Да 1 сьнежня Гарадзенскі аблвыканкам мае прыняць новае рашэньне “Аб устанаўленьні межаў пагранічнай зоны і пагранічнай паласы на тэрыторыі вобласьці”.
Папярэдняе прымалася ў 1994 годзе, ім была афіцыйна усталяваная рэжымная зона на мяжы зь Літвой, уздоўж польскай мяжы такая зона яна існавала з савецкага часу бязь зьменаў. Сёньня прапануецца некаторыя населеныя пункты ў памежжы зь дзьвюма названымі краінамі выключыць з зоны, але адначасова іншыя будуць уключаны ў яе ўпершыню.
Восем раёнаў Гарадзеншчыны мяжуюць з Польшчай і Літвой, і ў пяці зь іх мяркуецца ўключыць у памежную зону новыя вёскі. Хаця чыноўнікі не адмаўляюць, што ў прынцыпе існуе імкненьне зьмяншаць яе. Напрыклад, будзе адкрыты свабодны доступ на станцыю Парэчча на поўначы Гарадзенскага раёну, дзе функцыянуе вядомая санаторыя.
“Сытуацыя такая: рашэньне ўжо гатова, адпраўлена на ўзгадненьне ў раённыя выканаўчыя камітэты, хто завязаны на мяжу, у Дзяржкамітэт памежных войскаў. І як будзе атрымана ўзгадненьне, будзем яго прапаноўваць на зацьверджаньне. Мы нават праводзілі паседжаньне камісіі па памежнай палітыцы, там разглядалі гэтую ўсю справу”, – сказаў нашаму радыё начальнік аддзелу кантролю і рэжымна-сакрэтнай дзейнасьці Гарадзенскага аблвыканкаму Алег Недзялюк.
Калі рашэньне будзе падпісанае, яго накіруюць у Мін’юст на экспэртызу, паведаміў спадар Недзелюк:
“Чаму пайшла размова аб новым рашэньні? Па-першае, сама зона цяпер зьменшылася… Раней траплялася: населены пункт у самой зоне знаходзіцца, а яго самога ў рашэньні няма, былі такія спрэчныя пытаньні. Памежнікі затрымалі чалавека, а ён кажа, што ён ня ў зоне, а яны, што ў зоне”.
А як глядзяць на памежную зону самі гарадзенцы? Ці патрэбная яна ўвогуле ў такім выглядзе, як за савецкім часам? Меркаваньне жыхара Горадні прафэсара Алеся Краўцэвіча:
“Рэч у тым, што я сутыкаўся з ахоўным рэжымам пагранічнай зоны недалёка Горадні і маё ўражаньне такое, што гэта савецкі рудымэнт у такім выглядзе, у якім яна сёньня функцыянуе. Гэта рудымэнт Савецкага Саюзу, жалезнай заслоны, калі савецкія грамадзяне не павінны былі выяжджаць у вольны сьвет. Я думаю, што нашая ўлада з радасьцю нас ізноў тармазнула б, каб мы апынуліся за жалезнай заслонай, але часы зьмяняюцца”.
Прафэсар Краўцэвіч працягвае:
“Калі так ужо хочацца зону пагранічную мець, то хай бы хапіла пашпарта з прапіскай ці рэгістрацыяй: я мясцовы чалавек, я гарадзенскі жыхар. І калі ад майго дому за паўтара кілямэтра знаходзіцца возера, якое на пяцьсот мэтраў знаходзіцца ўнутры гэтай зоны, і я ў сьпёку паехаў зь дзецьмі пакупацца, і памежнікі злавілі і хацелі арыштаваць, але ўрэшце адпусьцілі, сапсаваўшы ўвесь нядзельны настрой, дык гэта ненармальна. Ад каго гэтая зона? Ад капіталістычнага сьвету? Ад “імпэрыялізму” польскага? Ад каго? Гэта ідыятызм, рудымэнт СССР”.