У Дзень правоў чалавека — затрыманьні і зьбіцьцё

Разгон акцыі на Дзень правоў чалавека ў Менску

Прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі адзначылі Ўсясьветны дзень правоў чалавека вулічнымі акцыямі і імпрэзамі. У Менску міліцыянты затрымалі больш за дзясятак чалавек. Усіх адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Затрыманыя сьцьвярджаюць, што некалькі чалавек зьбілі ў міліцыі.
Спачатку ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску трапілі восем актывістаў руху “Маладая Беларусь” — яго лідэр Артур Фінькевіч, Алесь Круткін, Алесь Сьцепаненка, Сяржук Клюеў, Валер Саковіч, Раман Багдановіч, Ніка Лазоўская і Вольга Бурневіч.

Яны сабраліся а 14 гадзіне каля будынку Міністэрства ўнутраных спраў. Маладыя людзі надзелі на сябе паласатыя робы. На грудзях у іх былі шыльды з надпісамі: “Я незалежны журналіст”, “Я сябра незарэгістраванай арганізацыі”, “Я невыязны”, “Я праваабаронца”, “Я былы студэнт”, “Я незалежны назіральнік”, “Я былы прадпрымальнік” ды іншыя.


Літаральна праз пару хвілінаў каля будынку зьявіўся міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў у каўбойскім капелюшы. Ён нечакана сутыкнуўся з удзельнікамі акцыі і адразу патэлефанаваў сваім падначаленым. Каля будынку КДБ удзельнікаў акцыі дагналі спэцназаўцы. Яны спачатку выціснулі актывістаў на вуліцу Камсамольскую, а потым завялі ў двор КДБ.

Затрыманых адвезьлі ў міліцыю. Артур Фінькевіч апавёў, што там зь імі абыходзіліся вельмі груба. Некалькі чалавек зьбілі, у тым ліку й Артура.

“У райаддзеле абыходзіліся па-хамску, жорстка. Патрабуючы стаць ледзь не на шпагат. Я вымушаны быў абараніць свайго паплечніка. Пасьля гэтага мяне вывелі ў калідор, адтуль у нейкі пакой. Там ударылі некалькі разоў па розных частках цела, у тым ліку па сьпіне і галаве”.

Праз гадзіну спэцназаўцы затрымалі кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, кіраўніка моладзі БНФ Франака Вячорку, Антона Койпіша, Сержука Семянюка, Сержука Карповіча, Сяргея Сыса і некалькі дзяўчат.

Удзельнікі акцыі апранулі белыя камізэлькі, на якіх блакітнымі літарамі было напісана: “Дэклярацыі правоў чалавека 60 гадоў”. Яны зьбіраліся раздаваць мінакам брашуры з тэкстам Дэклярацыі.

У ГУМе маладыя людзі ўбачылі, што за імі ідуць спэцназаўцы ў цывільным.

Франак Вячорка апавёў:

“Мы вырашылі замесьці сьлед і схаваліся ў аддзеле жаночай бялізны на чацьвёртым паверсе, умоўна кажучы, каб пасьмяяцца са спэцназаўцаў. Мы сказалі прадаўшчыцам, што за намі сочаць п’яныя мужчыны. Тады яны выклікалі ахову. Спэцназаўцы вымушаныя былі сысьці.

Калі мы спусьціліся ўніз, спэцназаўцы наладзілі паўнавартаснае прадстаўленьне. Наведнікі ГУМу ўбачылі, як зрываюць з моладзі накідкі, як рвуць Дэклярацыі правоў чалавека, як нас нясуць у аўтобус. Я думаю, што гэта будзе добрым урокам для эўрапейскай грамадзкасьці наконт таго, што ёсьць дэмакратыяй у Беларусі”.

Гэта была трэцяя па ліку акцыя цягам дня. Першая адбылася аб 11-й гадзіне. На Кастрычніцкай плошчы сабраліся лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч, актывіст АГП Міхаіл Пашкевіч, актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” Антон Койпіш, лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка.

Яны прайшлі з таблічкамі на грудзях “Палітневыязны” ў суправаджэньні журналістаў у прыёмную адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Там яны падалі заяву на імя кіраўніка дзяржавы з патрабаваньнем выкрасьліць іхныя прозьвішчы з “чорнага сьпісу”.

Анатоль Лябедзька заявіў, што, калі пытаньне ня будзе вырашана станоўча, “невыязныя” будуць ладзіць акцыі пратэсту.

Такім чынам, у выніку вулічных акцый, прысьвечаных Дню правоў чалавека, толькі ў Менску было затрымана больш за дзясятак іх удзельнікаў. Некалькі чалавек зьбілі падчас затрыманьня і ў міліцыі. Усіх затрыманых адпусьцілі.