Далёка ня ў кожнай вёсцы жыхары могуць заявіць, што іх селішча заснавалі першабытныя людзі. А вось тыя, хто жыве ў Малых Жаберычах, што на Крупшчыне, могуць.
Прынамсі, у былога настаўніка геаграфіі, а цяпер пэнсіянэра Лявона Філіповіча наконт старадаўняга паходжаньня Жаберычаў сумненьняў няма:
Філіповіч: “Есьлі вы ехалі цераз Бальшыя Жаберычы — кладбішча па левай старане. А на эту старану, наверна, мэтраў трыста-чатырыста — і ўжо пачынаецца рэчка і круты абрыў. Вот там былі Жаберычы. І праісхаждзеніе іх ад слова „жабаціна“. Гэта стараславянскае слова — азярцо. Там азярцо і тут жа рэчка”.
Карэспандэнт: “А калі даведаліся, што тут жылі першабытныя людзі?”
Філіповіч: “Дзе-та 64, 65, 66 гады. Там жыў Валодзька Косьцікаў — Седляронак. Вот на яго агародзе, а ў гэта выган і русла аднаго з быўшых прытокаў ракі Нача. Как толька бульбу начнуць восеньню капаць, так мяшкамі мне ў школу несьлі гэтыя скрэблы, рубілы, тапары. І гэта длілася гады чатыры”.
Карэспандэнт: “А чаму вырашылі, што гэта яшчэ зь першабытнага часу?”
Філіповіч: “Ва-первых, ані жа ўсе з чорнага камня! Адшліфованы. Заточаны”.
Гісторыя суседняй вёскі Дакудава не такая даўняя, але і яе жыхарам ёсьць што ўзгадаць. Адметна, што настаўнік тутэйшай школы, сябра Партыі камуністаў Беларускай Васіль Лапацін, зацікавіўся мінулым Дакудава сьвядома, бо лічыць, што яго дзеці павінны ведаць гісторыю сваёй вёскі.
Лапацін: “У нашай вёсцы нарадзіўся адзін зь першых наркамаў сельскай гаспадаркі Беларусі Сьцяпан Хадасевіч. Канечне, самыя цікавыя асобы — гэта сям’я Самцэвічаў, якія тут жылі ў пачатку 20 стагодзьдзя — тры браты і адна сястра. Адзін зь іх стаў вядомым вучоным, біёлягам. Другі — быў выдатным краязнаўцам. І нават у 28-м годзе ў часопісе быў артыкул пра вёску Дакудава. Ён апісваў, якія тут людзі жывуць, якія ў іх звычкі. Вёска дзялілася на два канцы — адзін канец мужыцкі так званы, а другі — шляхецкі. Прозьвішчы людзей, якія заканчваліся на -скі — такія, як Клічкоўскі, Пятроўскі, Арлоўскі, вось у нас у вёсцы Крукоўскі, — гэта нашчадкі той шляхты дакудаўскай. А такія, як Хадасевічы, — тыя ўжо былі з мужыцкага канца. І вось мужыцкія і шляхецкія хлопцы і дзяўчаты паміж сабой нават слаба і кантактавалі. Мужык на мужычцы жаніўся, а ўжо шляхціцы — яны на сваіх”.
Карэспандэнт: “Ці захавалася нешта з тых звычаяў?”
У адказ Васіль задумаўся, але ажывіўся другі мой суразмоўца Віктар Буры:
Буры: “У маё дзяцінства, яшчэ гадоў дваццаць — дваццаць пяць назад, гаварылі: „пайду ў шляхту“. Нават калі былі якія спрэчкі, дажа сутычкі ў мясцовым сельскім клюбе… і калі чужых не было, напрыклад, Жаберычы, Прыяміна, Восава, то часьценька шляхта з мужыкамі сыходзіліся сьценка на сьценку…”
Лапацін: “Чыста зьнешне падзяляліся два канцы толькі тым, што шляхецкі канец стаяў на ўзгорку, а мужыцкі канец у гэты бок — балота было адразу за хатамі”.
Сёньня Малыя Жаберычы — тыповая беларуская вёска, якая паволі вымірае. А вось у 19 стагодзьдзі вёска мела рэальны шанец пераўтварыцца ў гарадок. Кажуць, менавіта тут хацелі адкрыць сельскагаспадарчую акадэмію. Тую самую, якая сёньня месьціцца ў Горках. Але тутэйшы стараста адгаварыў людзей.
