараннай публіцы.

Пётр: “Нам яшчэ да той культуры, як да Пэкіну ракам. Няма культуры ў нашай моладзі зусім. Тое, што я бачу. Лепшага і не прадбачыцца нічога. Адны маты-пераматы. І нармальную чалавечую мову не разумеюць. Уся, мусіць, моладзь цяпер бязбашэнная некая. Асабліва сто грам выпіўшы. Усе на пантах. Самі зь сябе нічога не ўяўляюць. А пантоў на мільёны. Страх бярэ, як жа гэта мы жыць будзем? Калі гэткая моладзь наша? Як яна Беларусь нашу будзе будаваць? Можа, неяк з Божай дапамогай?”