Каля 800 прадпрымальнікаў Рэчыцы рыхтуюцца правесьці 10 сьнежня аднадзённы папераджальны страйк.
Гаворыць адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху ў рэгіёне Алег Шабетнік:
“10 сьнежня — аднадзённы страйк. Прадпрымальнікі цяпер ужо не купляюць тавар. У сьнежні будуць распрадаваць рэшткі тавараў. Людзі ў роспачы — ня ведаюць, як жыць далей. Зь першага студзеня яны адназначна ня змогуць працаваць. Іншых навінаў для іх пакуль няма”.
Страйкавы настрой у асяродку прадпрымальнікаў выкліканы ўводам у дзеяньне з новага году палажэньня ўказу № 760, паводле якога касуецца фіксаваная стаўка падатку на дададзеную вартасьць на ўвоз тавараў у Беларусь. У прыватнасьці, з той жа Расеі, дзе беларускія гандляры звычайна робяць аптовыя закупкі.
Прадпрымальнікаў прымушаюць плаціць падатак з кожнага найменьня прамысловага вырабу. Пошукі дакумэнтаў і новае падаткаабкладаньне робяць немагчымай нармальную працу дробных гандляроў на беларускіх рынках.