Адметныя Малыя Жаберычы і тым, што менавіта тут нарадзіўся беларускі паўстанец-атаман Юрка Моніч — сельскі настаўнік, за асабістую мужнасьць падчас Першай сусьветнай узнагароджаны Георгіеўскім крыжам ды мэдалём, а за “контрарэвалюцыйную прапаганду” асуджаны бальшавікамі да вышэйшай меры пакараньня. Уцёкшы з-пад расстрэлу, менавіта ў тутэйшых лясах ён стварыў партызанскі атрад і пачаў збройную барацьбу з Саветамі.
Таму ня дзіва, што савецкая ўлада ўпарта называла Моніча бандытам, а яго атрад — бандай. Але і цяпер — магчыма, таму, што цяперашнюю ўладу атаясамліваюць з той — распавядаць пра яго пазьбягаюць. А калі што і кажуць, то вельмі асьцярожна, пераходзячы нават на паўшэпт.
Філіповіч: “Наверна, былі і такія, што ў какой-та меры яго і апраўдвалі. Тым больш што яго асноўная работа была — жалезная дарога. Але тут ня слышна было, што б хто сказаў, што ён дзе-та каго-та аграбіў”.
Карэспандэнт: “А чым вызначыўся пэрыяд Другой сусьветнай вайны для Малых Жаберычаў?”
Філіповіч: “Дзярэўня ўцалела. Старасельле, напрымер, палавіна спалена было”.
Карэспандэнт: “Дакудава спалена было…”
Філіповіч: “Дакудава было спалена. Жаберычы ўцалелі. Тут паліцэйскі гарнізон стаяў. Усе мужыкі, каторыя не на фронце, а асталіся дома, усе былі ў паліцыі. Вот і рэзультат”.
Карэспандэнт: “А потым, калі прыйшлі войскі савецкія?”
Філіповіч: “А потым іх на другі ці на трэці дзень мабілізавалі палявыя ваенкаматы і пагналі на фронт”.
Карэспандэнт: “Відаць, у штрафныя батальёны…”
Філіповіч: “Не! Харытановіч Васіль Пятровіч прыйшоў, напрымер, з ордэнам Славы. Апанас Моніч прыйшоў з ордэнам Славы…”
Менш шчасьліва склаўся лёс суседняй вёскі Дакудава, дзе яшчэ перад вайной пачалося будаўніцтва аэрадрому. Дарэчы, сьцены адной зь яго пабудоў і дагэтуль узвышаюцца своеасаблівым помнікам таму часу.
Лапацін: “У жніўні-верасьні сорак першага году тут стаялі нямецкія авіяцыйныя злучэньні. Бамбардзіроўшчыкі былі, юнкерсы. Адным з кіраўнікоў гэтай эскадрыліі, якая тут была, быў даволі вядомы іх лётчык-авіятар Вальтэр Хаген. У канцы вёскі, немцы яе абнесьлі калючым дротам, тут быў лягер палонных чырвонаармейцаў, якія будавалі гэты аэрадром. У траўні 44 году або, можа, у чэрвені нехта зь немцаў папярэдзіў жыхароў, што вёска будзе спалена. І яны дачакаліся нашых войскаў ужо ў лесе. Восемдзесят тры хаты было спалена. Адна толькі засталася — у самым канцы вёскі асобна стаяла”.
Сёньняшні дзень Малых Жаберычаў — гэта ня толькі ад’езд моладзі, але і беспрацоўе.
Філіповіч: “А што ў нас, кроме фэрмы? Кроме аднаго-ядзінственнага кароўніка? Там нада тры даяркі, тры пастухі і стораж. Не з дабра. Гэта добра, што хацюкоўскі комплекс ёсьць. І ў Дакудаве Барауля сваю пілараму дзержыць. Дык там работаюць. А дальша? Тут жа іх яшчо, наверна, чалавека чатыры-пяць трудаспасобных. Людзей самай яшчэ ў сіле. Яны ж нідзе ня могуць устроіцца!”
Беспрацоў’е… Але і з адпачынкам — ня лепей. У праграме дакудаўскага клюбу — выключна дыскатэкі. Беларускія музыкі сюды не завітваюць.
Лапацін: “Чалавек можа паехаць сюды, калі ён энтузіяст. Калі давялося нам паразмаўляць з Андрэем Мельнікавым, нашым бардам, ён ня супраць быў бы прыехаць… Справа ў тым, што яму, я мяркую, не дадуць. Вось, напрыклад, былі выбралі. Тут адзінае месца ў раёне, дзе збор подпісаў вёўся за Аляксандра Мілінкевіча. Зьвярнуліся прыблізна да ста сарака пяці чалавек. Подпісы свае паставілі больш за палову. І зьвярнуліся з заявай, што дайце магчымасьць тут правесьці сустрэчу зь яго даверанай асобай. Але адмовілі на той падставе, што ў сьпісе вызначаных райвыканкамам месцаў у нашай вёсцы, цэнтры сельсавету наогул не знайшлося ні аднаго, дзе можа сустрэцца давераная асоба або сам кандыдат у дэпутаты або прэзыдэнты з выбаршчыкамі. А калі вывесіў аб’яву аб тым, што ўсё ж такі плянуецца прыезд, з надзеяй на тое, што дазволяць правядзеньне гэтай сустрэчы, то прыехала міліцыя, склалі пратакол, і адміністрацыйная камісія пры райвыканкаме выпісала штраф у адну базавую велічыню”.
