У Менску і Слуцку ўшануюць абаронцаў незалежнасьці

У суботу, 29 лістапада а 15 гадзіне ва ўрочышчы Курапаты прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці ўшануюць памяць герояў Слуцкага збройнага чыну.

Пра гэта сёньня паведаміў старшыня мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык.

“У Курапатах усталяваны крыж памяці случакоў, — кажа Вячаслаў Сіўчык. — У 20—30-я гады практычна ўсе ўдзельнікі паўстаньня былі рэпрэсаваныя. На Случчыне высялялі цэлыя вёскі. Шмат хто загінуў пры перасяленьні.

У нядзелю, 30 лістапада КХП-БНФ “Адраджэньне” ладзіць мэмарыяльны мітынг у гонар Слуцкага збройнага чыну. Менскі аблвыканкам даў дазвол на правядзеньне мітынгу ля будынку Слуцкага краязнаўчага музэю з 15:30 да 16:30.

Удзельнікі вандроўкі зь Менску на Случчыну наведаюць памятныя гістарычныя мясьціны ў Грозаве, Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада), Семежаве. Там усталяваныя памятныя крыжы на месцах гібелі ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

Сёлета адзначаюцца 88-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Гэта была спроба збройна абараніць незалежнасьць Беларусі. У лістападзе-сьнежні 1920 году паўстанцы Слуцкай брыгады, сфармаванай пераважна зь мясцовых сялян, супрацьстаялі захопу беларускай тэрыторыі бальшавікамі-чырвонаармейцамі.