Былы старшыня Клімавіцкага суду Ігар Цішкін, які папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы, распавядае, як беларускія суды залежаць ад уладаў.
Былы старшыня Клімавіцкага раённага суду Ігар Цішкін нядаўна папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Свой учынак ён патлумачыў ціскам з боку беларускіх ўладаў. Ён кажа, што спрабаваў супрацьстаяць мясцовым карупцыянэрам, якія займаліся кантрабандай сьпірту.
Ігар Цішкін працаваў старшынём Клімавіцкага раённага суду ў 2000—2007 гадах. Ад гэтай пасады яго вызваліў А.Лукашэнка 1 чэрвеня 2007 году нібыта за парушэньні закону. Яшчэ да зьяўленьня ўказу Ігар Цішкін пасьпеў зьехаць зь Беларусі ў Расею разам зь сям’ёй.
Знаткевіч: Спадар Цішкін, што вас прымусіла прасіць прытулку ў Польшчы?
Цішкін: Я паехаў зь Беларусі ў сакавіку 2007 году, спачатку быў у Расеі. Працаваў там і ні ад каго не хаваўся, але калі я даведаўся, што ў маёй кватэры ў Клімавічах, дзе я раней жыў, праведзены ператрус і на яе накладзены арышт, то я зразумеў, што ў адносінах да мяне заведзеная крымінальная справа. Хаця я не ведаў, па якой прычыне гэта зроблена. Фабулу крымінальнай справы і тое, паводле якога артыкулу мяне абвінавацілі, я даведаўся толькі тут, калі ўжо знаходзіўся ў Польшчы, у польскім судзе.
Доўгі час, працуючы старшынём суду, я спрабаваў супрацьстаяць тым падзеям, якія адбываліся ў раёне. Калі я толькі прыступіў да выкананьня абавязкаў судзьдзі, старшыня райвыканкама Канавалаў запатрабаваў ухваліць незаконнае рашэньне, на што я даў нэгатыўны адказ. З гэтага часу і пачаліся мае беды.
Наш раён вялікі і мяжуе з Расеяй, праз раён вывозіцца лом чорнага і каляровых мэталяў, а таксама ідзе кантрабанда сьпірту. На сваёй пасадзе я спрабаваў гэтаму супрацьстаяць. Асабіста я канфіскоўваў і транспарт з мэталям і даваў максымальныя штрафы. Гэтак жа было і са сьпіртам. Я ведаў пра кропкі, адкуль вывозяць сьпірт, паведамляў аб гэтым начальніку міліцыі, але той ніякіх захадаў не рабіў.
Знаткевіч: Вы сказалі, што спадар Канавалаў загадаў вам ухваліць незаконнае рашэньне. Можаце паведаміць, што канкрэтна ад вас запатрабавалі?
Цішкін: У 2001 годзе ён запатрабаваў ад мяне прыняць рашэньне аб звальненьні грамадзяніна Міхаіла Шарыгіна, які ў той час працаваў на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе. Я яму адказаў, што гэта незаконна. Пракурор унёс у суд прадстаўленьне аб ягоным звальненьні, але я заявіў, што прымаць такое рашэньне ня буду. На гэта мне адказалі: "Не прымеш такое рашэньне, дык сам будзеш звольнены". Пра нашую вайну з Канавалавым пазьней ведала ўся вобласьць. Ён пісаў на мяне дакладныя ажно да Вярхоўнага суду.
Знаткевіч: У чым вас канкрэтна абвінавацілі?
Цішкін: Мяне абвінавацілі ў карупцыі, што я атрымаў ад кагосьці хабар па справе, якую я нават не разглядаў. Справу разглядаў іншы судзьдзя, я ведаю, што ён кансультаваўся з абласным судом па гэтым пытаньні, а калі ён прыйшоў да мяне, я яму адказаў, што калі прасіў цябе пракурор даць пазбаўленьне волі, дык тое і давай. Тая ж жанчына, якая мяне абвінаваціла ў атрыманьні хабару, яна прыйшла да мяне і суд і пачала крычаць, што мяне пасадзіць. Яна працавала ў Клімавіцкім ваенкамаце ў сакрэтнай частцы. Такія людзі супрацоўнічаюць з органамі бясьпекі. Ад яе дзеяньняў, як я пазьней даведаўся, пацярпеў не адзін чалавек.
Усё гэта значыць, што камусьці я пачаў вельмі моцна перашкаджаць, і калі мяне павінны былі ў адміністрацыі прэзыдэнта прызначыць на новы тэрмін, былі прадпрынятыя гэтыя дзеяньні. Тады я напісаў заяву на звальненьне...
