Сёньня незалежны тэлеканал Белсат адзначае сваю першую гадавіну. На ўрачыстасьці ў Варшаве з гэтай нагоды быў і дырэктар беларускай службы Радыё Свабода.
Больш за сто гасьцей прысутнічалі на першым дні нараджэньня Белсату. Гучалі вельмі цёплыя словы, але цікава, што ня госьці дарылі падарункі, а сам Белсат дзякаваў сваім сябрам. Сярод гэтых сяброў -- былыя міністры польскага ўраду, дэпутаты польскага парлямэнту, Эўрапарлямэнту, Міністэрства замежных спраў Літвы ды іншыя арганізацыі, якія падтрымалі ідэю стварэньня першага незалежнага сатэлітнага тэлеканалу для Беларусі.
Белсат -- гэта наша малодшая сястра. Радыё Свабода вяшчае на Беларусь з 1954 году, мы ўжо ў сталым узросьце, а цяпер мы маем такую прыгожую калегу.
Сярод тых, хто прыехаў на сьвяткаваньні зь Беларусі, Юры Хашчавацкі, чые дакумэнтальныя фільмы ідуць па Белсаце ці сацыёляг Андрэй Вардамацкі, які агучыў лічбы дасьледаваньняў – 65 працэнтаў гледачоў каналу кажуць, што праграмы ім вельмі падабаюцца.
Сярод выступоўцаў я б адзначыў аднаго з былых польскіх міністраў, які сказаў, што Белсат – гэта сьведчаньне таго, што геапалітыка можа быць маральнай. Гэтая фармулёўка – важнае пацьверджаньне той ролі, якую польскае грамадзтва і Эўразьвяз надаюць справе распаўсюду свабоднай і незалежнай інфармацыі для Беларусаў.