Эўрапрлямэнтар з Ірляндыі Ліэм Эйлвард заклікаў міністра замежных спраў сваёй краіны Мішэля Марціна і амбасадара Беларусі ў ЭЗ Уладзімера Сянько падпісаць двухбаковае ўрадавае пагадненьне.
Гэтае пагадненьне павінна дазволіць 200 чарнобыльскім дзецям прыехаць у Ірляндыю на найбліжэйшыя Каляды. Паводле ірляндзкага палітыка, беларускі ўрад пасьля выпадкаў у Італіі, ЗША і Бэльгіі, калі беларускія дзеці адмаўляліся ехаць дадому, настойвае на заключэньні адпаведных пагадненьняў з урадамі заходніх краін. Гэты дакумэнт мог бы гарантаваць беларускаму боку вяртаньне дзяцей. “Мы павінны заключыць пагадненьне найхутчэй, каб беларускія дзеці змаглі правесьці ў Ірляндыі калядныя канікулы”, – заявіў Ліэм Эйлвард.
Паводле ягоных словаў, краіну штогод наведвае прыкладна 2,5 тысячы беларускіх дзяцей, а таму ірляндзкі бок павінен гарантаваць, “што робіць усё ад яго залежнае каб двухбакове пагадненьне было дасягнутае”
“Урад Ірляндыі плянуе выдаткаваць 600 000€ на міжнародныя чарнобыльскія праграмы 2009-2011, – адзначае ў сваім лісьце Ліэм Эйлвард. – Урад правёў вялікую і складаную працу, каб заключыць пагадненьне зь беларускім урадам па гэтым пытаньні”.