Прэм'ер-міністар Сырыі Мухамэд Наджы аль-Атры прыбывае 27 лістапада зь візытам у Менск.
Сёньня адбудзецца сустрэча Сяргея Сідорскага зь кіраўніком сірыйскага ўраду. Таксама ў праграме візыту наведваньне БелАЗу, перадае “Інтэрфаксу”.
У кастрычніку ЗША правялі спэцапэрацыю ў Сырыі, у выніку якой быў забіты сябра “Аль-Каеды”, які займаўся перакідкай замежных баевікоў у Ірак.
Раней Вашынгтон неаднаразова вінаваціў Сырыю ў тым, што ўрад гэтай краіны закрывае вочы на перамяшчэньне баевікоў і ўзбраеньняў для ірацкіх паўстанцаў на сваёй усходняй мяжы.
На пачатку 2008 года прэзыдэнт ЗША Джордж Буш аб'явіў эканамічныя санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў Сырыі і іх дзелавых партнэраў.
Вашынгтон абвінаваціў Сырыю ў тым, што яна нібыта імкнецца падарваць дэмакратыю ў суседнім Лібане.
У 2004 годзе Вашынгтон увёў эканамічныя санкцыі супраць Дамаску ў зьвязку з падтрымкай Сырыі груповак "Хэзбала" і ХАМАС. Некаторыя сірыйскія чыноўнікі былі занесены ў "чорны сьпіс".
У 2005 годзе Сырыя вывела свае войскі зь Лібану, аднак ЗША вінавацілі Дамаск ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы суседняй краіны.