"Да справы "Вольнага гораду" я дачыненьня ня меў"
Знаткевіч: Газэта “Вольны горад” з Крычава ў сёньняшнім нумары надрукавала вялікі матэрыял пра вашую справу. Галоўны рэдактар газэты Сяргей Няроўны патлумачыў нашаму радыё, што па-першае “Вольны горад” распаўсюджваецца і ў Клімавіцкім раёне, а па-другое, вы нібыта мелі ўскоснае дачыненьне і да газэты:
“Не сам ён асабіста, але, калі ён быў старшынём суду, нам прысудзілі штраф у памеры 20 базавых велічыняў. І мы выказваем сваё стаўленьне да гэтага. А таксама друкуем тое, што перадаў у гэтай справе тэлеканал “Белсат”. Друкуем біяграфію Цішкіна, знайшлі ў архівах ягоны здымак. Галоўная выснова такая: мы лічым, што спадар Цішкін насамрэч не змагаўся з беларускім рэжымам. Ён проста скарыстаўся тым, што ў Польшчы незалежны суд. Калі б ён падаўся ў Расею, яго б выдалі беларускім праваахоўным органам. Але ён падаўся на Захад”.
Цішкін: Спадар Няроўны, калі гэтая справа разглядалася, атрымаў 20 базавых велічынь – гэта самы мінімальны штраф, які ён атрымаў. Абвінавачваньне было ў тым, што яны ўвозілі звыш нормы наклад газэты. Мне патэлефанавалі з праваахоўных органаў і папрасілі больш ляяльна аднесьціся да спадара Няроўнага і газэты. Узьнікае пытаньне, ці не было гэта нейкай правакацыяй з боку органаў дзяржбясьпекі ў адносінах да мяне. Ніякіх адносінаў да Няроўнага я зусім не маю. Калі б ён крыху ведаў гісторыю Клімавічаў і чуў, што я казаў у публічных зваротах супраць многіх прадпрыемстваў і уладаў, то ён іначай меркаваў бы.
Знаткевіч: Давайце паслухаем яшчэ адно выказваньне Сяргея Няроўнага, і вы выкажаце яшчэ сваю рэакцыю...
“Была размова менавіта зь Цішкіным. Пакуль судзьдзя пайшла для напісаньня прысуду і яе дзьве гадзіны не было, Цішкін размаўляў са мной, спадарамі Гердзем і Васільчанкам — нас утрох судзілі. Ён казаў, што трэба жыць паводле закону, не парушаць, і будзе ўсё добра. Мы спыталіся, чаму ж так доўга няма судзьдзі? Яна куды тэлефануе, ці што? Сама ня можа вырашыць? Але на гэта ён патасна заявіў, што не, паводле закону ў нас судзьдзі цалкам самастойныя і прымаюць рашэньні толькі самі”.
Ці сапраўды там нехта тэлефанаваў, калі адбываўся суд у справе газэты? Ці чыніўся ціск на судзьдзю ў гэтай справе?
Цішкін: Я не ведаю наконт судзьдзі Гурыновіч, я ніякіх адносінаў да гэтай справы ня меў. Можа, я і бачыў спадара Няроўнага і іншых, але я ня памятаю, каб я размаўляў зь імі. У мяне няма такой звычкі заходзіць у залю судовых пасяджэньняў, калі іншы судзьдзя разглядае справу. Такога ніколі не было. Я разумею ягоную крыўду на суд, на тое, што яму далі штраф. Ён вёз на 10 ці 20 экзэмпляраў газэты больш, каб паказаць, што ён таксама церпіць ад уладаў. Калі ён вазіў наклад газэты, як паложана, ніхто яго не чапаў. Ён у адкрытую іх раздаваў ў арганізацыях, нават у суд прыносілі гэтыя газэты...
"Старшыня выканкаму казаў: тых вызваліць, тых засудзіць"
Знаткевіч: А ці даводзілася вам судзіць паводле палітычнай замовы? Ці было такое, што вам тэлефанавалі з выканаўчай улады і, так бы мовіць, раілі наконт нейкага прысуду?
Цішкін: У адносінах да так званых апазыцыянэраў яны канешне патрабавалі, каб мы сурова іх каралі. Былі такія факты, былі тэлефанаваньні з РАУС, было такое, што абласны суд гаварыў, што рабіць, якія дзеяньні прадпрымаць, бывала, выклікаў мяне старшыня выканкаму і казаў: тых вызваліць, тых засудзіць. Бывала, выклікаў мяне старшыня выканкаму і казаў: тых вызваліць, тых засудзіць.
