Удзельнічае гісторык Алег Гардзіенка. Эфір 11 сьнежня 2008 году.
“Вялікай айчыннай вайной у былым СССР называлі вызваленчую барацьбу савецкіх народаў супраць фашыстоўскай Нямеччыны, яе саюзьнікаў і памагатых. Гэта — частка другой усясьветнай вайны 1939—1945 гадоў. Працягвалася з 22 чэрвеня 1941-га па 9 траўня 1945 году. На тэрыторыі Беларусі — з 22 чэрвеня 1941-га па 28 ліпеня 1944 году.
Сёньня тэрмін “вялікая айчынная”, відаць, уласьцівы толькі для Расеі, Беларусі і для часткі, з зразумелых прычынаў, Украіны. Для Захаду (былых партнэраў па антыгітлераўскай кааліцыі), дзе перамога над гітлераўцамі ніколі не аспрэчвалася, слова “вялікая” не ўжывальнае”.
***
Ракіцкі: Партнэры СССР у антыгітлераўскай кааліцыі вайну саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя называюць другой усясьветнай, падкрэсьліваючы, што яны не былі выключэньнем у агульным шматнацыянальным змаганьні з фашызмам. Яны — адны з шэрагу змагарных краінаў. У СССР вылучалася з агульнай вайны яшчэ адна — Вялікая айчынная. Чаму?
Гардзіенка: Бо лічылася, што гэта выключна вайна СССР зь Нямеччынай, якая завяршылася перамогай народаў Савецкага Саюзу над гітлераўцамі. І беларусы былі ўключаныя ў пералік савецкіх народаў.
Ракіцкі: Розьніца ў падыходах відавочная і ў часавых межах вайны. Сьвет вызначае яе пачатак 1 верасьня 1939 году, СССР — 22 чэрвеня 1941 году. А якая дата пачатку вайны праўдзівая для Беларусі?
Гардзіенка: Гісторыкі апэлююць фактамі. І факт тут адзін.
Для беларусаў Другая ўсясьветная пачалася ў дзень яе пачатку — 1 верасьня 1939 году, калі Нямеччына напала на Польшчу.
Ракіцкі: Так на сваёй тэрыторыі пачалася для беларусаў другая ўсясьветная вайна. І тэрыторыя вайны для іх адразу ж пашырылася далёка за свае межы. Беларусы апынуліся і ў Заходняй Эўропе, і нават у Палестыне. І ў часе, і ў прасторы вайна ад самага пачатку станавілася для беларусаў усясьветнай?
Гардзіенка: Так. Тыя, каму пашчасьціла выжыць, потым ваявалі ў складзе Арміі Андэрса ў Палестыне і ў Заходняй Эўропе. Савецка-польская дамова 1941 году дала магчымасьць сфармаваць польскі корпус з палонных польскіх вайскоўцаў у СССР (Армія Андэрса), што бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Блізкім Усходзе, штурмавалі Монтэ-Касіна.
Тэрмін “Вялікая айчынная вайна” ў дачыненьні да Беларусі не падыходзіць з храналягічных і тэрытарыяльных рамак.
Ракіцкі: Але саюзьнікі СССР у антыгітлераўскай кааліцыі гэта ж ня толькі брытанцы і палякі, але і французы, і амэрыканцы. Ці былі зафіксаваныя выпадкі змаганьня беларусаў на іх баку?
Гардзіенка: На пачатку ХХ стагодзьдзя ў ЗША апынуліся больш за паўмільёна нашых суайчыньнікаў. І, натуральна, што іх дзеці потым служылі ў амэрыканскім войску. Іх былі тысячы. Як амэрыканскія салдаты ў чэрвені 1944 яны высаджваліся ў Нармандыі, Галяндыі, і амэрыканскія газэты, у сваю чаргу, пісалі пра гэтых герояў — Івана Радзюковіча (ён адзін зь першых высадзіўся ў Нармандыі ў дзень адкрыцьця Другога фронту — 6 чэрвеня 1944 году), Мікалая Арэшку. Уладзімер Каваленка быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай — Крыжам Ваенна-паветранага флёту. Знайшлі вечны спачын у Францыі, Бэльгіі, Галяндыі Вікенці Прост, А.Русецкі, Даніла Ўладыка ды шмат іншых.
