Газэта разьлічвае зьявіцца ў канцы лістапада накладам 2,5 тысячы ў шапіках Менску.
Беларускія ўлады дазволілі недзяржаўным газэтам “Народная воля” і ”Наша Ніва” прадавацца праз шапікі “Белсаюздруку” і дастаўляцца падпісчыкам празь Белпошту. Калі рэальна гэтыя выданьні зьявяцца ў шапіках і патрапяць да падпісчыкаў?
Падыходзіць мая чарга да шапіка “Белсаюздруку” на праспэкце Незалежнасьці каля парку Чалюскінцаў. Пытаюся ў прадавачкі:
Карэспандэнт: “Ці ўжо трапілі ў продаж „Народная воля“ і „Наша Ніва“?”
Прадавачка: “Нічога яшчэ няма. Сама з „Камсамолкі“ сёньня даведалася, што іх вяртаюць”.
Карэспандэнт: “А пакупнікі яшчэ пытаюцца пра гэтыя газэты, памятаюць пра іх?”
Прадавачка: “Ніхто ўжо не пытаецца”.
Болей за тры гады таму “Народная воля” і “Наша ніва” зьніклі з шапікаў “Белсаюздруку” ды з каталёгу падпісных выданьняў “Белпошты”. Пытаюся ў пакупнікоў газэт каля кіёску, ці забыліся яны пра такія газэты?
Жанчына сталага веку: “Памятаю пра „Нашу Ніву“. Больш за тое, у мяне ўся падшыўка гэтай газэты, да сёньняшняга дня. Наконт вяртаньня газэт — вядома, вітаю. Усе газэты цікавыя, бо павінна быць самая разнастайная інфармацыя”.
Мужчына сярэдняга веку: “Памятаю, што была гэткая „Народная воля“, але сам яе ніколі не купляў, не цікаўлюся”.
Чыноўнікі “Белсаюздруку”, якія разарвалі дамову з “Народнай воляй”, казалі, што нібыта ім нявыгадна яе прадаваць. Між тым у рэдакцыі заяўлялі пра самы нізкі працэнт вяртаньня непрададзеных асобнікаў з шапікаў. На дадатак, газэту выключылі і з каталёгу Белпошты; тады ў кватэры былых падпісчыкаў яна стала даходзіць як звычайная карэспандэнцыя. Пасьля “Народную волю” адмовіліся друкаваць беларускія друкарні. Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч кажа, што фактычнае выгнаньне стала прычынай іншых тэхнічных праблем, якія зараз паўсталі на шляху вяртаньня ў шапікі і да падпісчыкаў:
“Вось толькі зараз стала вядома, што нельга пусьціць газэту ў кіёскі без штрых-коду. А мы ж тры гады друкаваліся ў Смаленску, і пра гэта ніхто не казаў. Вось зараз спрабуем вырашыць праблему — атрымаць штрых-код праз Францыю. А ўсе астатнія праблемы вырашаюцца — падпісваем дамовы, усё як трэба. Толькі гэтых дамоваў — дзясяткі”.
“Народная воля” разьлічвае зьявіцца ў канцы лістапада накладам 2,5 тысячы ў шапіках Менску, а на пачатку сьнежня — і па ўсёй краіне. Журналісты кажуць, што нумар будзе сэнсацыйны.
У “Нашай нівы”, якая друкавалася ў Беларусі, штрых-код ёсьць. Рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Скурко паведаміў, што з рознымі структурамі “Белпошты” падпісаныя дамовы аб падпісцы на тыднёвік ужо са сьнежня. Вырашаецца і праблема продажу газэты ў шапіках “Белсаюздруку”, кажа рэдактар:
“Мы спадзяемся, што той нумар, які выходзіць 3—4 сьнежня, трапіць ужо ў шапікі. Спадзяюся, што ўдасца забясьпечыць сюрпрыз усім чытачам, хто набудзе гэты нумар у шапіку”.