Карэспандэнт: “Ці палітызаваная сёньняшняя вёска?”
Лапацін: “Палітызаванасьць узьнікае толькі тады, калі ўзьнікае праблема, якая тычыцца іх жыцьця. Вось тут яны вельмі добра разумеюць, што гэта супраць іх інтарэсаў”.
Карэспандэнт: “Гэтак жа, як было падчас далучэньня тутэйшай гаспадаркі да суседняга сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву”.
Лапацін: “Спрабавалі тут яны і подпісы сабраць супраць гэтага далучэньня. Зьвярнуліся да нас — як да актыўных людзей. Апыталі ўсіх, далі ў райвыканкам адзін раз. Ніякага адказу. Потым асобна мэханізатары… ужо там нічога мы ім не рабілі, самі сабралі, проста перадалі іх заяву. Там ужо было пятнаццаць недзе чалавек. Таксама ім ніякага адказу. Людзей проста кінулі. Яны гэта бачаць. У гэтым сэнсе яны палітызаваныя. Але мітынгі, пікеты — яны гэтага рабіць ня будуць. Нават там нейкую заяву напісаць, абараніць тое, што мы галасавалі вось так. Так у нас адбылося на выбарах у раённы савет, калі тут па нашай вёсцы быў укід бюлетэняў у скрыню для датэрміновага галасаваньня. Нават самі яны казалі: „Да, мы галасавалі за вас. Там быў укід“. Ну, абманулі дый абманулі. Вось і ўсё. На гэтым спынілася”.
Віктар Буры — дарэчы, былы афіцэр, — адрозна ад іншых, вярнуўся ў вёску. Але толькі для таго, каб тут працаваць. Бо штодня нешта майстраваць ды пілаваць у сталічнай кватэры ня будзеш. Што сталася стымулам для такога рашэньня?
Буры: “Па-першае, мае бацькі адсюль, таму можна на каго-та аперціся. У горадзе я сябе не знайшоў. Я паспрабаваў папрацаваць на трох-чатырох месцах, але той заработнай платы, якую мне прапанавалі, не хапае для жыцьця. У мяне шматдзетная сям’я — трое дзяцей. Жонка не працуе. Таму я як бы дабытчык. Зь сельскай гаспадаркай мая праца не зьвязана, але таксама зьвязана. Напрыклад, у гэтым годзе я прадаў бульбы тону са свайго маленькага ўчастка. Зарабіў такім чынам шэсьцьсот тысяч беларускіх рублёў”.
Карэспандэнт: “А сям’я пераехаць ня хоча сюды?”
Буры: “Не, сям’я сюды ня хоча пераехаць. Таму што ў мяне ўсе жыхары гарадзкія. Старшая дачка навучаецца ў БДУ, малодшая заканчвае школу, і сын маленькі — тры гады яму будзе. У вёсцы можна жыць людзям сталага ўзросту. Таму што як бы тут добра ні было, дзеці ў вёсцы — яны абкрадзеныя. Няма спартыўных сэкцый, музыкальных школ…”
Карэспандэнт: “А як тутэйшыя дзеці малююць сваю пэрспэктыву? Безумоўна, яны шмат у чым наіўныя, але тым ня менш, я думаю, у кожнага ёсьць нейкія свае мары…”
Лапацін: “На жаль, першы момант у тым, як яны бачаць сваю будучыню, — ён не са знакам плюс. Гэта не пазытыўны момант, што я мару стаць тым-та. Ён добра ведае, кім ён ня марыць стаць — куды заўгодна, толькі ня ў вёсцы. Вось гэта іх падштурхоўвае. Яны дзевяць клясаў заканчваюць, яны да апошняга моманту ня ведаюць, куды ісьці, да чаго яны схільныя, здатныя. І проста ідуць, абы адсюль сысьці”.
Карэспандэнт: “У такіх варунках якая пэрспэктыва чакае вёску?”
Лапацін: “Усё ж такі вёска набыла статус аграгарадка, яе становішча даволі добрае, тры кілямэтры ад шашы. І я думаю, што яна пераўтворыцца мала-памалу ў дачны пасёлак. Гэта адзінае, што не дае ёй памерці канчаткова”.