Учора ў Вэнэсуэле прайшлі мясцовыя выбары, у якіх прапрэзыдэнцкія кандыдаты выйгралі ў пераважнай большасьці штатаў і гарадоў. Але апазыцыя не наракае, што яе кандыдаты выйгралі толькі ў трох штатах — агулам у іх жыве амаль траціна з 26 мільёнаў жыхараў краіны.
Выбары 23 лістапада, паводле аналітыкаў, былі важным тэстам папулярнасьці для прэзыдэнта Уга Чавэса. У сьнежні мінулага году Чавэс прайграў рэфэрэндум, які меў зьняць канстытуцыйнае абмежаваньне на знаходжаньне на прэзыдэнцкай пасадзе. Паводле цяперашняй Канстытуцыі, у Вэнэсуэле адзін чалавек можа быць прэзыдэнтам не болей за два шасьцігадовыя тэрміны. Другі тэрмін Чавэса сканчаецца ў 2012 годзе.
Апазыцыя выйграла губэрнатарскія выбары ў трох шматлюдных штатах ды пасаду мэра ў сталіцы Каракасе і будзе мець кантроль над тэрыторыяй, дзе пражывае больш за 8 мільёнаў вэнэсуэлцаў
Чавэс, які скарыстаў вялізныя даходы з экспарту вэнэсуэлскай нафты і палітыку нацыяналізацыі дзеля прасоўваньня свае папулісцкае праграмы „сацыялізму 21-га стагодзьдзя”, выказаў задавальненьне пасьля выбараў:
„Рэвалюцыйнае полымя сёньня памацнела. Гэта вялікая перамога для партыі... Шлях пабудовы сацыялізму атрымаў падтрымку”.
Апазыцыйны кандыдат Антоніё Ледэзма, які быў выбраны мэрам Каракасу, сказаў пасьля выбараў, што хоча супрацоўнічаць з прэзыдэнтам, каб выцягнуць сталіцу з „хаосу і галечы”:
цягам некалькіх месяцаў з 120 да 40 даляраў за барэль упала цана на вэнэсуэлскую нафту, якая дагэтуль падтрымоўвала чавэсаўскі сацыялізм
Палітыка Чавэса наогул папулярная сярод бяднейшых слаёў насельніцтва. Але вэнэсуэлцы штораз больш незадаволеныя тым, што ў краіне ўзрастае злачыннасьць, карупцыя і інфляцыя. Да таго цягам некалькіх апошніх месяцаў з 120 да 40 даляраў за барэль упала цана на вэнэсуэлскую нафту, якая дагэтуль падтрымоўвала чавэсаўскі сацыялізм. Два дні перад выбарамі вэнэсуэлскія студэнты выйшлі на магутную антыпрэзыдэнцкую дэманстрацыю
Пакуль яшчэ не зразумела, ці пасьля гэтых наогул пасьпяховых для сябе выбараў Чавэс наважыцца зарганізаваць чарговы рэфэрэндум, які дазволіў бы яму кіраваць краінай пажыцьцёва.
У адрозьненьне ад свайго эўрапейскага калегі і прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі, якому практычна любы вынік на рэфэрэндуме можа запэўніць надзейная каманда спадарыні Лідзіі Ярмошынай, Уга Чавэс дазваляе сабе рызыку пагуляць зь лёсам, гэта значыць, дае сумленна палічыць вынікі галасаваньня.