Бывала, выклікаў мяне старшыня выканкаму і казаў: тых вызваліць, тых засудзіць
Знаткевіч: І вы выконвалі гэтыя рэкамэндацыі?
Цішкін: Не, я стараўся не прыслухоўвацца да таго, што гаварылі, разглядаў у адпаведнасьці з законам. Даходзіла да таго, што мы давалі справаздачы па гэтых справах, колькі давалі штрафаў, колькім пазбавілі свабоды. Гэтыя справаздачы дагэтуль напэўна пішуць. Усё гэта абмяркоўвалася на нарадах. Абласны суд прыязджаў і "накачваў" нас.
Знаткевіч: То бок вы ўсе рашэньні прымалі толькі паводле закону і ніколі – паводле ціску зьверху?
Цішкін: Асабіста я стараўся прымаць рашэньні толькі паводле закону, гэтага ж патрабаваў і ад сваіх судзьдзяў. Ніколі ня ўмешваўся ў іх працу. Параіць я мог, бо ўжо меў юрыдычны стаж 15 гадоў,– але толькі ў кваліфікацыі дзеяньняў.
"Стараўся не паддацца ціску і працаваць адпаведна закону"
Знаткевіч: Наколькі справядлівая беларуская судовая сыстэма ў дачыненьні не да апанэнтаў улады, а да, так бы мовіць, звычайнага чалавека?
Цішкін: Маючы вялікі досьвед працы ў судовай сыстэме, магу сказаць, што пасьля 2000 году судовая сыстэма Беларусі стала абсалютна залежнай ад усіх. Калі б я мог давесьці сваю невінаватасьць у беларускім судзе, я б напэўна, не паехаў у Польшчу.
Знаткевіч: А чаму вы кажаце, што з 2000-га году ўсё радыкальна зьмянілася?
Цішкін: Кардынальна памянялася стаўленьне да суду як з боку Аляксандра Лукашэнкі, гэтак і з боку ўсёй улады. Тады была нарада па прыняцьці новага Крымінальнага кодэксу. Усіх старшыняў судоў сабралі на нараду ў Менску, дзе Аляксандар Лукашэнка сказаў: "Незалежных судзьдзяў не бывае. Судзьдзя незалежны толькі ў той момант, калі зайшоў у дарадчы пакой, і толькі на некалькі хвілін". І ён запатрабаваў ад старшыняў судоў выносіць абвінаваўчыя прысуды незалежна ад таго, ці ёсьць віна, калі нават ёсьць найменшыя доказы,– асуджаць... Раней судзьдзі, і я ў тым ліку, выносілі апраўдаўчыя выракі, але пасьля гэтага моманту я не памятаю, каб былі апраўданьні. Калі мне па адной справе можна было вынесьці апраўданьне, бо бачна было, што справа сфальсыфікаваная, была яўная "падстава", мне сказалі, што калі я не вынесу абвінаваўчы вырак, то апынуся на іх месцы. Гэта сказаў мне па тэлефоне мой занальны судзьдзя. Не хачу называць ягонае прозьвішча, ён да гэтага часу працуе.
Лукашэнка сказаў: "Незалежных судзьдзяў не бывае"
Знаткевіч: 7 гадоў вы працавалі ў такіх умовах, і хочаце сказаць, што ні разу не паддаліся такому ціску і дзейнічалі выключна паводле закону?
Цішкін: Стараўся. Прынамсі стараўся не паддацца ціску і працаваць адпаведна закону.
Знаткевіч: А можаце назваць канкрэтныя прыклады, калі давялося саступіць гэтаму ціску, іначай бы вас звольнілі?
Цішкін: Зараз не памятаю. Прайшло ўжо два гады. Шчыра кажучы, я хачу жыць спакойна і выхоўваць сваіх дзяцей. Тыя ўмовы, калі я працаваў і не ведаў, што са мною будзе, і не ведаў, ці я вярнуся з працы, я не хацеў бы проста згадваць. Не магу зараз успомніць... Былі выпадкі, калі канкрэтна мне казалі, што рабіць, але цяпер калі я абвінавачу людзей у зьдзяйсьненьні злачынстваў, то і сам стану злачынцам. Бо ёсьць артыкул у кодэксе: "Прыняцьце заведама неправасуднага рашэньня". На самой справе я не магу сказаць...