Ракіцкі: Цяпер мы ўжо ведаем, што ня толькі ў розных войсках розных краінаў змагаліся беларусы супраць нацызму, а і тое, што шмат іх ваявалі і на нямецкім баку ў рэгулярных вайсковых фармаваньнях. Значыць, не было агульнанацыянальнага памкненьня ў той вайне? Не было стопрацэнтнай еднасьці, што давала б падставу назваць змаганьне беларусаў айчыннай вайной?
Гардзіенка: Безумоўна. Гэта найперш тычыцца гэтак званай 30-й дывізіі СС (брыгады Зіглінга), да якой былі далучаныя беларускія паліцэйскія фармаваньні і жаўнеры БКА ўлетку 1944 году, што адступілі зь Беларусі. Паводле розных падлікаў, іх было ад 12 да 16 тысяч. У жніўні 1944 году пасьля кароткага перанавучаньня яны былі адпраўленыя ў Рэйнлянд, дзе ахоўвалі масты, чыгунку, і ва ўсходнюю Францыю, дзе мелі месца сутычкі з францускімі партызанамі. Як вядома, там былі зафіксаваныя выпадкі дэзэрцірства. Прычым беларусы ня толькі пераходзілі на бок францускіх партызанаў (а потым былі далучаныя да Арміі Андэрса), а і папаўнялі польскі корпус. Ён павялічыўся на некалькі тысяч. Ёсьць зьвесткі, што ў 1942 — 1943 гадох у Нямеччыне быў сфармаваны беларускі батальён, які нібыта ваяваў на баку немцаў у Італіі, але тыя зьвесткі варта добра спраўджваць. Зазначу толькі, што легенда пра тое, што Монтэ-Касіна і штурмавалі беларусы, і зь нямецкага боку абаранялі беларусы, так і застаецца легендай.
Ракіцкі: Вайна — страшная зьява. Няўжо беларусы не хаваліся ад яе, не ўцякалі ад яе?
Гардзіенка: І хаваліся, і ўцякалі. І зноў жа ня толькі на сваю тэрыторыю. Зафіксаваныя выпадкі ўцёкаў у нэўтральную Швайцарыю. Немцы апамяталіся тады і вярнулі рэшткі дывізіі ў Прусію. Частка была далучаная да Арміі Ўласава (каб потым узяць удзел у вызваленьні Прагі), іншую частку ўжо беларускае кіраўніцтва доўга і нудна вучыла вайсковай падрыхтоўцы, пакуль брыгада не была сфармавана ў сакавіку 1945 году пад патранатам немцаў, але ўжо не было з кім ваяваць.
Ракіцкі: З далёкіх краінаў вернемся на беларускія землі, дзе ўжо пад дуламі савецкіх аўтаматаў нацыя аб’ядналася ў новых вызначаных межах пад назовам БССР у складзе СССР. Ці можна казаць пра ўсенародную барацьбу на гэтай тэрыторыі падчас вайны?
Гардзіенка: Складанае пытаньне. Бо на Беларусі сутыкнуліся розныя інтарэсы: і польскага падпольля, і савецкага, спрабавала сфармаваць свае атрады беларускае падпольле. Пад самы канец вайны, як пачалося адступленьне немцаў з Расеі, сюды былі пераведзеныя расейскія нацыянальныя брыгады, і ва ўсходняй Беларусі быў моцны расейскі пранямецкі нацыянальны рух. Адным зь яго цэнтраў быў Бабруйск. Тэрыторыя Заходняй Беларусі наогул была тэрыторыяй, дзе спляліся інтарэсы розных народаў. Вядома, што багата беларусаў, у тым ліку і праваслаўных, ваявалі ў складзе Арміі Краёвай. На поўдні быў моцны ўкраінскі рух.
Беларусы маглі весьці хіба барацьбу супраць усіх, што было нерэальна. Таму трэба было кагосьці падтрымліваць.
Ракіцкі: І каго пераважна падтрымлівалі?
Гардзіенка: Абсалютная бальшыня людзей проста імкнулася выжыць. У энцыкляпэдыі ўвайшла лічба пра 375 тысяч чалавек, што былі ў савецкіх партызанах. Але гэта ў першай палове 1944 году, калі немцы на ўсходзе стварылі такі невыносны рэжым, што прасьцей было пераседзець у партызанах. У 1943 годзе ў партызанах было 60 тысяч чалавек.
