Толькі ў гэтым месяцы ў Беларусі прыпынена 98 выпадкаў куплі і продажу валюты з рук. Таксама выяўлена 50 спробаў збыту фальшывых купюраў.
Гэтыя ды іншыя факты прагучалі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, якую правялі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Зьяўленьне валютчыкаў наўпрост зьвязанае з праявамі ўсясьветнага фінансавага крызісу, лічыць начальнік аддзелу МУС Дзьмітры Ханцэвіч:
“Ва ўмовах эканамічнага крызісу зьявіўся пэўны ажыятаж вакол прадмета крымінальнага інтарэсу — грашовых сродкаў і валюты, якія знаходзяцца на руках у грамадзянаў. Людзі пачынаюць усё часьцей зьвяртацца ў банкі. Попыт на валюту ў банках павялічыўся на 30% параўнальна зь верасьнем. У выніку паслугі валютчыкаў зрабіліся запатрабаванымі ў насельніцтва”.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што такую сытуацыю найперш трэба выпраўляць праз эканоміку:
“Тое, што зьявіліся валютчыкі, гэта ж не прычына. Гэта наступства таго становішча ў эканоміцы, якое мы назіраем. І калі мы будзем з дапамогай міліцыі зьвяртаць на гэта ўвагу, то, па-першае, мы з гэтым ня справімся. А па-другое, эканоміка як адзіны арганізм яшчэ больш захварэе. І гэтая хвароба неўзабаве перакінецца на рэальны сэктар — хатнія гаспадаркі”.
Супрацоўнікі МУС паведамілі, што крымінальнай адказнасьці ў цяперашнім заканадаўстве за апэрацыі з валютай няма. Але валютчыкаў можна прыцягваць да адміністратыўнай адказнасьці. Таксама ў Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул 223, паводле якога валютчыкаў можна караць як парушальнікаў заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасьці.
Яраслаў Раманчук лічыць, што гэта ня спыніць вяртаньня валютчыкаў да актыўных дзеяньняў:
“Валютчыкаў будзе больш, валюты будзе менш. Розьніца паміж афіцыйным і рынкавым курсамі будзе павялічвацца. Сёньня яна ўжо складае 300 рублёў. І будзе расьці. Таму што калі больш грошай будзе друкаваць Нацыянальны банк, а валюты ў нас у наступным годзе значна паменее, то на маржы будуць зарабляць вельмі многа грошай пасярэднікі”.
Супрацоўнікі МУС паведамілі: цяпер у Беларусі найчасьцей сустракаюцца фальшывыя купюры вартасьцю ў 200 эўра, завезеныя сюды з Баўгарыі, і беларускія грошы — пераважна 50, 20 і 10 тысяч рублёў.