Напярэдадні 78-х угодкаў пісьменьніка-земляка моладзь з аб’яднаньня “Гісторыка” ініцыявала сустрэчу інтэлігенцыі гораду і прагляд кінафільму “Сівая легенда”.
Ля помніка Караткевічу ў парку каля плошчы Леніна а 7-й вечара 25 лістапада сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Шмат хто прыйшоў з кветкамі, каб ускласьці іх да помніка на знак пашаны.
Перад прысутнымі выступілі загадчыца літаратурнай часткі Акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа Сьвятлана Дашкевіч, актор тэатру Пятро Ламан, старшыня абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко, віцебскі паэт Давід Сімановіч, які быў асабіста знаёмы з Караткевічам і перапісваўся зь ім.
Паводле спадара Сімановіча, традыцыя зьбірацца каля помніка Ўладзімеру Караткевічу на ягоныя ўгодкі была запачаткавана больш за 10 год таму. Найчасьцей зьбіраліся якраз у дзень ягоных народзінаў (Уладзімер Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 году ў Воршы). Аднак сёлета сустрэчу вырашылі правесьці раней, прымеркаваўшы да яе прагляд кінафільму “Сівая легенда” ў кінатэатры “Мір” і сустрэчу з Арцёмам Бародзічам, выканаўцам галоўнай ролі Гервасія Вылівахі.
Заўтра, 26 лістапада, у бібліятэцы імя Караткевіча паэт Давід Сімановіч будзе ладзіць імпрэзу да 50-годзьдзя выданьня першай кніжкі Караткевіча “Матчына душа”. Таксама заўтра ў Віцебску пройдуць афіцыйныя мерапрыемствы, арганізаваныя ўладамі гораду: зранку да помніка Караткевічу прадстаўнікі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ўскладуць кветкі, а потым у літаратурным музэі адбудзецца ўручэньне прэміі імя Караткевіча, заснаванай калісьці супольна аблвыканкамам і тады яшчэ адзінай пісьменьніцкай арганізацыяй. З тае пары, як творчых саюзаў стала два, ляўрэатамі прэміі станавіліся выключна сябры афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
Ускладаньне кветак да помніка Караткевічу пройдзе заўтра і ў Воршы. Гарадзкі аддзел культуры мае таксама правесьці каля помніка літаратурныя чытаньні пад назовам “І не зьнікаць паэтам вечна…”