Работнікі ўправы й дапаможных службаў магілёўскага заводу “Тэхнапрыбор” адпраўленыя ў вымушаныя адпачынкі.
Пра гэта ўчора паведаміў намесьнік старшыні магілёўскага гарвыканкаму Алег Ліцянкоў. Паводле працаўнікоў жа, зь першага сьнежня прадпрыемства наагул спыняецца на два тыдні. Рабочыя кажуць, што завадзкія склады запоўненыя прадукцыяй, якая не карыстаецца попытам у спажыўцоў.
Алег Ліцянкоў прычынай гаротнага стану прадпрыемства назваў яго закрэдытаванасьць:
“Сёньня частка работнікаў гэтага прадпрыемства знаходзіцца ў часовых адпачынках на дзьве траціны стаўкі. Гэта тычыцца работнікаў апарату кіраваньня й дапаможных службаў. Сёньня распрацоўваецца Белдругмэтам і міністэрствам прамысловасьці праграма па стабілізацыі фінансавага й вытворчага стану гэтага прадпрыемства”, — паведаміў намесьнік старшыні гарвыканкаму.
Прадпрыемства працуе з 1964 году. Яно выпускае дрэваапрацоўчыя станкі, сьвятлатэхніку, абсталяваньне для харчовай прамысловасьці, а таксама тавары народнага спажываньня.
Сёньня ў час абеду ля прахадной прадпрыемства і сталоўкі было нешматлюдна. На пытаньне, ці працуе завод, людзі толькі моўчкі
Завод зь першага сьнежня спыняецца
“Зь першага па дванаццатага. А там жа трынаццатага — чатырнаццатага прыпадае на суботу й нядзелю. Таму пятнаццатага толькі на працу. Тут ужо пааставаліся... Ну, мне ўжо пяцьдзясят пяты год. Куды мяне хто возьме? Тыя, хто маладзейшы, спэцыялісты пазвальняліся. Во там аб’ява — патрабуюцца токары, ліцейшчыкі. Ужо на гэты завод ніхто ня хоча ісьці”.
Тое ж пацьвярджаюць і на самім прадпрыемстве:
“Уцечка кадраў ёсьць, я хлусіць вам ня буду”, — прызнаў супрацоўнік аддзелу кадраў.
Гэта адзінае, што ўдалося высьветліць пра сытуацыю на прадпрыемстве.
Магілёўскі завод “Тэхнапрыбор” уваходзіць у дзяржаўнае аб’яднаньне “Белдругмэт”. У прыемнай генэральнага дырэктара аб’яднаньня паведамілі, што сёньня адбываецца адмысловая нарада, на якой абмяркоўваецца й сытуацыя на “Тэхнапрыборы”.
У траўні 2007 году “Свабода” паведамляла пра выяўленыя органамі дзяржаўнага кантролю прыпіскі на “Тэхнапрыборы”. Згодна з вынікамі тагачаснай праверкі, кіраўніцтва скажала статыстыку, каб завод быў цікавым для банкаў, якія выдавалі крэдыты на яго разьвіцьцё.
Тады паведамлялася, што крэдыторская запазычанасьць прадпрыемства была 40 мільярдаў рублёў. Банкам жа завод быў вінаваты блізу 20 мільярдаў рублёў.
Юрыста незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандра Каралёва сытуацыя на “Тэхнапрыборы” не зьдзіўляе. Ён зьвязвае яе з сусьветным фінансавым крызісам:
“Тэхнапрыбор — гэта такое нестабільнае прадпрыемства, і таму яго ў першую чаргу закране фінансавы крызіс. Тая прадукцыя, якую вырабляе прадпрыемства, не карыстаецца попытам, таму яна ляжыць на складах. А раз ляжыць на складах, значыць, выпускаць яе няма сэнсу”.