Угодкі Караткевіча: афіцыйна і неафіцыйна

Уладзімер Караткевіч

Угодкі славутага пісьменьніка, які нарадзіўся 26 лістапада 1930 году, адзначаюцца сёньня ў Віцебску і на малой радзіме Караткевіча — у Воршы. Аблвыканкам ладзіць з гэтае нагоды афіцыйныя імпрэзы, а грамадзкасьць і творчая інтэлігенцыя адзначаюць падзею нефармальна.

З ініцыятывы Давіда Сімановіча, аднаго са старэйшых паэтаў Віцебску, у дзіцячай бібліятэцы імя Караткевіча адбылася сустрэча мясцовых літаратараў са старшаклясьнікамі сярэдняй школы № 11. Гэтая імпрэза была прысьвечаная 50-годзьдзю выданьня першай кніжкі Ўладзімера Караткевіча “Матчына душа”.

Давід Сімановіч быў асабіста знаёмы з Караткевічам, сустракаўся і перапісваўся зь ім, пра што й распавёў сёньня школьнікам. Свой выступ ён распачаў уласным вершам:


Калі краіна ушаноўвае
Сваіх вялікіх песьняроў,
Яна і праўду умацоўвае,
Яна і памяць уратоўвае,
І справядлівасьць — для вякоў!


Выступае Давід Сімановіч

Словы гэтыя пра памяць, пра справядлівасьць, на мой погляд, дужа дарэчы згадваюцца сёньня ў гэтым месцы. У маім жыцьці шмат падзеяў зьвязана з Уладзімерам Караткевічам, у маёй кнізе “Витебский вокзал, или вечерние прогулки через годы“ ёсьць і той ліст, які Ўладзімер Караткевіч, тады яшчэ аршанскі настаўнік расейскай мовы і літаратуры, даслаў мне, настаўніку расейскай мовы і літаратуры, у Крынкі”, — распавёў Давід Сімановіч.

На сустрэчу з моладзьдзю ён запрасіў і сваіх сяброў, прадстаўнікоў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — старшыню віцебскай філіі, празаіка Франца Сіўко і паэта-перакладчыка Ўладзімера Папковіча.

Тым часам праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі таксама ўшанаваў памяць пісьменьніка-земляка. Зранку да помніка Караткевічу сябры гэтай пісьменьніцкай суполкі ўсклалі кветкі, а потым у літаратурным музэі адбылося ўручэньне прэміі імя Караткевіча. Гэтая прэмія была заснавана ў 1999 годзе супольна віцебскім аблвыканкамам і тады яшчэ адзінай пісьменьніцкай арганізацыяй.

З 2004 году ўручэньне прэміі было прыпынена, і сёлета ёю ўганароўвалі ўпершыню пасьля 4-гадовага перапынку. Афіцыйна прычынаў ніхто не тлумачыць. Аднак старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко мяркуе, што сваю ролю адыграла ўтварэньне прадзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі: сябраў так званага “апазыцыйнага” СБП, якія падалі на конкурс свае творы, чыноўнікі з аблвыканкаму вырашылі не ўганароўваць.

Франц Сіўко
“Як толькі ўтварыўся другі саюз, прэмія была закрыта. Хаця ў той год былі прадстаўлены такія намінанты, як Лера Сом, Ірына Жарнасек… Але яны не падыходзілі, бо заставаліся ў нашым пісьменьніцкім саюзе, і тады было заяўлена, што проста няма годных твораў”, — кажа Франц Сіўко.

Сёлета дыплёмы ляўрэатаў і прэміі імя Караткевіча памерам 30 базавых велічынь, або 1 мільён 50 тысяч рублёў, атрымалі Фёдар Палачанін з Докшыцаў, Генадзь Пацыенка зь Лёзна, Барыс Беляжэнка зь Віцебску і Надзея Салодкая з Полацку. Усе чацьвёра — сябры праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Мясцовыя сябры СПБ разам з аддзелам культуры гарвыканкаму ўсклалі сёньня кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу ў Воршы. Тамсама прайшла яшчэ адна афіцыйная імпрэза — літаратурныя чытаньні пад назвай “І не зьнікаць паэтам вечна”. А напярэдадні ў гарадзкім мэмарыяльным музэі Караткевіча прайшла неафіцыйная сустрэча моладзі пад назвай “Плынь разьняволеных пачуцьцяў”. Такія сустрэчы ладзяцца ўжо ня першы год, прычым без аніякага ўдзелу чыноўнікаў ад культуры — выключна з уласнае ініцыятывы.