Ракіцкі: А ў паліцыі?
Гардзіенка: Ва ўсіх паліцэйскіх фармаваньнях — каля 40—50 тысяч. Таму большасьць імкнулася проста выжыць і чакала заканчэньня вайны, кім бы тая вайна не была скончаная.
Ракіцкі: Сёньня пашыраная думка, што беларуская інтэлігенцыя абірала гэтак званы трэці шлях — скарыстацца зь нямецкай акупацыі дзеля разьвіцьця нацыянальнай культуры, а ў пэрспэктыве
Большасьць імкнулася проста выжыць і чакала заканчэньня вайны, кім бы тая вайна не была скончаная.
Гардзіенка: Гэта частка інтэлігенцыі, якая варожа ўспрымала савецкі рэжым. Яны ў 1920 — 1930-я гады пераканаліся, што беларусы на атрымаюць нічога ні ад палякаў, ні ад бальшавікоў, і паспрабавалі зрабіць стаўку на немцаў. Але стаўка была памылковая.
Ракіцкі: У эміграцыйнага дзеяча Аўгена Калубовіча ў зборніку “Крокі гісторыі” я знайшоў такую лічбу — у 1944 годзе зь Беларусі эмігравала некалькі соцень тысяч беларусаў, без уліку, падкрэсьлівае Калубовіч, ваеннапалонных і вывезеных на прымусовую працу. Гэта сапраўды так?
Гардзіенка: Некалькі соцень тысяч — гэта і 200 тысяч… Безумоўна, беларусы, імкнучыся дамагчыся на эміграцыі пэўных прэфэрэнцыяў ад урадаў ЗША і Брытаніі часам завышалі лічбы. Неяк у адной з эміграцыйных газэт канца 1940-х гадоў я сустрэў лічбу, што беларусаў на сьвеце жыве 24 мільёны. Натуральна, нельга казаць, што ў 1944 годзе выехала 500 тысяч чалавек. Хутчэй больш за 100 тысяч. Нейкая частка асела ў Польшчы, пагатоў Польшча набыла новыя ад немцаў тэрыторыі, якія трэба было засяляць. Усяго, паводле падлікаў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Нямеччыне, у 1945 годзе вырашыла не вяртацца на радзіму ад 75 тысяч да 100 тысяч. А арганізацыя ЮННРА, якая займалася апекай перамешчаных асоб, наогул казала пра 25 тысяч беларусаў у лягерах. Таму праўда дзесьці пасярэдзіне. Большасьць уцекачоў потым выехала зь Нямечыны, найбольш беларусаў перабралася ў ЗША, а такіх было больш за 20 тысяч.
Ракіцкі: Паводле савецкіх і постсавецкіх энцыкляпэдыяў, ня толькі дата пачатку вайны, але і яе завяршэньня — 9 траўня, розьніцца ад заходніх, дзе дзень перамогі пазначаны 8 траўня 1945 году. Калі для беларусаў рэальна скончылася тая вайна?”
Гардзіенка: 9 траўня, бо Беларусь жыла паводле маскоўскага часу. Але яшчэ некалькі гадоў аж да пачатку 1950-х працягвалася барацьба на тэрыторыі Беларусі супраць камуністычных уладаў польскага, украінскага, беларускага падпольляў. Ішла рэпатрыяцыя зь Нямечыны і Польшчы.
Ракіцкі: Такім чынам, мы маем падставы называць гэтак званую Вялікую айчынную вайну мітам?
Гардзіенка: Вайна не была ўсеагульнай для беларускай нацыі, бо розныя групоўкі змагаліся за сваю айчыну. Кожны па-свойму разумеў сваю айчыну.
Вайна не была ўсеагульнай для беларускай нацыі, бо розныя групоўкі змагаліся за сваю айчыну. Кожны па-свойму разумеў сваю айчыну.
Ракіцкі: Як доўга будзе існаваць міт пра трагедыю сярэдзіны 20-га стагодзьдзя як пра Вялікую айчынную вайну?
Гардзіенка: Пытаньне Вялікай айчыннай вайны стане менш балючым гадоў праз дваццаць. Усяму свой час, збольшага адыдзе пакаленьне вэтэранаў і будзе ня так балюча глядзець на гэтыя падзеі.