Аб’яўленыя ляўрэаты прэміі за абарону правоў чалавека


Аргкамітэт Хартыі’97 вызначыў ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека за 2008 год. У намінацыі “За асабістую мужнасьць” узнагароджваецца Аляксандар Баразенка, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Галіна Юбко.

У намінацыі “За адстойваньне правоў прынцыпаў свабоды слова” прэмію атрымлівае Юлія Дарашкевіч.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. У розныя гады ляўрэтамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску ў красавіку 2006 году, палітвязьні Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Мікалаў Аўтуховіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, старшыня камітэту прыходу сьвятога Іосіфа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронца Валер Шчукін, жонкі зьніклых у Беларусі лідэраў апазыцыі й журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Сьвятлана Завадзкая, жонка былога палітвязьня Тацяна Клімава-Леановіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазыцыі Ўладзімер Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб’яднаньне “Пагоня”, музычныя гурты “N.R.M.”, “Новае неба”, зачынены ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч і іншыя вядомыя грамадзкія дзеячы, палітыкі, журналісты.